Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Нявеста майго Бога»
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
03.08.2011 15:31

Пакліканне — вялікая таямніца душы… Часам яно прыходзіць раптоўна, быццам удар маланкі, як здарылася са св. Паўлам па дарозе ў Дамаск. Часам яно прыходзіць праз іншага чалавека. Напрыклад, Андрэй прыводзіць да Пана свайго брата Сымона. Здараецца, што да паклікання прыслухоўваюцца ў пранізлівай цішыні — у такой пакутлівай цішыні, калі раптам чалавек чуе голас: «Ідзі за Мной». Іншы раз пакліканне гучыць як дысананс у цудоўнай і гарманічнай мелодыі свету — і ў гэтым скрыгаце чалавек чуе голас паклікання. Бывае і так, што пакліканне становіцца вынікам усебаковага аналізу, узважвання ўсіх «за» і «супраць», і канчатковы выбар тут не што іншае, як голас паклікання.

Ствараючы чалавека, Пан Бог укладае ў яго сэрца сваю мару. І шчасце чалавека заключаецца ў тым, каб адкрыць гэтую мару і ўвасобіць яе ў жыццё. Разважаючы аб пакліканні, я ўзгадала цікавую сустрэчу ў калоніі для непаўналетніх злачынцаў. Мы прыехалі туды з групай моладзі, каб паказаць тэатралізаванае прадстаўленне і проста сустрэцца з асуджанымі. Сустрэча прайшла хоць і ў напружанай, але ў шчырай атмасферы — былі слёзы, шмат азадачаных твараў і жудасны сум па волі ў вачах… Пасля сустрэчы начальнік калоніі запрасіў мяне на гарбату і спытаў наўпрост: «Якая сволач адбіла ў Вас жаданне выйсці замуж?» Гэтае пытанне выклікала ў мяне ўсмешку, і я ўзгадала многіх людзей, якія задавалі мне падобныя пытанні, праўда, не ў такім шчырым і дзёрзкім тоне.

Многія людзі лічаць, што законніцамі становяцца з-за расчараванняў у каханні. Напэўна, магчымы і такі шлях да манаства… Расчараванне можа стаць для нас стымулам да пошуку сапраўднай любові, як смага — стымулам для таго, каб выправіцца ў шлях і знайсці крыніцу з вадой. Мой шлях пачаўся не з голаду любові, а ад перанасычэння ўсім тым, што мы прывыклі называць жыццёвым шчасцем. Ва ўзросце дваццаці год у мяне было ўсё, аб чым магла б марыць мая равесніца. У мяне было адчуванне перанасычэння і пустаты адначасова. Я разумею ілюзію многіх людзей, асабліва маладых, якія заўсёды ставяць перад сабой умовы для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым: «Калі я паступлю, тады я…» або: «Калі я буду багатай, тады…» Бясконцая чарада «калі…». Самае цікавае заключаецца ў тым, што калі ты набываеш гэтае жаданае «калі», за ім з’яўляецца наступнае «калі», і так да канца жыцця мы ходзім ад «калі» да «калі». І незразумела, каму і навошта мы намагаемся даказаць, што чагосьці каштуем… Некаторыя людзі называюць гэтую ўмоўнасць прагрэсам. Але ці для гэтага нас стварыў Пан?

Ля вытокаў майго паклікання я перажывала глыбокі крызіс — ва ўсім, што мяне акаляла і чым я жыла, не было нічога, вартага майго сэрца, нічога, што магло б супакоіць глыбокі сум і незразумелы заклік. Пан Езус абірае і кліча сам тых, каго Ён хоча. Ён першы палюбіў нас — у Сэрцы Бога нараджаецца кожнае пакліканне. Сэрцам кожнага паклікання з’яўляецца імкненне набыцця сапраўднай любові. Любові, якая перапаўняе тваё сэрца і насычае тваю душу. Любові, якая моцная, як смерць, якую не могуць загасіць вялікія воды, і рэкі яе не затопяць, і калі б хтосьці за яе аддаў багацці свету, яго б адрынулі з пагардай. Хто з нас не марыць аб такой любові? Хто з нас не жадаў бы мець яе?

Любоў — гэта самая глыбокая мара і сум, я б сказала, рана, схаваная ў нашым сэрцы. Любіць і быць любімым — вось яно, сапраўднае шчасце. Любоў прымушае нас выйсці з нашага цеснага свету «я» насустрач іншаму «ты», каб у адзінстве стварыць новае — «мы». Толькі ў «мы» чалавек набывае радасць і паўнату свайго быцця. У выпадку законніцы гэтым «Ты» становіцца сам Хрыстус Пан. Нядаўна адзін з маіх вучняў — кармэлітанскі навіцый — назваў мяне «нявеста майго Бога»… Цяжка нам зразумець гэтую таямніцу… Мне самой вельмі цяжка было прыняць і згадзіцца са сваім манаствам, хоць з перспектывы часу я бачу: усе падзеі ў маім жыцці вялі мяне да манаства. Цэлы год я супраціўлялася і намагалася знайсці апраўданне маёй упартасці і страху, цэлы год я намагалася пераадолець сцяну нашых стэрэатыпаў. Калі я ўпершыню адчула настойлівы заклік Езуса, то спытала ў Яго: «Чаму я? Як мне, смяротнай жанчыне, любіць Усемагутнага і Вечнага Бога? Як любіць Нябачнага і Укрытага?» Ужо шаснаццаць год я ў сям’і Езуса і да гэтага часу не магу ясна растлумачыць, як любіць Караля Сусвету. Я проста Яго люблю, як магу і як умею — усім сваім сэрцам, усім сваім розумам, усёй сваёй сутнасцю, з усіх сваіх сіл. У кожнай любові свая гісторыя і свой непаўторны твар, свая смерць і сваё ўваскрасенне…

…У начальніка калоніі я спытала, ці ёсць у яго жонка, і ён адказаў: «Так, мы даўно разам». Я сказала яму: «Вы — добры і цікавы чалавек, але я нават уявіць сабе не магу адной гадзіны побач з Вамі, не кажучы ўжо пра тое, каб жыць з Вамі пад адным дахам. Я не ведаю, чаму Ваша жонка абрала менавіта Вас. Гэта можа быць па-чалавечы відавочна, але згадзіцеся, у глыбіні свайго сэрца Вы самі разумееце, што гэта — вялікая таямніца».

Любоў — гэта таямніца. Манаства — гэта асаблівая, незразумелая для сучаснага свету таямніца, але яна — сапраўдная, у ёй смерць і ўваскрасенне, у ёй чысціня, у ёй страсць і цнатлівасць, у ёй подзвіг і мужнасць маўклівага мучаніцтва.

С. Нунэ Цітаян MSF
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.