«Езус прыйшоў да Галілейскага мора, і ўзышоўшы на гару, сеў там. І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых, і клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх. Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля».
«Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але толькі той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале».
«Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: Змілуйся над намі, Сыне Давіда! І калі Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго. І кажа ім Езус: Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: Так, Пане! Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх і сказаў: Няхай станецца вам паводле веры вашай».
«...Жніво, сапраўды, вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі».
«...Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне».
«І вось людзі прынеслі на насілках чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабавалі ўнесці яго ў дом і пакласці перад Ім. І калі з-за натоўпу не змаглі пранесці яго, залезлі на страху дома і праз дах спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. І Ён, убачыўшы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
«Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
«...Езус сказаў: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі».
«Езус сказаў народу: Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не было большага за Яна Хрысціцеля; але найменшы ў Валадарстве Нябесным — большы за яго».
«Езус сказаў народу: З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звяртаючыся да сваіх аднагодкаў, кажуць: Мы гралі вам, а вы не танцавалі, мы галасілі, а вы не плакалі. Бо прыйшоў Ян, які не еў і не піў; і яны кажуць: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: Вось чалавек, які любіць есці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў. І была апраўдана мудрасць справамі сваімі».