Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродзенскай дыяцэзіі — чацвёра новых слугаў алтара
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.12.2012 23:40

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксавэрыя біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў святарскае пасвячэнне дыякану Паўлу Аляcкевічу з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай у Гродне і дыяканскае пасвячэнне — Паўлу Эйсманту з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, Юрыю Ясевічу з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях і Яну Кузюку з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы.

Урачыстасць сабрала шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў, блізкіх і знаёмых новапрэзбітэра і дыяканаў.

Па традыцыі біскуп Гродзенскі ўдзяляе ў гэты дзень святарскае і дыяканскае пасвячэнне навучэнцам семінарыі ў Гродне. Праз гэтае пасвячэнне кандыдаты складаюць абавязак вернага і сумленнага служэння, захавання чыстасці, еднасці са сваім іерархам і прэзбітэратам, служачы Хрысту ў Яго святым Касцёле.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што кожная форма хрысціянскага жыцця патрабуе штодзённага нясення свайго крыжа — як у святарстве, так і ў сужэнстве, у манаскім або самотным жыцці. Без Хрыстовага крыжа, як дадаў біскуп, у жыцці валадараць эгаізм, пыха і самавольства.

Звяртаючыся да будучых святара і дыяканаў, іерарх заахвоціў іх углядацца ў Беззаганна Зачатую Марыю, «прагнучы заўсёды выконваць волю Бога ў сваім штодзённым служэнні, даючы людзям надзею і радасць сэрца». Біскуп падкрэсліў, што Бог даручае гэтым маладым людзям «асаблівае заданне, цяжкае і адказнае».

Біскуп Кашкевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што сведчанне святара будзе верагодным, а ён — здольным весці людзей да Хрыста толькі тады, калі сам будзе «паглыбляць сваю веру і сувязь любові з Езусам Хрыстом, адзіным і вечным Святаром».

Словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамог прыйсці да Хрыстовага алтара і падтрымліваў малітвай, выказаў новапрэзбітэр Павел Аляскевіч, адзначыўшы, што «Бог ставіць перад намі прыклад Панны Марыі, якую мы прагнем усім сэрцам наследаваць, прагнем быць вернымі не толькі ў момант нашага пасвячэння, але і тады, калі нас напаткае Кальварыя, як гэта было ў выпадку Маці Божай».

Праз моц пасвячэння і святар, і дыякан пакліканы абвяшчаць Божае слова і цэлебраваць святыя сакрамэнты. Акрамя таго, яны павінны даваць сведчанне веры, весці даручаны ім люд да Хрыста, дапамагаць адкрыць скарб веры ўсім, каго Пан паставіў на іх шляху. Асаблівай апекай яны павінны атачаць людзей, якія страцілі веру, і далёкіх ад Хрыста і Касцёла.

Сённяшняму свету, сучаснай моладзі, якая жыве ў час развіцця тэхналогій, навукі, інтэрнэту, сапраўды неабходны святары, адкрытыя на Божую ласку. Няхай жа новыя слугі алтара Касцёла ў Гродзенскай дыяцэзіі будуць заўсёды адкрытымі на дзеянне Духа Святога і супрацоўнічаюць з ласкай Пана!

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме