Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Пальмовую нядзелю
|
18.04.2011 11:23 |
17 красавіка 2011 г., мінская архікатэдра
Дарагія браты і сёстры!
1. Напэўна, не аднаму з нас і не адзін раз давялося весці машыну, думаючы, што едзем у добрым напрамку, а потым аказвалася, што рухаемся ў адваротным. Каб даехаць да мэты нашага падарожжа, нам трэба было развярнуцца і ехаць у іншы бок.
Штосьці падобнае і з галоўнай ідэяй Пальмовай нядзелі. Мы часта думаем як жыхары і госці Ерузалема, што Пальмовая нядзеля вядзе нас у адным напрамку, а насамрэч — зусім у іншым.
2. Натоўп людзей у той дзень у Ерузалеме чакаў перамен. Рымская акупацыя была падобна да егіпецкай няволі, з якой іх прадзеды былі цудоўным чынам вызвалены. Наступаў тыдзень, калі габрэі святкавалі сваю Пасху. Эмоцыі нарасталі. Вялася падрыхтоўка да супольнага спажывання пасхальнай ежы, як кульмінацыйнага моманту святкавання вызвалення з егіпецкай няволі.
Такой самай надзеяй на вызваленне з рымскага гнёту жылі і габрэі ў часы Езуса Хрыста. Гэтую надзею яны ўсклалі на Яго падчас урачыстага ўваходу ў Ерузалем. Ён ведаў, што быў папулярным, бо карміў людзей, іх лячыў, уваскрашаў з памерлых, сваімі прамовамі захапляў сэрцы слухачоў.
3. Гэта быў не першы раз, калі натоўп шукаў лідара, і, напэўна, не апошні. Таму ён з такім энтузіязмам вітаў Езуса, які ўязжаў на асле ў Ерузалем пад гукі слоў: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны, хто прыходзіць у імя Пана». Тады здавалася, што дарога, якой ехаў Езус, вяла да вызвалення ад рымскай акупацыі і адраджэння палітычнай і эканамічнай моцы выбранага народу.
Аднак, паводле Божага плану, дарога Пальмовай нядзелі мела іншы сэнс, бо была дарогай, якая вяла да ахвяры. Гэта не быў шлях, які запланаваў натоўп, але які запланаваў Бог.
4. У радасным святкаванні Пальмовай нядзелі мы часта забываем, што ўжо праз некалькі дзён той самы натоўп людзей будзе жадаць смерці Езуса. Гэта нагадвае пра тое, што дарога Езуса вядзе зусім у іншым напрамку.
У першым чытанні Ісая прадказвае мучэнні і смерць Збаўцы. І так сталася. Можна задаць пытанне: чаму? Таму, што шлях, якім ішоў Езус, быў шляхам пакоры, любові, служэння іншым, надзеі і падтрымкі. Гэта быў шлях збаўлення, а не панавання. Гэта быў шлях Божага валадарства, а не зямнога валадара. Гэта быў шлях Божай, а не зямной хвалы. Гэта быў шлях праведнасці, а не рымскага гнёту.
5. У сучасным цывілізаваным свеце чалавеку, які робіць добрыя ўчынкі і на гэтым шляху вылучаецца з іншых, шануюць, даюць узнагароды, нават прысуджаюць Нобелеўскія прэміі. Езус, аднак, не чакаў такой узнагароды. І як вынік гэтага, той самы натоўп, які з энтузіязмам вітаў Езуса, у сваёй злосці, баязлівасці і мітусні адвярнуўся ад Яго.
6. Такім чынам, шлях Езуса ў Ерузалем з трыумфальнага замяніўся ў шлях цярпення, якое Ён зносіў мужна і ад якога не адмовіўся, бо такі быў Божы план. Гэта была дарога не на пляц каранацыі, а на Галгофу. Адбылася, кажучы сучаснай мовай, дыверсіфікацыя дарогі, бо Божыя планы — не людскія. Дарога Езуса — гэта дарога ахвяры, праз якую прыйшло ў свет збаўленне і вечнае жыццё.
Калі крыж і ахвяра спадарожнічаюць жыццю чалавека, то яны асаблівым чынам сталі часткай жыцця нашага грамадства ў апошнія часы. Увесь свет перажывае разам з намі трагедыю мінскага метро, якая адбылася падчас Вялікага посту і якая ўпісваецца ў ахвяру Хрыста на Галгофе.
Мы молімся, каб міласэрны Бог прыняў у сваё валадарства нявінна забітых, адарыў ласкай здароўя параненых і суцешыў смуткуючых. Таму, святкуючы Пальмовую нядзелю, нам трэба памятаць аб ахвярах гэтай трагедыі.
Пальмовая нядзеля ўводзіць нас у Вялікі тыдзень, прысвечаны разважанням пра крыжовы шлях, смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста. У сваім, часта далёкім ад вернасці Евангеллю, жыцці нам таксама неабходна змяніць яго напрамак і не баяцца прайсці сваім крыжовым шляхам разам з Хрыстом, каб ён стаўся шляхам збаўлення. Амэн.
|
Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю
|
15.04.2011 17:21 |
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус
«Нягледзячы на маю маласць, я б хацела асвячаць душы, падобна прарокам і дактарам, маю пакліканне быць апосталам; я б хацела абысці свет, абвяшчаючы Тваё імя…»
Мае дарагія сёстры і браты! Сёння распачынаем серыю канферэнцый, прысвечаных жыццю і духоўнасці св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Я добра ўсведамляю, што многія з вас шмат пра яе чулі, можа, многія з вас выбралі святую ў якасці апякункі. Але, напэўна, ёсць і тыя, хто менавіта сёння ўпершыню пачуе пра святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус, пра тое, што яна з’яўляецца апякункай каталіцкіх місій.
Дык, кім жа, мае дарагія, была гэтая святая законніца, пра якую будзем разважаць?
Марыя Францішка Тэрэза нарадзілася 2 студзеня 1873 г. і была дзевятым дзіцём у сям’і Мартэн. Калі дзяўчынка мела чатыры з паловай гады, памерла яе маці. «Другой» маці для Тэрэзы стала яе старэйшая сястра Паўліна.
Прыступіла да Першай святой Камуніі. У 14 гадоў прыняла рашэнне ўступіць у кармэліцкі ордэн, дарэчы, як і дзве іншыя яе сястры. Гэтае рашэнне не было лёгкім для дзяўчыны, як не была лёгкай і рэалізацыя яе прагненняў. Аднак, урэшце, жаданне Тэрэзы здзейснілася, і 9 красавіка 1888 года яна паступіла ў Кармэль.
Менавіта ў Кармэлі настаяцельніца просіць Тэрэзу, каб спачатку апісала сваё дзяцінства, а пазней, падчас цяжкай хваробы, распавяла ў пісьмовай форме пра сваё манаскае жыццё. Гэтыя нататкі, якія носяць назву «Гісторыя адной душы», яна закончыла ў ліпені, за некалькі месяцаў да сваёй смерці. Памірае 30 верасня 1897 г., ва ўзросце 24 гадоў.
Нехта мог бы сказаць, што такая маладая асоба не можа нічога новага сказаць пра жыццё, бо яшчэ не паспела атрымаць жыццёвага вопыту.
У адказ на гэта ўзгадваюцца словы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў 1997 годзе на плошчы Св. Пятра, абвясціў мільёнам людзей ва ўсім свеце, што «адбываецца нешта незвычайнае». «Хаця ты і не магла вучыцца ва ўніверсітэце, не магла скончыць нейкага сістэматычнага навучання… Аднак з сённяшняга дня ты будзеш называцца доктарам Касцёла», — казаў пра святую Ян Павел ІІ.
Якой жа вялікай была тады наша радасць, калі здзейснілася тваё жаданне быць доктарам. Здзейснілася тваё прагненне паказваць чалавеку, як ісці да Хрыста і з Хрыстом; як любіць Яго і рабіць усё, каб Яго любілі; як ісці па жыцці, каб у абдымках Айца знайсці супакой і радасць ад быцця Божым дзіцём.
Словы, напісаныя святой за некалькі месяцаў да смерці, з’яўляюцца найлепшым акрэсленнем яе паклікання: «Адчуваю, што мая місія хутка распачнецца; місія прыцягвання душаў да любові Бога так, як я Яго люблю, паказвання маёй маленькай дарогі».
Як бачым, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус можа шмат сказаць нам пра жыццё. Кажа нам пра любоў да Бога, да Касцёла, падказвае, якім чынам мы сёння можам быць святымі, нягледзячы на нашу грахоўнасць і мізэрнасць. Падказвае нам тады, калі мы засмучаныя, разгубленыя, калі ўсё выпадае з рук, што ёсць надзея, што нельга паддавацца, але варта давяраць Пану Богу.
Прыгледзімся, мае дарагія, колькі з нас адчувае падобныя сітуацыі ў жыцці. Колькі з нас спрабуе ўчыніць шлях святасці сваім шляхам, у той жа час паўтараючы, што гэта нам не ўдаецца, бо мы пастаянна падаем.
Падумаем, колькі з нас, сабраных тут, або ў нашых дамах, у нашай Айчыне тых, хто ўжо згубіў усялякую надзею на лепшае заўтра. Колькі з нас шукае працы, сродкаў для ўтрымання сям’і, але не мае надзеі на змены. Менавіта да такіх людзей прыходзіць св. Тэрэза, каб паказаць сваім жыццём, што часам і яна сутыкалася з безнадзейнасцю, што і ёй часам было цяжка. Аднак св. Тэрэза хоча даць кожнаму святло надзеі, якое ёсць у Богу. Яна кажа, што адзіная надзея знаходзіцца ў даверы Богу, які з’яўляецца найлепшым Айцом.
Нам неабходна даверыцца, бо часам мы бездапаможныя, быццам дзеці, і многага не разумеем. І, як дзеці, нічога не можам зрабіць. Менавіта тады святая падказвае нам: «Нават калі ў маім сэрцы бушуе бура, узношу да Цябе мой позірк, а ў Тваім любячым позірку чытаю: Дзіця, для цябе Я стварыў Неба».
Менавіта гэты позірк, скіраваны ўверх, звыш усялякай слабасці, звыш магчымасцяў, з’яўляецца пярлінай Тэрэзы. Гэтым даверам, які «не разумее», што Бог не можа не быць добрым, яна перамагае ў кожнай сітуацыі. І св. Тэрэза кажа, што калі даверуся Богу, як дзіця сваім бацькам, сваёй маці і свайму тату, то таксама знайду выйсце з кожнай сітуацыі.
Сёння Бог у св. Тэрэзе прыходзіць да нас, людзей ХХІ стагоддзя, загубленых, параненых, нярэдка занадта ўпэўненых у сабе, трываючых у безнадзейнасці адносна заўтрашняга дня. Дазволім жа ўвайсці Яму ў нашае жыццё праз словы св. Тэрэзы: «Мае дарагія, заахвочваю кожнага і кожную з вас да гэтага цудоўнага падарожжа праз жыццё св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус».
«Мой Божа. Благаслаўлёная Тройца, прагну любіць Цябе і старацца, каб Цябе любілі, працаваць дзеля хвалы святога Касцёла, ратуючы душы, якія на зямлі, і выпрошваючы збаўленне тым, якія ў чыстцы… Адным словам, прагну быць святой: адчуваю, аднак, маю слабасць і прашу Цябе, мой Божа: Ты сам будзь маёю святасцю», — малілася святая Тэрэза.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча, падары нам гэтую хвіліну, каб разам з табой любіць Пана, каб праслаўляць з табой Пана ў гэты дзень, сённяшні, адзіны.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, маліся за нас! |
Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прымеркаванай да 80-годдзя Інстытута філасофіі НАН Беларусі
|
14.04.2011 17:26 |
14 красавіка 2011 г.
Глыбокапаважаны Анатоль Аркадзьевіч Лазарэвіч — дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — члены навуковай рады, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, усе прысутныя. Дазвольце выказаць сардэчную ўдзячнасць за запрашэнне на святкаванне 80-годдзя вашага інстытута і выказаць свае шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з гэтай нагоды.
З перспектывы вечнасці 80 гадоў — гэта нямнога. Аднак, беручы пад увагу гістарычныя абставіны, у якіх прыйшлося дзейнічаць інстытуту, — гэта шмат. За перыяд існавання ўстанова прайшла вялікі працэс станаўлення і пашырэння гарызонтаў сваёй дзейнасці. Сёння інстытут займаецца не толькі праблемамі класічнай філасофіі, але таксама рэлігіязнаўствам і філасофіяй рэлігіі. Такім чынам, абапіраючыся на рацыянальную логіку і веру, Інстытут філасофіі комплексна падыходзіць да праблематыкі быцця і да выпрацоўкі філасофскага погляду на свет, а таксама спрыяе развіццю адносін паміж навукай і верай.
У наш час, калі сучасны свет, з аднаго боку, усё больш і больш становіцца секулярным, а з іншага, адчувае патрэбу вечных каштоўнасцяў, вельмі важнымі становяцца адносіны грамадства з рэлігійнымі ўстановамі. З радасцю неабходна падкрэсліць, што ў Беларусі яны развіваюцца паспяхова і маюць пазітыўную дынаміку. Вялікая заслуга ў гэтым належыць Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які супрацоўнічае з рознымі рэлігійнымі арганізацыямі, у тым ліку і з Каталіцкім Касцёлам.
Упэўнены, што гэта супрацоўніцтва можа і павінна быць яшчэ больш актыўным і паспяховым. Ведаючы адкрытасць Інстытута філасофіі, спадзяюся на далейшае развіццё гэтых адносін на карысць нашага грамадства і фармавання новага чалавека ў адпаведнасці са знакамі часу, а таксама для яго духоўна-культурнага развіцця.
Кожная круглая дата ці юбілей — гэта добрая нагода для падвядзення вынікаў працы, для таго, каб заглянуць у будучыню і ствараць новыя планы. Безумоўна, Інстытут філасофіі можа па праву ганарыцца сваімі дасягненнямі. Аднак нельга толькі спачываць на лаўрах, трэба ісці наперад. Лацінская прыказка кажа: «Qui non progredit — regredit» («Хто не ідзе наперад, той адступае назад»). Упэўнены, што 80-гадовая праца інстытута будзе добрым падмуркам для далейшай навукова-даследчай працы.
Святкуючы юбілей беларускай філасофскай школы, ад усяго сэрца жадаю інстытуту, яго кіраўніцтву і супрацоўнікам моцнай любові да мудрасці, гэта значыць быць сапраўднымі філосафамі, каб вера і розум вялі да пазнання праўды, а праз яе — да дабра.
Няхай Бог, Творца сусвету і самы дасканалы філосаф, адорыць усіх вас патрэбнымі дарамі і ласкамі і благаслаўляе на новыя дасягненні.
У новы шлях і новую творчую будучыню Інстытут філасофіі!
Ad multos annos! На многія леты!
Дзякую за ўвагу. |
|
|