Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас адкрыцця канферэнцыі «Занятасць і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. Погляд у будучыню»

12 лютага 2013 г., Мінск

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!

1. Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас — арганізатараў гэтага вельмі актуальнага форуму і яго ўдзельнікаў.

Праблема сацыялізацыі і рэсацыялізацыі, а таксама занятасці інвалідаў становіцца ўсё больш актуальнай у сучасным свеце. Трэба памятаць, што інвалід — гэта таксама чалавек, такі ж, як кожны іншы, і ён мае свае правы, імкненні і абавязкі, ён хоча жыць падобна таму, як жывуць іншыя людзі, хоча адчуваць сябе патрэбным і хоча прымаць удзел у будаванні грамадства паводле сваіх магчымасцяў. Прынятая 13 снежня 2006 г. Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Канвенцыя аб правах інвалідаў устанаўлівае агульныя прынцыпы адносна іх. Імі з’яўляюцца (пар. Арт. 3: http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/disability.shtml):

  • павага да чалавечай годнасці, яго асабістай самастойнасці, уключаючы свабоду чыніць свой уласны выбар, і незалежнасці;
  • адсутнасць дыскрымінацыі;
  • поўнае і эфектыўнае ўключэнне ў грамадства;
  • павага да адметнасцяў інвалідаў і іх прыняцце ў якасці кампанента чалавечай разнастайнасці і часткі чалавецтва;
  • роўнасць магчымасцяў;
  • даступнасць;
  • роўнасць мужчын і жанчын;
  • павага да развіцця здольнасцяў дзяцей-інвалідаў і павага да іх права захоўваць сваю індывідуальнасць.


Тая ж самая Канвенцыя прызнае права інвалідаў на працу нароўні з іншымі (пар. Арт. 27.1: http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/ conventions/ disability.shtml).

2. Многія з інвалідаў з’яўляюцца такімі ад нараджэння, іншыя імі сталі ў выніку хваробы, ваенных дзеянняў, тэрарыстычных актаў, катастрофаў, аварый і г.д. Але ўсе яны людзі, і таму іх неабходна агарнуць нашай апекай і ўвагай. Мы можам знайсці шмат прыкладаў гэтага.

Так, напрыклад, у цэнтры Парыжа знаходзіцца славутая Плошча інвалідаў. Гэтым самым французы выказваюць падзяку і пашану інвалідам, якія сталі такімі падчас ваенных дзеянняў ці з іншай прычыны. Ёсць такая плошчы ў Кракаве і іншых гарадах.

У мінулым годзе ў Лондане адбываліся ХХХ Юбілейныя Алімпійскія гульні, пасля якіх там жа былі праведзены Паралімпійскія гульні для інвалідаў. З якой воляй і імкненнем да перамогі яны выступалі! Гэтым самым яны пацвердзілі тое, што таксама прымаюць свой пасільны ўдзел у спорце.  

У многіх гарадах свету і таксама ў Беларусі мы ўсё часцей бачым спецыяльныя прылады для інвалідаў, каб ім было лягчэй зайсці ў дом, магазін, касцёл і г.д.

3. Слова «інвалід» паходзіць ад лацінскага «invalidus», што азначае «слабы, нядзейсны». З хрысціянскага пункту гледжання, ужо прыйшоў час адыйсці ад такога яго разумення і з «нядзейснага» ўчыніць «дзейснага» ў меру яго асабістых магчымасцяў і здольнасцяў.

Сусветны досвед паказвае, што інвалід таксама з’яўляецца дзейсным чалавекам і можа шмат зрабіць. Для гэтага ён найперш патрабуе спецыяльнай падтрымкі і дапамогі з мэтай мабілізацыі яго сілаў, патэнцыялу і магчымасцяў, каб ён быў у стане сам справіцца са сваімі праблемамі. Пры гэтым вельмі важным для яго з’яўляецца стварэнне магчымасці ўдзелу ў розных галінах сацыяльнага жыцця з прадстаўленнем роўных з іншымі правоў і захаваннем абавязкаў.

Для паспяховага ажыццяўлення гэтага працэсу неабходна ўдасканаленне адпаведнага заканадаўства, адукацыя, працаўладкаванне і стварэнне пазітыўнага іміджу інваліда ў грамадстве, якое павінна прымаць яго як свайго брата ці сястру.    

4. Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выконваючы сваю місію дапамогі патрабуючым, актыўна ўключаецца ў праграму арганізацыі занятасці інвалідаў. У нас ужо дзейнічае некалькі праектаў па гэтай праграме і мы маем некаторы досвед. Уладкоўваецца супрацоўніцтва з адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі, грамадскімі і іншымі рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой.

Гэта знак таго, што мы ўсе павінны несці адказнасць за інвалідаў, дапамагчы ім рэалізавацца і гэтым самым учыніць іх жыццё больш радасным і асэнсаваным.   

5. Усё гэта, аднак, толькі пачатак, і нам неабходна вучыцца і пераймаць досвед іншых. Патрэбны новы, адпаведны выклікам сучаснасці і новым магчымасцям погляд у будучыню. «Qui non progredit — regredit» («Хто не развіваецца, той адступае назад»), — кажа лацінская прыказка. Таму канферэнцыя, якая распачынаецца, павінна стаць тым добрым месцам, дзе можна будзе падзяліцца досведам працаўладкавання інвалідаў як у нашай краіне, так і за мяжой, і пераняць усё найлепшае.

Упэўнены, што прысутнасць на ёй супрацоўнікаў «Карытас», прадстаўнікоў адпаведных дзяржаўных арганізацый і спецыялістаў з Аўстрыі і Чэхіі, дзе вельмі добра развіта дабрачыннасць і паспяхова развіваецца вырашэнне праблемы занятасці інвалідаў, будзе садзейнічаць выпрацоўцы новай стратэгіі і планаў у гэтай галіне ў нашай краіне.

6.Святы апостал Павел кажа: «Caritas Сhristi urget nos» («Любоў Хрыста пабуджае нас») (2 Кар 5, 14). Гэтымі словамі ён падкрэслівае, што ў дапамозе патрабуючым мы павінны быць актыўнымі і нам не дазволена адкладваць справу на заўтра, яе трэба вырашаць сёння.

Заахвочаныя гэтымі словамі Апостала народаў, перад выклікам часу, якім з’яўляецца праблема занятасці інвалідаў, учынім усё магчымае, каб прадставіць ім новыя магчымасці працаўладкавання і гэтым самым дапамагчы адчуць патрэбнасць у грамадстве, якасна паправіць іх жыццё і даць ім новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Няхай ва ўсім гэтым нам благаславіць Бог.

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура:

1. http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/ disability.shtml.

Адноўлена 11.02.2013 11:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску