Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная працаўладкаванню людзей з інваліднасцю
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.02.2013 01:58

12 лютага ў Мінску праходзіла канферэнцыя «Занятасць і працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. Погляд у будучыню». Канферэнцыя была арганізавана дабрачынным каталіцкім таварыствам «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і стала выніковай у межах трохгадовай праграмы «Крок наперад», якая рыхтуе людзей з інваліднасцю да працоўнай дзейнасці.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі псіхолагі, працаўнікі сацыяльных цэнтраў, педагогі. Сваім вопытам падзяліліся госці з-за мяжы — трэнер у праграме «Крок наперад», дацэнт-кансультант у сферы сацыяльных прафесій ва ўніверсітэце і Вышэйшай сацыяльнай школе «Карытас» г. Аламоўц (Чэхія) доктар Іва Сельнер, менеджэр праектаў ва Усходняй Еўропе «Карытас» Верхняй Аўстрыі магістр Зігрыд Шпіндэльбек, каардынатар праектаў ва Усходняй Еўропе «Карытас» Аўстрыі Біргіт Эртл-Кёстлер.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт адзначыў, што праблема сацыялізацыі і занятасці інвалідаў становіцца ўсё больш актуальнай, падкрэсліў, што «інвалід — гэта таксама чалавек, такі ж, як кожны іншы, і ён мае свае правы, імкненні і абавязкі, ён хоча жыць падобна таму, як жывуць іншыя людзі, хоча адчуваць сябе патрэбным і хоча прымаць удзел у будаванні грамадства паводле сваіх магчымасцяў», і нагадаў агульныя прынцыпы адносна інвалідаў, якія ўстанавіла прынятая 13 снежня 2006 г. Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Канвенцыя аб правах інвалідаў.

«Слова „інвалід“ паходзіць ад лацінскага „invalidus“, што азначае „слабы, нядзейсны“. З хрысціянскага пункту гледжання, ужо прыйшоў час адыйсці ад такога яго разумення і з „нядзейснага“ ўчыніць „дзейснага“ ў меру яго асабістых магчымасцяў і здольнасцяў», — звярнуў увагу Мітрапаліт. Для гэтага інваліду найперш патрэбна спецыяльная падтрымка і дапамога «з мэтай мабілізацыі яго сілаў, патэнцыялу і магчымасцяў, каб ён быў у стане сам справіцца са сваімі праблемамі».

Іерарх дадаў, што дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, «выконваючы сваю місію дапамогі патрабуючым, актыўна ўключаецца ў праграму арганізацыі занятасці інвалідаў». Арцыпастыр выказаў надзею, што канферэнцыя стане месцам, «дзе можна будзе падзяліцца досведам працаўладкавання інвалідаў як у нашай краіне, так і за мяжой».

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся таксама дырэктар «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, які выказаў падзяку Богу і людзям за магчымасць правядзення праектаў па дапамозе інвалідам і іх інтэграцыі ў грамадства.

Падчас канферэнцыі ўвазе ўдзельнікаў было прадстаўлена некалькі выстаў. Выставу фатаграфій «Ты не адзін», героямі якой сталі інваліды розных рэгіёнаў Беларусі, падрыхтаваў брат Корнэль Консэк. Другую выставу арганізаваў Нясвіжскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў межах праекту «Мой свет у фарбах». Трэцюю выставу склалі творчыя працы маладых інвалідаў з Копыльскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Мерапрыемства ўпрыгожыла спевам Яўгенія Шкілёнак — настаўніца спеву спецыяльнай школы №18 г. Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Госці з Аўстрыі — менеджэр праектаў ва Усходняй Еўропе «Карытас» Верхняй Аўстрыі магістр Зігрыд Шпіндэльбек і каардынатар праектаў ва Усходняй Еўропе «Карытас» Аўстрыі Біргіт Эртл-Кёстлер — распавялі аб праграме «Крок наперад». Каардынатары праграмы адзначылі, што праз яе хацелі падзяліцца вопытам працы з інвалідамі з беларускім бокам. Праграма мае два напрамкі: адукацыйная частка (павышэнне кваліфікацыі працаўнікоў сацыяльнай сферы) і праца з бацькамі. Сённяшняй канферэнцыяй, як дадалі выступоўцы, праграма «Крок наперад» не заканчваецца, бо інтэграцыя інвалідаў у грамадства — гэта пастаянны працэс.

З дакладам на тэму «Ад ізаляцыі да інклюзіі. Змена парадыгм» выступіў трэнер у праграме «Крок наперад» доктар Іва Сельнер. Дакладчык адзначыў, што з 2002 года наведвае Беларусь і бачыць прагрэс, здзейснены тут у працы з інвалідамі. Па словах прамоўцы, грамадства часта не ведае, як паводзіць сябе ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для паляпшэння сітуацыі неабходна лепш пазнаць такіх людзей і камунікаваць з імі. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі, на думку дакладчыка, маюць права выконваць працу, якая патрабуе кваліфікацыі. Важныя «не від і цяжкасць хваробы, а выбар і інтэнсіўнасць развіцця». «Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі павінен мець права на працу, і задача грамадства — даць яе яму», — падкрэсліў прамоўца.

Даклад на тэму «Ранняе развіццё, навучанне і прафесійная арыентацыя як асновы для далейшай прафесійнай інтэграцыі» прадставіла Зігрыд Шпіндэльбек. Пра тое, ці патрэбны спецыялізаваныя майстэрні ў Беларусі, пра іх рэальнасць і будучыню паразважала намеснік начальніка ўпраўлення адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алена Чысцякова. Даклад «Першыя крокі ў працы» агучылі прадстаўнікі «Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Алена Цітова і Наталля Амплеева.

У перапынках паміж выступленнямі дакладчыкаў адбываліся дыскусіі на тэмы: «Уключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства: гэта рэальнасць або ўтопія?», «Як прадаставіць аптымальна магчымы выбар прафесіі людзям з інваліднасцю?», «Як вызначаць патрабаванні, здольнасці і магчымасці чалавека з інваліднасцю да працы?», «Што трэба зрабіць сёння, каб заўтра людзі з інваліднасцю маглі працаваць?». Для кожнай новай дыскусіі склад удзельнікаў кожнай групы змяняўся.

Задачай канферэнцыі была не выпрацоўка канкрэтных рашэнняў, а дыскусія, выказванне меркаванняў, як можна зрабіць лепшым жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, даць ім адчуць сябе ўпэўненымі і шчаслівымі, а ў ідэале — прыйсці да таго, каб грамадства наогул не дзялілася на «здаровых людзей» і «інвалідаў».

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме