«Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам — бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда...».
«...Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока...».
«Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. (...) І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго. Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян».
«Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
«Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?».
«Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое».
«Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам».
«Захарыя, бацька Яна, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ свой, і ўзняў рог збаўлення для нас у доме Давіда, слугі свайго. Як абвясціў спрадвеку вуснамі сваіх святых прарокаў, што збавіць нас ад ворагаў нашых і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць».
«Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: Пане! Слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна пакутуе. Езус кажа яму: Я прыйду і вылечу яго. Сотнік жа сказаў у адказ: Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой».
«У той час ўзрадаваўся Езус у Духу Святым і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне. Усё перададзена мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, апроч Айца, і хто ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць».