Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармэлітаў у Беларусі
21.12.2009 13:51
Мядзель, 20 снежня 2009 г.

Узрадуемся разам з Марыяй

Глыбокапаважаныя айцы кармэліты, сёстры законныя, госці, браты і сёстры!

Сёння ў гістарычнай кармэліцкай парафіі ў Мядзелі мы адзначаем юбілей 20-годдзя аднаўлення працы кармэлітаў у Беларусі. 20 гадоў — гэта вельмі мала ў параўнанні з сусветай гісторыяй. Аднак калі прыняць пад увагу тое, у якіх абставінах трэба было працаваць і што за гэтыя гады было дасягнута, — гэта зусім нямала.

Я добра памятаю той дзень, калі нам перадалі касцёл у Мядзелі і тут адбылася першая пасля многіх дзесяцігоддзяў святая Імша. Нягледзячы на тое, што тады ішоў вялікі дождж, людзей было шмат. Мы пяшком падымаліся на горку. Біскуп, генерал ордэна кармэлітаў, айцы кармэліты і святары. Памятаю, што падчас гэтага пад’ёму па слізкай мокрай зямлі я сказаў генералу, які ішоў побач: мы як быццам узбіраемся на гару Кармэль. Ён адказаў: сапраўды так. Па яго вачах было бачна, якім важным у адраджэнні служэння айцоў кармэлітаў у Беларусі быў момант новага распачацця працы на зямлі, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў была палігонам атэізму, зноў падымацца ўверх, зноў весці людзей да духоўнай дасканаласці. А дождж ішоў і ішоў. І я адказаў айцу генералу, што паводле усходняй традыцыі дождж — гэта знак Божага благаслаўлення.

Сапраўды, Бог шчодра благаслаўляе айцоў кармэлітаў у іх працы ў нашай бацькаўшчыне. Адноўлены касцёл у Мядзелі. Адраджаецца мядзельская Кальварыя — пакуль што адзіная ў Беларусі. Гэта гістарычнае месца пілігрымак, і яно павінна быць адноўлена. Пілігрымкі маюць вельмі вялікае значэнне як у адраджэнні, так і ва ўмацаванні рэлігійнага жыцця. Гэта не толькі малітва пілігрымаў, але таксама іх хрысціянскае сведчанне, якога так патрабуе сучасны свет у справе здзяйснення новай евангелізацыі. Падчас візіта аd limina apostolorum беларускіх біскупаў у Ватыкан, які завяршыўся тры дні таму, у Папскай радзе па справах свецкіх на гэта звярнулі вялікую ўвагу.

Айцамі кармэлітамі адноўлены таксама касцёл святога Андрэя, апостала, у Нарачы. Курортнае месца, дзе людзі папраўляюць сваё здароў’е, зноў стала месцам, дзе яны маюць магчымасць паправіць свой духоўны стан, бо кожны касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Касцёл і парафіяльны цэнтр у Нарачы сталі таксама месцам фармацыі моладзі і правядзення рэкалекцый для юнакоў у межах душпастырства паклікання да святарства. Нарач стала вядомай не толькі сваімі здраўніцамі, цудоўным возерам, рынкам, але і прыгожым неагатычным касцёлам, у якім адбываюцца цудоўныя набажэнствы і канцэрты духоўнай музыкі.

Айцы кармэліты працуюць у Мінску, нядаўна распачалі працу ў Горках, дзе некалі ў селькагаспадарчай акадэміі вучыўся кармэліт кс. Рафал Каліноўскі, які сваім багатым і трагічным жыццём асвяціў гэтую зямлю, таксама як і Сібір, куды быў сасланы.

Нагадваючы пра дзейнасць ордэну кармэлітаў у Беларусі, нельга не узгадаць Гудагай, дзе знаходзіцца вельмі дарагі мне касцёл с цудоўным абразом Маці Божай, які быў укаранаваны папскімі каронамі. Менавіта там 20 гадоў таму, 25 ліпеня 1989 г., было абвешчана аб прызначэнні першага біскупа ў Беларусі. Сёння там таксама запланавана будаўніцтва Кальварыі.  

Айцы кармэліты прымаюць актыўны ўдзел у жыцці мясцовага Касцёла, аб чым сведчыць не толькі парафіяльная дзейнасць, але таксама рэкалекцыі, якія яны праводзяць, апекаванне рознымі групамі вернікаў. А адзін з айцоў кармэлітаў з’яўляецца духоўным айцом навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Нельга не ўзгадаць і пра сясцёр кармэлітанак, якія малітвай, сузіраннем, катэхетычнай працай актыўна садзейнічаюць адраджэнню Касцёла ў Беларусі і здзейсненню яго місіі ў наш час, які вельмі патрабуе сведкаў малітвы.  

Сённяшняе Евангелле распавядае пра адведзіны Марыяй дома Захарыі і Альжбеты, якая была ў благаслаўлёным стане і чакала нараджэння папярэдніка Збаўцы — св. Яна Хрысціцеля. Гэта сцэна сустрэчы дзвюх маці — маці Хрыста і маці Яго папярэдніка. Якая радасць выказана ў словах Альжбеты, калі яна ўсклікае: адкуль мне гэта, што маці Збаўцы прыходзіць да мяне? На самой справе не толькі маці Збаўцы тады завітала ў дом Захарыі і Альжбеты, але і сам Збаўца, які сваёй ласкай вызваліў свайго папярэдніка ад першароднага граху.

Марыя, якая падчас Звеставання згадзілася з воляй Божай і потым паспяшалася на дапамогу Альжбеце, на яе прывітанне адказвала словамі вядомага нам гімна «Magnificat», якім яна праслаўляе Бога за вялікія рэчы, якія Ён учыніў ёй.

Ордэн кармэлітаў, які быў заснаваны ў гонар Панны Марыі і цесна звязаны з гарой Кармэль, дзе жыў прарок Ілля, сёння таксама спявае гімн «Magnificat». Бо, сапраўды, Усемагутны Бог учыніў яму вялікія рэчы. Пасля многіх дзесяцігоддзяў забароны дзейнасці ў Беларусі ордэн адрадзіўся і настолькі ўвайшоў у жыццё лакальнага Касцёла, што стаў яго інтэгральнай часткай. Сёння цяжка ўявіць сабе Касцёл у нашай краіне без кармэлітаў.

Учыніўшы ордэну вялікія рэчы, Бог праз айцоў і братоў чыніць іх і ў Касцёле, бо ордэн садзейнічае адраджэнню і дзейнасці Касцёла ў Беларусі.

Сімвалічна, што юбілей 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармэлітаў у Беларусі адзначаецца ў апошнюю, чацвёртую нядзелю Адвэнту, перад самым Божым Нараджэннем. Мы з радасцю чакаем гэтых блізкіх кожнаму з нас і такіх родных святаў. Больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме ажыццявілася тамніца Богаўцелаўлення. Бог стаў чалавекам для нас і нашага збаўлення. Праз сваё ўцелаўленне Ён увайшоў у чалавечую гісторыю, стаў блізкім і дасягальным для нас. Ён збавіў чалавека на дрэве крыжа праз сваю смерць і ўваскрасенне. Таму ў літургічным календары першае месца па значнасці займае Вялікдзень, а потым Божае Нараджэнне.

Мой першы пробашч у Вострай Браме ў Вільнюсе (Літва), які вельмі любіў Панну Марыю, казаў: мы ведаем, што першыя месцы па значнасці ў літургічным календары займаюць Вялікдзень і Божае Нараджэнне, бо менавіта праз іх ажыццявілася таямніца нашага збаўлення, аднак не было б ні аднаго, ні другога, калі б не было Марыі і яе згоды з Божай воляй. Кармэліты таксама згадзіліся з воляй Пана і, нягледзячы на многія цяжкасці, вярнуліся працаваць у Беларусь. Выказваючы ім сваю ўдзячнасць і глыбокую пашану, хачу пажадаць, каб праз іх служэнне Бог нараджаўся ў сэрцах як мага большай колькасці людзей. Наша айчына будзе такой, якімі будуць людзі ў ёй. Мы самі павінны каваць свой лёс. І тут усё залежыць ад таго, на якім падмурку мы збіраемся будаваць нашае жыццё. На падмурку інтарэсаў сучаснага секулярнага свету? На падмурку менталітэту сучаснага чалавека, які жадае, падобна як рымляне, хлеба і гульняў? На падмурку маральнага рэлятывізму, які сцвярджае, што няма і не можа быць абсалютнай ісціны, што ў свеце ўсё адносна і, калі змяняюцца абставіны жыцця, то могуць змяняцца і маральныя нормы? На падмурку філасофіі абсалютнай свабоды, якая не прымае ніякіх маральных нормаў? Ці на падмурку дадзенага нам Богам маральнага закону, на падмурку васьмі Божых благаслаўленняў, якія павінны быць magna carta — вядучай нормай у будаванні нашага жыцця?
 
