Быць вернымі свайму пакліканню
Мінская архікатэдра, 10 студзеня 2010 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Хросту Езуса Хрыста. Евангелле распавядае пра тое, як Езус прыйшоў на бераг Ярдана, дзе св. Ян хрысціў народ. Натхнёны Духам Святым, у Езусе ён пазнаў Месію і паказаў Яго людзям як баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету. Езус жа, у сваю чаргу, просіць Яна, каб ахрысціў Яго. Езусу не патрэбны быў хрост, бо Ён — Бог. Аднак Езус прымае хрост з рук Яна Хрысціцеля, каб пасля распачаць сваю публічную місію абвяшчэння Евангелля. Падобна і з чалавекам: спачатку ён нараджаецца фізічна — з улоння сваёй маці, затым жа духоўна — падчас хросту, які ўводзіць яго ў касцёльную супольнасць, каб ён стаў членам Касцёла, мог дзейнічаць у ім публічна і прымаць удзел у сакрамэнтах.