Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: у Адвэнт Марыя Беззаганная вучыць нас прыслухоўвацца да голасу Бога
Слова Папы
08.12.2012 20:49

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, папа Бэнэдыкт XVI здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай, якая знаходзіцца на Іспанскай плошчы ў Рыме. Звяртаючыся да прысутных, сярод якіх былі прадстаўнікі мясцовых уладаў, касцёльных супольнасцяў, гарадскіх прадпрыемстваў, Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць запрашае «спыніцца, супакоіцца, паслухаць цішыню, у якой Пан скіроўвае свой голас асцярожна».

Па словах Пантыфіка, побач з Марыяй кожны мімаволі задумваецца, «чаму вырашальны момант для будучыні чалавецтва, калі Бог стаў чалавекам, акружаны вялікай цішынёй». Як дадаў Папа, тое, што часта застаецца незаўважаным, з’яўляецца сапраўды вялікім. Голас Бога нельга пачуць сярод шуму і агітацыі, ён не ўспрымаецца праз тое, што знаходзіцца на паверхні; каб пачуць Бога, трэба сягнуць значна глыбей, туды, дзе кіруюць «сілы не эканамічныя ці палітычныя, але маральныя і духоўныя».

Святы Айцец нагадаў, што свет уратуюць не навука, тэхналогіі або ідэалогіі, але Божая ласка. Божая любоў, па словах Папы, мацнешая за зло, і менавіта яна «можа запоўніць прабелы», выкліканыя чалавечым эгаізмам. А Панна Марыя сведчыць, што, наколькі б чалавек нізка не апусціўся, гэта ніколі не бывае занадта нізка для Бога, каб выцягнуць яго адтуль.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на радасць вызвалення ад граху, пра якую кажа Беззаганная Панна Марыя. Хрысціянства, нагадаў Папа, з’яўляецца Добрай Навіной, у той час як некаторыя думаюць, што яно — перашкода для радасці, бо «бачаць у ім спіс забаронаў і правілаў». На самой жа справе «хрысціянства з’яўляецца абвяшчэннем перамогі ласкі над грахом, жыцця над смерцю».

«У гэты час Адвэнту Марыя Беззаганная вучыць нас прыслухоўвацца да голасу Бога, які прамаўляе ў цішыні, каб атрымаць Яго ласку, што вызваляе нас ад граху і эгаізму, каб атрымаць асалоду ад сапраўднай радасці», — адзначыў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме