Канферэнцыя кс. Андрэя Рылкі падчас ІІ Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
|
05.08.2011 14:25 |
Укаранёныя ў Хрысце
«Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (Кал 2, 7)
Дарагія браты і сёстры, шаноўная моладзь!
Гэтыя словы апостала Паўла з Паслання да Каласянаў папа Бэнэдыкт XVI прапаноўвае як дэвіз сёлетняга спаткання маладых хрысціянаў. У гэты час перад Сусветнымі днямі моладзі, якія пройдуць у іспанскім Мадрыдзе, маладыя хрысціяне Беларусі збіраюцца ў сваім маленькім «Мадрыдзе» — маляўнічым Івянцы.
Перажываючы нашу Усебеларускую сустрэчу моладзі ў духу адзінства з паўсюдным Касцёлам, хацелася б на самым пачатку паставіць пытанне, з якога пачынае свой сёлетні зварот да моладзі Бэнэдыкт XVI: чаго я шукаю? З якой мэтай я прыехаў на гэтую сустрэчу?
Можна выбраць шлях уцёкаў ад адказу на гэтыя пытанні. Але такая пазіцыя была б выразам больш шырокай праблемы: страху перад пытаннем аб мэце і сэнсе свайго жыцця. Той, хто ўцякае ад гэтых найважнейшых пытанняў, суцяшае сябе наіўнай верай у тое, што ўсё само неяк будзе складвацца. Такі чалавек намагаецца заняць пасіўную жыццёвую паставу, дазвалячы камусьці рабіць за сябе выбар, вырашаць яго лёс. Аднак такое жыццё — гэта шлях пастаянных уцёкаў ад непажаданых думак аб сэнсе жыцця, уцёкаў ад людзей, якія прымушаюць задумацца або ставяць складаныя пытанні. Такая пастава прыводзіць да накаплення ўсё большага запасу агрэсіі, незадавальнення сваёй сітуацыяй, акружэннем. Фальшывым бальзамам на рану становяцца чарговы віток спіралі ўцёкаў — віртуальны свет. Там уцякач ад рэальнага жыцця можа быць героем, выпускаць усю сваю злосць, незадавальненне, агрэсію. Ці не ў гэтай спакусе пазбягання адказнасці за свой лёс, страху перад рэчаіснасцю, крыюцца шматлікія хваробы сучаснасці, вялікі попыт на ўсё, што адрывае чалавека ад рэальнага жыцця? А пры гэтым адчуваецца страшэнны дэфіцыт рэальных пазітыўных дзеянняў. Нежаданне браць на сябе адказнасць за ўласны лёс нараджае шматлікія страхі і агрэсію. Усё гэта таму, што асоба не жадае пачаць шукаць адказ на пытанне аб мэце і сэнсе свайго жыцця.
Евангелле прапаноўвае нам іншы шлях. Гэта шлях для тых, хто не жадае быць рабамі або ўцекачамі, але гаспадарамі свайго жыцця. Гэта шлях свабоды ў Святым Духу, шлях поўных годнасці Божых дзяцей. Пан Бог стварыў нас не для сну ў віртуальных, штучных мроях, не для таго, каб мы марнавалі цэлыя гады свайго жыцця, не марнавалі Яго дары на нешта часовае. Ён задумаў нас як уцелаўленне Яго любові, каб мы, пазнаўшы багацце і магчымасці рэальнага і вечнага шчасця, маглі будаваць свой лёс у камуніі з людзьмі, іншымі стварэннямі і жывым Богам. Гэта дарога для тых, хто адважваецца на няпростае (сярод грэшнага свету), але сапраўднае жыццё. А сваю адвагу такі чалавек грунтуе на шчырым даверы да бязмежнай любові Таго, хто «так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).
Здаецца, менавіта да роздуму над выбарам такога адважнага евангельскага шляху заклікае нас Бэнэдыкт XVI, калі на самым пачатку свайго Паслання на Сусветны дзень моладзі піша: «Заахвочваю вас прыняць удзел у гэтай падзеі… Жадаю, каб усе маладыя людзі, як тыя, якія падзяляюць з намі нашую веру ў Езуса Хрыста, так і тыя, хто не вызначыўся, сумняваюцца або не вераць у Яго, прынялі ўдзел у гэтым досведзе, які можа аказацца вырашальным для іх жыцця. Гэта досвед Езуса Хрыста, які паўстаў з мёртвых і жыве, і досвед Яго любові да кожнага з нас». Папа заклікае нас, каб сустрэча моладзі сталася для кожнага з нас нагодай да дзялення вопытам жыцця з Богам, а таксама нагодай да сумеснага перажывання спаткання з Хрыстом. Сумяшчэнне асабістага і сумеснага вопыту сустрэчы з Богам адкрывае для кожнага ўдзельніка спаткання шанец на тое, каб дзяліцца ўласным досведам адносінаў з Панам і чэрпаць з багацця вопыту веры сваіх равеснікаў.
Важна на самым пачатку нашай сустрэчы ўсвядоміць, што нашае жаданне прыехаць на гэтую сустрэчу — гэта ў першую чаргу ініцыятыва Бога, Яго натхненне. Ёсць шмат маладых людзей, якія не могуць узняцца па-над сваімі праблемамі, лянотай, недаверам, страхамі. Быць мацнейшым за зло і спакусы сучаснага свету — гэта магчыма толькі з дапамогай Бога. Таму хацеў бы заклікаць вас, маладыя браты і сёстры ў Хрысце, часта на працягу гэтага свята хрысціянскай маладосці усведамляць, што гэта Езус нас тут сабраў, гэта Яго Дух Святы прабывае сярод нас. Як жа важна не закрыць сваё сэрца, але дазволіць Божаму Духу весці нас праз гэтыя дні, а пасля чэрпаць з гэтага вопыту, каб кожны свой дзень перажываць у Яго прысутнасці, як сумесны шлях Бога з Яго ўзлюбленым сынам і дачкою.
Усебеларускія дні моладзі ў Івянцы — гэта асаблівае месца прасторы для Езуса. Сярод свету, дзе столькі галасоў імкнецца заглушыць голас Бога, гэта вялікі дар. Але гэтая прастора, спецыяльна вызваленая для глыбейшай сустрэчы Бога з Яго дзецьмі, можа так і застацца звонку, не пранікнуўшы ў душу ўдзельніка гэтага спаткання. Чалавек можа знешне быць акружаны вялікай масай Божых дароў, але, нягледзячы на гэта, можа гінуць ад убогасці ўласнай закрытасці. Як важна мець сэрца, адкрытае на Бога, адкрытае на бліжняга! Каб зачарпнуць, каб пачуць, каб убачыць, каб зразумець, неабходна адкрыць свае вочы, вушы, розум і сэрца. Адкрытасць — гэта гарантыя сустрэчы як з іншымі людзьмі, так і з Богам.
Да адкрытасці на Божыя дары і натхненні заклікае нас у сваім пасланні да маладых папа Бэнэдыкт XVI. Апостал Пётр нашых часоў кліча, каб моладзь не баялася ўзняцца па-над штодзённасцю, шукаць новых гарызонтаў. Пантыфік піша: «…Гады маладосці — гэта час пошуку паўнаты жыцця… Думаю, … гэтае моцнае жаданне вызваліцца ад звычайнасці прысутнічае ў кожным пакаленні. Пошук чагосці большага па-за штодзённасцю жыцця і працы, жаданне чагосці сапраўды большага — гэта натуральная частка маладосці. Ці ўсё гэта пустыя мары, якія змяркаюць па меры прыбывання гадоў? Не! Жанчына і мужчына былі створаныя для цудоўных рэчаў, для вечнасці. Нічога па-за гэтым не будзе дастатковым. Меў рацыю св. Аўгустын, калі пісаў: неспакойнае нашае сэрца, пакуль не спачне ў Табе. Жаданне знайсці сэнс жыцця — гэта знак Божага сыноўства і „пячатка”, якую ў нас Ён пакінуў. Бог — гэта жыццё, і таму кожнае стварэнне імкнецца да паўнаты жыцця».
Святы Айцец заклікае маладых людзей да адважнага позірку ў будучыню. Але будучыня, перспектыва, якая сапраўды можа задаволіць чалавечае сэрца — гэта не некалькі гадоў наперад, але гэта вечнасць. Для вечнасці з Богам, для камуніі любові быў створаны чалавек.
Той, хто ў сваім жыцці згубіў Бога, будзе імкнуцца замяніць жаданне Вечнасці на жаданне часовага і зямнога. Але як бы чалавек не павялічваў колькасць зямных дабротаў, яны ніколі не заменяць яму якасці таго, што Бог жадае яму падарыць з любові. Ці не таму ў сучасным свеце, дзе чалавек сапраўды павінен радавацца высокаму ўзроўню ўладкавання зямнога жыцця, так шмат незадавальнення? Гэта парадокс матэрыяльна развітых грамадстваў. Тыя краіны, дзе ў імя матэрыльнага развіцця бязлітасна вынішчалася ўсё духоўнае і Божае, сутыкаюцца з небывалым ростам дэпрэсіўных настрояў, ростам самагубстваў, нігілізму, нежадання жыць. Там, дзе Бог быў выпхнуты з публічнага і прыватнага жыцця чалавека, нарастае агрэсія адносна жыцця і разрастаецца культ смерці. Думаю, дастаткова будзе ўспомніць аб прапагандзе дзетазабойства (абортаў), прапагандзе забойства старых і хворых людзей (эўтаназія), пагардзе да сям’і і сямейных каштоўнасцей. У канчатковым выніку ўсё гэта зводзіцца да небывалай агрэсіі адносна жыцця і ўсяго святога. Здаецца, вельмі трапна акрэсліў такую сітуацыю ў свеце бл. Ян Павел ІІ. Ён назваў гэтыя ненавідзячыя жыццё грамадствы цывілізацыяй смерці. У адрозненні ад яе, Папа заклікае нас, хрысціянаў, стаць на абарону і будаванне Божай цывілізацыі жыцця.
Каб нешта будаваць або развіваць, трэба ведаць, што мы маем, што можам, з чаго пачаць і ў якім кірунку ісці. Цывілізацыя смерці прапаноўвае нам свет без арыенціраў. Божая цывілізацыя жыцця заклікае нас да чування, каб не згубіць тыя канкрэтныя арыенціры, якія вызначае Святое Пісанне, якія няспынна праз стагоддзі абвяшчае голас Касцёла ў кожным пакаленні. Гэтыя арыенціры змяшчаюцца ў 10 Божых запаведзях. Іх рэалізацыя магчымая тады, калі чалавек апірае сваё жыццё на Богу. Каб максімальна дапамагчы чалавеку на шляху пабудовы цывілізацыі жыцця, Езус Хрыстус заснаваў свой Касцёл, пакінуў нам магутныя інструменты ратавання і ўмацавання чалавека — святыя сакрамэнты. Ён няспынна жадае дзяліць лёсы кожнага з нас, быць нашай сілай праз таямніцу св. Камуніі.
У сваім апошнім пасланні да моладзі папа Бэнэдыкт XVI нагадвае нам аб біблійнай ісціне: пабудаваць сапраўднае жыццё чалавеку ўдасца толькі тады, калі ён будзе абапірацца на Бога. Святы Айцец звяртаецца да вобразу з Паслання Апостала Паўла на Каласянаў. Першы вобраз — дрэва, якое мае моцныя карані. Другі — дом, які мае моцны фундамент. Трэці — моц духа, якая ўсё перамагае. Аналізуючы арыгінальны біблійны тэкст, Пантыфік заўважае, што з граматычнага пункту гледжання там ужыта пасіўная форма. Гэтым самым падкрэсліваецца, што Хрыстус з’яўляецца ініцыятарам укаранення, пабудовы і ўмацавання нашага жыцця і веры.
У гэтай канферэнцыі хацеў бы прапанаваць вам, маладыя браты і сёстры ў Хрысце, звярнуць асаблівую ўвагу на вобраз дрэва з моцнымі каранямі, пра які пісаў Апостал Павел і нагадвае Бэнэдыкт XVI. У гэтым вобразе Папа падкрэслівае тры аспекты: небяспеку дрэва без каранёў, карані як аснова і апірышча дрэва, карані як крыніца жыўлення дрэва.
Здаецца, вобраз дрэва без каранёў не патрабуе спецыяльнага тлумачэння. З вопыту ведаем, што без карэння дрэва засыхае, не можа існаваць, упадзе нават пры найменшым подыху ветру. Дрэва без каранёў можна лёгка вырваць або знішчыць. І наадварот. Чым мацнейшае карэнне, тым больш устойлівае і жывучае дрэва. Якія б магутныя вятры не абрынуліся на яго, як бы не стараліся зламыснікі пашкодзіць галіны або кару дрэва, моцныя карані будуць да апошняга жывіць усё дрэва.
Як перакласці гэтую сімволіку на рэальнае жыццё канкрэтнага чалавека? Што з’яўляецца нашым дрэвам і каранямі? У сваім апошнім пасланні да моладзі Папа дапамагае нам раскрыць значэнне гэтых вобразаў. Бэнэдыкт XVI распачынае тлумачэнне біблійнай цытатай з кнігі прарока Ераміі: «Шчаслівы муж, які спадзяецца на Пана і ў Пану Яго надзея. Ён падобны да дрэва, пасаджанага над вадой, якое свае карані запускае ў струмень; яно не баіцца, калі надыдзе спякота, бо захавае зялёнае лісце; таксама і ў год засухі не адчуе неспакою і не перастанне прыносіць плёны» (Ер 17, 7–8). Папа тлумачыць гэтае выказванне: «Для прарока пускаць свае карані ў струмень азначае пакладаць надзею ў Пану, гэта Бог з’яўляецца крыніцай жыцця. Без Яго мы не можам жыць па-сапраўднаму. „Бог даў нам жыццё вечнае, а гэтае жыццё — у Яго Сыне” (1 Ян 5, 11). Сам Езус кажа нам, што Ён — нашае жыццё (пар. Ян 14, 6). У выніку хрысціянская вера не засноўваецца толькі на веры ў нейкія ісціны, але гэта перадусім асабістыя адносіны з Езусам Хрыстом… Уваходзячы ў асабістыя адносіны, Хрыстус адкрывае нам нашую сапраўдную ідэнтычнасць, а дзякуючы сяброўству з Ім, нашае жыццё рухаецца ў кірунку поўнай рэалізацыі».
Бэнэдыкт XVI нагадвае там таксама пра сімволіку каранёў. Гэта, паводле Папы, нашыя бацькі, сям’я і культура роднага краю. Усё гэта Папа называе важнымі элементамі нашай асабістай тоеснасці. Парадаксальна, але менавіта гэтыя фундаментальныя каштоўнасці — сям’ю, сужэнства, культурную спадчыну — найбольш зацята падрывае цывілізацыя смерці.
У час маладосці можна лёгка паддацца спакусе будаваць дрэва свайго жыцця, не дбаючы аб яго каранях. Мары аб будучыні могуць так і застацца марамі, калі чалавек не будзе рэальна ацэньваць свае магчымасці, ведаць, адкуль ён выйшаў, якую спадчыннасць носіць у сабе. Наша мінулае — гэта наш скарб. Хрысціянскія традыцыі нашага народа — гэта скарбніца, якую збіралі сотні пакаленняў. Нашы продкі былі, як вы, маладымі, поўнымі мараў. Яны будавалі свае адносіны з Богам. Яны зведалі горыч падзенняў і шчасце ўзрастання ў святасці. Хто яны? Што яны нам пакінулі? Гэта пытанні, якія не могуць застацца без адказу.
Ніхто з нас не ўзнікае на пустым месцы. Кожны з нас, тут прысутных, прыехаў на гэтую сустрэчу з гісторыяй свайго жыцця, гісторыяй свайго роду, гісторыяй свайго народу. Кожны з нас пры жаданні можа адкрыць багацейшую скарбніцу сваёй духоўнай спадчыны, каб чэрпаць з яе, каб вучыцца на прыкладзе тых, хто прайшоў той шлях, па якім мы толькі пачынаем ісці.
Дрэва нашага жыцця мае разнастайныя карані, якія збіраюць свае воды з розных крыніцаў. Сярод гэтых крыніцаў ёсць такія, якія не даюць шмат вады, а ёсць такія, у якіх плывуць атручаныя воды граху. Але дрэва жыцця хрысціяніна мае адзін найважнейшы корань. Гэта корань веры. Ён сягае той невычарпальнай крыніцы вады, якая дае вечнае жыццё. Гэты корань патрабуе найбольшага клопату і ўвагі. Бо ён — найважнейшая крыніца нашага жыцця. Гэты корань — гэта нашы адносіны з Панам Богам. Адносіны з Ім дапамагаюць чалавеку раскрыць сваю сапраўдную ідэнтычнасць Божага дзіцяці. Сягаючы найглыбейшых пытанняў аб мэце і сэнсе чалавечага жыцця, чалавек адкрывае, што ён дзіця Бога, што яго сапраўдная радзіма — Рай, а мэта яго зямной вандроўкі — Божае Валадарства.
Маладосць — гэта час буйнага ўзрастання нашага дрэва жыцця. Наколькі моцным і прыгожым будзе гэтае дрэва, залежыць ад таго, наколькі здаровыя яго карані. Здаровыя карані тады, калі яны чэрпаюць ваду з крыніцаў здаровых водаў, не атручаных грахом, сапсаванасцю. Адклікнемся ж на заклік Папы, які жадае звярнуць нашую ўвагу на найважнейшы корань нашага жыцця, корань, які яднае нас з Езусам Хрыстом. Ён крыніца жыцця і святасці. Ён крыніца невычарпальных сіл і шанцаў. Ад глыбіні кантакту з Ім залежыць, наколькі глыбока і па-сапраўднаму мы жывём.
|
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на завяршэнне II Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
|
04.08.2011 17:11 |
7 жніўня 2011 г.
Быць людзьмі моцнай веры
Дарагая моладзь, глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра буру, у якую трапілі Апосталы на моры. Яны моцна перапужаны і баяцца. Напэўна, кожны з нас адчуваў бы сябе так, калі б трапіў у падобную сітуацыю. У пэўны момант яны, аднак, бачаць Хрыстуса, які ідзе да іх па вадзе. Спужаліся яшчэ больш, бо хто ж можа хадзіць па вадзе? Езус, ведаючы іх думкі, кажа ім: «Не бойцеся, гэта Я». На гэтыя словы свайго настаўніка Пётр гаворыць: «Калі гэта Ты, Пане, то скажы, каб я прыйшоў да Цябе». Пётр паступае вельмі смела, але ў гэты момант ён давярае Езусу. І Езус кажа яму: «Ідзі».
Пётр ніколі б не адважыўся выйсці з чаўна на сярэдзіне возера. Ён вельмі добра ведаў чым гэта ўсё можа скончыцца, ведаў, што такі крок быў бы неразумным і пагражаў бы смерцю. Па вадзе нельга хадзіць. Гэта не згодна з законамі прыроды. І вось гэты дасведчаны рыбак па камандзе Езуса выходзіць з чаўна, ён не баіцца паставіць нагу на ваду, ведаючы, што пад ёй глыбіня, якая адкрываецца кожнаму, хто толькі ступіць на ваду, каб забраць яго. Аднак ён ідзе па вадзе і насуперак законам прыроды не тоне.
2. Не ўпэўнены, ці адважыўся б хтосьці з нас на такое, нават калі б сам Бог прапанаваў так паступіць. Якую ж веру трэба мець, каб выйсці з чаўна і паставіць нагу на ваду? Пётр меў вельмі моцную веру, выйшаў і пайшоў у напрамку Езуса. Аднак, ідучы да Яго, ён, бачачы вялікія хвалі, у пэўны момант спалохаўся, нечакана аслаб і пачаў тануць, просячы дапамогі. Езус не дазволіў, каб ён патануў, падаў яму руку, аднак з дакорам сказаў: «Чаму засумняваўся, малой веры»?
3. Напэўна, не аднаму з нас становіцца сорамна, калі чуем сённяшняе Евангелле. Калі Пётр, які сапраўды павінен быў мець вялікую веру, каб выйсці з чаўна і ісці па вадзе, заслужыў дакор Езуса, як чалавек малой веры, то што казаць пра нас? Што Хрыстус сказаў бы пра нашу веру, якая ломіцца не перад абліччам марской хвалі, але пад уплывам прачытанай кнігі, фільма, тэле- ці інтэрнэт-праграмы, спатканага чалавека, аднаго моцнага перажывання, нявялікага досведу і г. д. Як далёка нам да веры Пятра, і таму як часта нам трэба прасіць Бога: «Узмацні нашу веру!»
4. У сённяшнім Евангеллі відавочна патрэба вытрывання ў веры. Менавіта яно сведчыць аб сіле веры. Многія людзі ў імя веры могуць распачаць вялікія справы, аднак не ў сілах іх завяршыць. Дзесьці па дарозе яны губляюць веру, як Пётр, які з верай выйшаў у напрамку Хрыста, але потым згубіў веру і пачаў тануць. Той самы Пётр некалькі месяцаў пазней з верай пайшоў за Езусам у Гетсіманскі сад і на двор першасвятара, але калі яму стала пагражаць тое, што яго пазнаюць, ён страціў веру. Таксама і мы на нашым шляху да неба перад абліччам цяжкасцяў губляем веру, губляем той скарб, з якім выйшлі ў дарогу. Гэта доказ нашай малой і слабай веры.
Вера — гэта вялікі скарб, і яна штодзённа павінна ўмацоўвацца, узрастаць і перамагаць цяжкасці. Калі яна не будзе ўзрастаць, то пачне змяншацца. Нездарма лацінская прыказка кажа: «Qui non prоgredit — regredit» («Хто не ўдасканальваецца, той губляе сваю кваліфікацыю». Чалавек, які не клапоціцца пра веру больш, чым пра свае матэрыяльныя справы, утопіцца ў жыцці, якое, як узбуранае мора, толькі і чакае, каго б прыняць у сваю глыбіню.
5. Сёлетняя, ужо II Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі, з’яўляецца заключным этапам падрыхтоўкі да XXVI Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца 16–21 жніўня гг. у Мадрыдзе. Тэма гэтага форуму моладзі — вера. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь паразважаць аб веры ў святле слоў св. апостала Паўла: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (пар. Кал 2, 7).
Гэтыя словы Апостала народаў нагадваюць пра тое, што хрысціяне павінны быць укаранёнымі ў Хрысце. Каб бура не паваліла дрэва, яно павінна мець моцныя карані. Таксама і мы, хрысціяне, каб супрацьстаяць амаральнай буры, павінны быць моцна ўкаранёныя ў нашым Збаўцы. Гэта нялёгкае заданне, асабліва ў сучасным свеце, які выхоўвае людзей без маральных прыцыпаў, што вельмі моцна ўплывае на выхаванне маладых хрысціян, якія ў выніку такіх працэсаў застаюцца без хрысціянскіх каранёў і становяцца індыферэнтнымі ў сваіх адносінах да веры. Ім ўсё роўна, як у маральным сэнсе жыве чалавек, абы толькі ён адчуваў сябе добра. Ім цяжка адрозніць праўду ад няпраўды і дабро ад зла.
У Евангеллі паводле Яна Езус заклікае хрысціян быць злучанымі з Ім так, як галінкі злучаны з дрэвам. Калі галінка не злучана з дрэвам, то яна засохне і не дасць плёну. Менавіта таму Хрыстус кажа, што без Яго нічога не можам зрабіць.
6. Дзякуючы ласцы сакрамэнту хросту, мы былі ўключаны ў Хрыста, сталіся Хрыстовымі і святынямі Духа Святога. І такімі павінны быць. А як на самой справе? Быць Хрыстовым азначае заўсёды і паўсюды жыць Яго Евангеллем, што сучаснаму маладому чалавеку ў абставінах маральнага рэлятывізму і імкнення да абсалютнай свабоды ў сваіх паводзінах вельмі цяжка.
Чалавек знаходзіцца як быццам на скрыжаванні дарог. Ведае, што ёсць дабро, і ў той жа час чыніць зло. Чыніць зло, бо яго вера слабая і не ўкаранёна ў Хрыста. Мы любім пайсці ў пілігрымку, паехаць на вялікі фэст, адведаць той ці іншы санктуарый і г. д. Але на самой справе наша вера вельмі часта толькі вонкавая, абрадавая, больш звязаная з традыцыямі і без адпаведнага ўнутранага і духоўнага жыцця. Таму перад абліччам цяжкасцяў яна слабее і многія нават адказваюцца ад яе.
Паглядзім, колькі статыстычна ў нас ахрышчаных. Нямала. А колькі з іх прымае ўдзел у катэхізацыі? Колькі прыступае да першай споведзі і Камуніі? Колькі потым рэгулярна ў нядзелю і святы ходзіць да касцёла, спавядаецца і прымае Камунію? Чым далей мы ставім пытанні адносна рэлійнага жыцця, тым больш змяншаецца колькасць тых, хто ў ім рэгулярна ўдзельнічае. Гэта рэаліі нашага часу, што мы і называем словам «секулярызацыя».
7. Сучасны свет вабіць чалавека, асабліва маладога, сваімі пустымі абяцаннямі і прапановамі імгненнага дасягнення шчасця. Свет рэкламы настолькі апанаваў чалавека, што ён кідаецца на яе, як галодная рыба на прынаду, і не задумваецца аб выніках.
Табе цяжка, малады чалавек. Тут як тут знаходзіцца нехта, хто прапануе дапамогу. Пойдзем, дам табе наркотык, і ты забудзешся аб сваіх праблемах, табе будзе добра. Адзін, другі, трэці раз — і ўсё, чалавек становіца залежным і ўжо не можа жыць без наркотыкаў. Па статыстыцы кожны трэці вучань сярэдняй школы ў Беларусі знаходзіцца ў сферы ўплыву наркаманаў. Якія іх перспектывы і якая будучыня?
Іншыя шукаюць выйсця ў нязгодным з Божым законам сексуальным жыцці. Расце колькасць маці-школьніц. Іх саміх яшчэ трэба выхоўваць, а яны ўжо маюць дзяцей. Якія перспектывы і для дзяўчыны, і для дзіцяці?
Традыцыйная наша бяда — алкагалізм, памножаная на наркаманію і амаральнае жыццё, вядзе да СНІДу, чумы нашага часу. У Беларусі каля 35 тысяч чалавек, у большасці маладых, захварэлі на гэтую невылечную хваробу. Так што СНІД — гэта ўжо не афрыканская хвароба, але і беларуская.
Многае робіцца ў нас і шмат робяць сусветныя арганізацыі, каб супрацьстаяць СНІДу. Аднак пры гэтым амаль нічога не гаворыцца пра адну і найважнейшую справу — а менавіта пра тое, што не трэба ніякага леку, дастаткова захоўваць шостую Божую запаведзь. У той жа час міжнародныя арганізацыі прапануюць іншае — супрацьзачаткавыя сродкі і бяспечны секс. Тут выразна праглядаецца эканамічная справа. Фармацэўтычныя фірмы будуць рэкламаваць такія сродкі, бо ім гэта выгадна. Тое, што маральна і фізічна гінуць людзі, іх не цікавіць.
8. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: якая наша будучыня, калі нам усё больш і больш пагражае наркаманія, алкагалізм, амаральнае жыццё, СНІД і г. д. — усё тое, да чаго вядзе імкненне да абсалютнай свабоды ў справах маралі, якая на самой справе з’яўляецца свабодай ад Бога і Яго закону? Нашы продкі ўмелі выстаяць падчас ганенняў на веру. Яны выйгралі барацьбу з несвабодай. Ці выйграем мы барацьбу з абсалютнай свабодай? У гэтых складаных абставінах чалавек павінен памятаць, што Божы закон дадзены для яго ж дабра і мы не маем права яго змяняць. Падобна таму, як спроба змянення законаў прыроды вядзе да катастрофы, таксама і змена маральнага закону вядзе да маральнай катастрофы, сведкамі чаго мы і з’яўляемся. Евангелле павінна змяняць нас, а не мы яго, бо гэта кніга жыцця. Касцёл — гэта не клуб па інтарэсах, і ён не можа змяняць Божы закон. Яго задачай з’яўляецца бараніць маральнае права і хрысціянскія каштоўнасці і вучыць людзей жыць паводле іх.
Пасля буры вельмі многа дрэў застаюцца зламанымі і нават паваленымі з каранямі. Але дуб — амаль ніколі. Чаму? Бо ён мае глыбокія карані, якімі трымаецца ў зямлі. Таксама і мы павінны быць укаранёны ў Хрыста. Карані нашай веры павінны глыбока ўвайсці ў Езуса і Яго навучанне. Тады нам не будуць страшныя буры на жыццёвым акіяне сучаснага свету, бо наша вера будзе моцнай.
9. Ці можна пагадзіць маладосць з евангельскім радыкалізмам? Ці не супярэчаць яны адно аднаму? Ці, жывучы паводле духу Евангелля, малады чалавек знойдзе сябе сярод сваіх вельмі часта няверуючых і секулярызаваных аднагодкаў?
Напэўна, гэта нялёгкая справа — быць сучасным і адначасова жыць духам Евангелля. Можна здацца незразумелым, адсталым, нямодным і нават быць высмеяным.
Аднойчы пілігрымка маладых людзей наведала адзін кантэмпляцыйны кляштар. Яны нават сустрэліся з сёстрамі і паразмаўлялі з імі праз кляшторныя краткі. Сярод сясцёр былі і вельмі маладыя. Пілігрымы моўчкі вышлі з кляштара і селі ў аўтобус у вялікай задуме. Але потым распачалося тое, чаго ў такіх выпадках трэба было чакаць. Некалькі юнакоў і дзяўчат пачалі размаўляць пра ўбачанае і нават выказваць спачуванне сёстрам, якія замкнуліся ў кляштары на ўсё жыццё. Былі нават такія словы: «такія прыгожыя і маладыя, як іх шкада, якія няшчасныя». Аднак сярод моладзі знайшоўся адзін, хто сказаў: «Не ўпэўнены, хто з нас больш няшчасны — мы ці яны. Мы часта не ведаем нават сэнсу свайго жыцця, а яны ведаюць, бо свядома яго выбралі і ідуць правераным шляхам, як указаў сам Бог».
Гісторыя ведае шмат маладых людзей, якія жылі свецкім жыццём, як кожны іншы, вучыліся, працавалі, адпачывалі, былі людзьмі свайго часу, але свет і яго ідэі не апанавалі іх, яны заставаліся да канца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, не страцілі хрысціянскай ідэнтычнасці і нават сталі святымі. Напрыклад, благаслаўлёны Джорджыо Фраскацці, які быў любімцам сваіх аднагодкаў, любіў горы, быў вясёлым, але пры ўсім гэтым будаваў сваё жыццё на падмурку Евангелля.
Ён і падобныя яму ў цэнтры свайго жыцця ставілі Бога і веру ў Яго. Гэта давала ім сілы вытрываць.
А ты, малады чалавек, каго і што ставіш у цэнтры свайго жыцця? Калі няма Бога, то ўсё дазволена. Як прырода не церпіць пустаты, так і ў духоўным жыцці яе не можа быць. Таму, калі няма Бога, Яго месца павінна заняць нешта іншае. Гэтым «нешта» найчасцей з’яўляецца нездаровае і нават злачыннае імкненне да багацця і пошук прыемнасцяў. На самой справе яны прадстаўляюць сабой толькі ілюзорнае шчасце, якое хутка лопаецца, як мыльная бурбалка, пакідаючы пасля сябе боль, роспач і пустату.
10. Аднойчы Мікеланджэла разам з сябрамі прагульваўся па парку ў Фларэнцыі. Раптам ён закрычаў: вось ён, вось! «Хто і дзе?» — спыталіся сябры. «Ну вось, анёл, ён тут, — сказаў славуты мастак, паказваючы на глыбу бясформеннага белага мармуру. — Вось ён, арханёл Міхал».
У гэтай глыбе мармуру Мікеланджэла бачыў скульптуру арханёла Міхала. Ён узяўся за працу і долатам ператварыў гэты бясформенны мармур у вельмі прыгожую фігуру.
Можа, і мы ў сваім жыцці з’яўляемся бясформеннай масай. Аднак Бог, як найлепшы мастак, хоча бачыць у нас тых, якія створаны паводле Яго падабенства. Можа, мы страцілі воблік дзіцяці Божага і больш не з’яўляемся святынямі Святога Духа? Можа, у нашых сэрцах валадарыць грэх і роспач? Трэба памятаць, што Божая міласэрнасць бязмежная. Дастаткова толькі кінуцца ў яе абдымкі. Трэба дазволіць Богу, каб Ён сваім долатам праз сакрамэнт пакаяння, любоў да бліжняга і справы міласэрнасці перамяніў нас, з бясформенных зрабіў абагаўлёнымі. А для гэтага нам трэба мець веру моцную і ўкаранёную ў Хрысце, веру, якой не будзе страшна ніякая бура і ніякі вецер на ўзбураным акіяне XXI стагоддзя.
Падчас хросту святар спытаўся ў нас: «Чаго просіце ад Касцёла?» Нашы бацькі і хросныя адказалі: «Веры». — «А што дае вам вера?» — «Жыццё вечнае».
Так, сапраўды, Хрыстус сказаў: «Хто паверыць, той будзе збаўлены».
Дарагія браты і сёстры, дарагая моладзь! Услухаемся ў заклік Святога Айца Бэнэдыкта XVI і нанава адкрыем прыгажосць веры, каб не здрадзіць ёй і, ёю жывучы, быць сучаснымі і адначасова вернымі свайму хрысціянскаму пакліканю, якое з’яўляецца шляхам да шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн.
|
31.07.2011 17:00 |
Брэст, 31 ліпеня 2011 г.
1. Цуд размнажэння хлеба і рыбы, пра які нагадвае сённяшняе Евангелле, з’яўляецца адным з фундаментальных, якія здзейсніў Езус. Абвяшчэнне Хрыстом Валадарства Божага было настолькі моцным і сенсацыйным, што натоўпы людзей прыходзілі паслухаць Яго. Так было і на гэты раз, калі Ён прапаведаваў на пустынным месцы, дзе не было магчымасці знайсці чаго паесці. Апосталы, якім магло здавацца, што Езус не прадугледжваў наступстваў сваіх дзеянняў, падкрэслілі гэтую праблему, бо сапраўды на пустыні не было дастаткова хлеба для вялікага натоўпу людзей.
|
|
|