Няхай дэвіз кармэлітаў: «Гарлівасцю запалаў на хвалу Бога» — натхніць нас на новыя гераічныя ўчынкі ў справе евангелізацыі, да якой Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў беларускіх біскупаў падчас візіту аd limina. Няхай гэты дэвіз спрыяе пашырэнню маральнасці на нашай зямлі, каб мы ўсе разам з Марыяй спявалі свой «Magnificat», бо, сапраўды, вялікія рэчы Бог учыніў і працягвае чыніць на нашай зямлі. Амэн.   

 
Бэнэдыкт XVI паабяцаў маліцца аб жыццяздольнасці Касцёла ў Бельгіі
18.12.2009 18:21

18 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю дэлегацыі Каталіцкага Касцёла з Валоніі (рэгіён Бельгіі). Падчас сустрэчы Папа абяцаў маліцца ў інтэнцыі жыццяздольнасці Касцёла ў гэтым краі. Варта адзначыць, што з Валоніі паходзіць елка, якая ў гэтым годзе была ўсталявана на плошчы Святога Пятра ў Апостальскай Сталіцы.

 
Ксёндз Норберт Вольф: моладзь з Германіі можа павучыцца энтузіязму беларускай моладзі (інтэрв’ю Catholic.by)
18.12.2009 14:51

150 год таму, 18 снежня 1859 г., італьянскім святаром Янам Боска было заснавана Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіянаў). Паслядоўнікі св. Боска ўжо больш за 10 год працуюць і ў Мінску. Ксёндз Норберт Вольф SDB, прарэктар Салезіянскага тэалагічнага універсітэта ў Бэнэдыктбойерне (Германія), распавёў нашаму карэспандэнту пра дзейнасць салезіянаў у свеце на сучасным этапе, параўнаў сітуацыю ў Германіі і Беларусі, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы салезіянаў у Мінску.

 
Святы Айцец сустрэўся з новымі пасламі пры Апостальскай Сталіцы
18.12.2009 12:53

Рэлігія павінна быць фактарам супакою, а не канфлікту, — такой была асноўная думка Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы Папы з васьмю новымі пасламі, якакя адбылася 17 снежня 2009 г. На супольнай аўдыенцыі Пантыфік прыняў прадстаўнікоў Кеніі, Судана, Уганды, Даніі, Фінляндыі, Літвы, Казахстана і Бангладэш, якія склалі Папу даверныя граматы.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў базыліцы св. Яна на Латэране ў межах візіту ad limina
16.12.2009 13:27

16 снежня 2009 г., Апостальская Сталіца, базыліка св. Яна на Латэране

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як вучні святога Яна Хрысціцеля звярнуліся да Езуса з пытаннем: ці сапраўды Ён з’яўляецца Месіяй, або ім трэба чакаць іншага? Адказ Хрыста быў вельмі простым. Паглядзіце, — адказаў Ён, — хворыя вылечваюцца, глухія чуюць, сляпыя бачаць, злыя духі выганяюцца.

Дарагія браты ў біскупскім служэнні, ці не тое самае мы бачым сёння пасля амаль 2000 год абвяшчэння ў свеце Евангелля? Езус жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Але ці бачыць Яго там і ці верыць у Яго сучасны чалавек? Відаць, на гэтае пытанне нельга даць станоўчы адказ. Колькі ў наш час адыходаў ад веры! Колькі злачынстваў супраць яе і праяваў амаральнасці! