Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Папа Францішак: убогі духам — гэта чалавек пакорны, паслухмяны Богу
30.01.2017 08:08

«Убогі духам — гэта той, хто засвоіў пачуцці і паводзіны тых бедных, якія ў сваіх умовах не абураюцца, але ўмеюць быць пакорнымі, паслухмянымі, гатовымі прыняць Божую ласку», — адзначыў папа Францішак 29 студзеня на плошчы святога Пятра падчас малітвы «Анёл Панскі».

 
Мк 5, 1-20
30.01.2017 03:00

«Выйдзі з чалавека, нячысты дух».

 
30 студзеня — чацвёрты звычайны тыдзень, Год А
30.01.2017 03:00
1 чыт. Гбр 11, 32-40; Пс 31 (30), 20. 21-22. 23. 24.
Ев. Мк 5, 1-20
.
 
Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы ў мінскай парафіі ў Сухараве: «Нярэдка ў касцёле мы адны, а ў жыцці абсалютна іншыя. А гэта ўжо крывадушнасць»
29.01.2017 23:41

29 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сталічную парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава) і ўзначаліў святую Імшу.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня
29.01.2017 21:11
1. Евангелле чацвёртай звычайнай нядзелі прадстаўляе нам славутае казанне Езуса на Гары, вядомае перадусім пад назвай васьмі благаслаўленняў. Яны павінны быць настольнай кнігай кожнага хрысціяніна, яго маральным кодэксам, бо прадстаўляюць маральную праграму яго жыцця і шлях як да будавання шчасця на замлі, так і да дасягнення яго ў вечнасці.

Аб значэнні маральнага кодэксу задумваліся таксама і атэісты. Так, у 1961 г. кіраўнік Савецкага Саюза Нікіта Хрушчоў абвясціў маральны кодэкс будаўнічага камунізму — звод прынцыпаў камуністычнай маралі Усе яго ўсхвалялі, як ён мудра складзены і як клапоціцца пра маральны стан савецкага грамадства.

У гэты маральны кодэкс разам з чыста камуністычнымі прынцыпамі ўваходзілі таксама некаторыя ўзятыя з Евангелля маральныя прынцыпы. Як вядома, нічога з гэтага кодэксу не выйшла, бо абвяшчаць маральныя справы ўзяліся людзі, якія змагаліся супраць рэлігіі і лічылі яе опіумам для народу. У выніку чаго няма ні камунізму, ні маральнага кодэксу яго «будаўнікоў», а маральны кодэкс хрысціяніна ў васьмі благаслаўленнях застаўся і застанецца назаўсёды.

2. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа на першы погляд вельмі дзіўныя словы, бо благаслаўлёнымі называе церпячых, засмучаных, галодных, вязняў, тых, хто дасвядчае несправядлівасць, пераследуемых і г.д. Ці можна такіх людзей назваць шчаслівымі? Напэўна, не. Дык чаму ж Езус ужывае гэтыя словы?

Трэба памятаць аб тым, што Божыя і чалавечыя крытэрыі шчасця кардынальна розняцца паміж сабой. Калі маладая і прыгожая дзяўчына выбірае законнае жыццё, то людзі кажуць, што яна сама адмаўляецца ад шчасця. Але ці так ёсць насамрэч? Ці вочы амаральна жывучых маладых людзей свецяцца такой самай радасцю і надзеяй, як вочы законніцы? Ці такое іх ілюзорнае шчасце працягваецца доўга? Ці не лопаецца як мыльны пузыр?

3. Насамрэч, словы васьмі благаслаўленняў Езуса маюць вельмі глыбокае значэнне. Успомнім Ягоны лямант над Ерузалемам, які забіваў прарокаў і каменаваў пасланых да Яго. Многа разоў Езус хацеў сабраць ерузалемскіх дзяцей, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але яны не захацелі.

Езус плакаў над Ерузалемам, таму што цэнтр Выбранага Народа адмовіўся прызнаць Яго Месіяй. Ён плакаў, бо людзі былі больш заклапочаныя сваімі зямнымі справамі, чым прысутнасцю Бога сярод іх. Ён плакаў, бо людзі думалі, што яны самадастатковыя. Ён плакаў, таму што бачыў, якія беды яны наклікаюць самі на сябе.

Езус плакаў, але ішоў у Ерузалем, каб збавіць гэты народ і ўсё чалавецтва і гэтым самым адарыць яго сваім благаслаўленнем.

4. Менавіта таму Касцёл звяртае такую вялікую ўвагу на захаванне маральных прынцыпаў у жыцці як асобнага чалавека, так і грамадства ў цэлым з мэтай забяспечыць ім шчаслівае жыццё. Ён не можа заставацца паліткарэктным у пытаннях захавання Божага закону, падтрымліваць амаральны стыль жыцця і зацвярджаць зло, што вядзе да самазнішчэння грамадства. Існуе нейкая чырвоная лінія, якую Касцёл не можа пераступіць, бо з’яўляецца вартаўніком Божага закону.

Калі мы, як веруючыя хрысціяне, бачым зло, то павіны не шкадаваць яго і чыніць усё магчымае, каб супрацьпаставіцца яму. У гэтым сэнсе мы, хоць і церпім, але ў той сам час становімся благаслаўлёнымі, бо клапоцімся аб маральным абліччы чалавека і ўсяго грамадства.

Пры гэтым трэба памятаць, што наша вера павінна пацвярджацца штодзённым жыццём. Калі падчас набажэнства мы кажам аб любові Бога, то гэта любоў павінна праяўляцца таксама і ў любові бліжніх. Святы апостал Ян кажа, што нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Праблема ў тым, што нярэдка ў касцёле мы адны, а ў жыцці абсалютна іншыя. А гэта ўжо крывадушнасць.

5. Езус плакаў над Ерузалемам, бо ведаў, што яго жыхары сваімі амаральнымі паводзінамі наклікаюць на сябе страшную бяду.

100 гадоў таму Езус таксама плакаў над народамі былой Расійскай Імперыі. Іх дзеянні былі падобнымі да дзеянняў габрэяў у часы Езуса і яны наклікалі на сябе найбольшую трагедыю ў гісторыі чалавецтва, а менавіта атэістычны рэжым, які панаваў тры пакаленні.

Каб папярэдзіць аб гэтым, Езус паслаў сваю Маці — Найсвяцейшую Панну Марыю, у Фаціму з мэтай абвясціць аб гэтай пагрозе людзям і прасіць аб малітве і навяртанні.
Малітва і навяртанне былі ўмовай прадухілення няшчасцяў, да якіх была схільна наша краіна ў той час. Менавіта ганенні на веру з усімі іх наступствамі, якія мы перажываем цяпер і будзем перажываць яшчэ доўга.

Марыя, ведаючы, што людзі яе не паслухаюць, папярэдзіла аб наступствах граху і бедах, якія нам прыйдзецца перажыць. Але, у той сам час, як наша духоўная Маці, яна дала надзею на навяртанне.

6. Пасля трох пакаленняў ганенняў наша краіна вярнулася на шлях адраджэння веры, так, як абяцала Марыя ў Фаціме 100 гадоў таму. Адна, мы бачым, што гэты працэс вельмі складаны. Выклікі секулярнага свету дзейнічаюць і на нас, і мы ўсё больш знаходзімся пад іх негатыўным уплывам.

Сведчыць аб гэтым маральны стан нашага грамадства. Расце колькасць разводаў і абортаў, пашыраецца практыка не згоднага з Божым правам штучнага апладнення, валадарыць маральная разбэшчанасць моладзі, алкагалізм ускладняецца практыкай наркаманіі, усё часцей мы чуем пра суіцыды сярод моладзі, паволі прабівае сабе дарогу гендарная ідэалогія і г.д. Гэта духоўныя паталогіі нашага грамадства, якія могуць прывесці да непапраўных вынікаў.

Заходнюю Еўропу ўжо ніхто не называе хрысціянскай, але постхрысціянскай, таму што яна сама адмовілася ад сваіх хрысціянскіх каранёў. Як вядома, дрэва без каранёў памірае. Духоўна памірае і Еўропа. Ці мы таксама хочам гэтага? Нашы продкі ў абставінах жорсткага пераследу веры яе захавалі. Цяпер наша чарга. Гісторыя нам не даруе, калі мы не выкарыстаем дадзены нам Богам шанец адраджэння і захавання веры.

Таму заклік Марыі да малітвы і навяртання становіцца ізноў актуальным. Прыпамінае нам аб гэтым і перэгрынацыя фігуры Божай Маці Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі, якая сёння наведвае парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

7. У сваёй фігуры, асвечанай на месцы цудоўных аб’яўленняў, Марыя сёння прыходзіць да нас, каб у гэты рашучы час нашай гісторыі, калі ўзважваюцца маральныя лёсы свету і нашай краіны, заклікаць заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, вернымі яе закліку да малітвы і навяртання, вернымі маральным традыцыям нашых продкаў, якія ў часы ганенняў не адракліся сваёй веры і часам нават коштам свайго жыцця засталіся вернымі ёй.

Божая Маці Фацімская, ты не павінула наш народ без духоўнай апекі ў часы жорсткіх выпрабаванняў, не пакінь нас і сёння адных, у той час, калі твой Сын плача аб нашай краіне, якую Ён нанова адарыў ласкай свабоды веравызнання, і ў якой, на жаль, усё часцей праяўляюцца знакі адыходу ад веры.

Марыя, выпрасі нам у свайго Сына ласку заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і клапаціся аб нас, каб мы другі раз не наступалі на тыя ж самыя граблі і шляхам малітвы і навяртання на евангельскіх каштоўнасцях будавалі сваю будучыню і будучыню нашай краіны. Амэн.

 
Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў
29.01.2017 20:18

«Многія з вас належаць да Цэркваў, якія штодня становяцца сведкамі лютавання жорсткасці і жудасных спраў, якія здзяйсняюцца экстрэмістамі», — сказаў папа Францішак.

 
Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію ў Друі з пастырскай візітацыяй (абноўлена)
29.01.2017 17:38

28 студзеня біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч распачаў пастырскую візітацыю ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

 
Мц 5, 1-12а
29.01.2017 03:00

«Шчаслівыя ўбогія духам».

 
29 студзеня — ІV Звычайная нядзеля, Год А
29.01.2017 03:00
1 чыт. Саф 2, 3; 3, 12-13; Пс 146 (145), 6c-7. 8-9a. 9bc-10.
2 чыт. 1 Кар 1, 26-31.
Ев. Мц 5, 1-12а
.
 
У цэнтры ўвагі на СДМ у Панаме будзе марыйная тэматыка і экуменічны акцэнт
28.01.2017 15:49

«Сусветныя дні моладзі ў Панаме будуць мець важнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Амерыкі», — перакананы прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх сям’і і жыцця. Сваімі думкамі пра будучы форум кардынал Кевін Фарэл падзяліўся  ў інтэрв’ю ватыканскай газеце L’Osservatore Romano.

 
<< Першая < Папярэдняя 131 132 133 134 135 136 137 138 139 140 Наступная > Апошняя >>

Старонка 135 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.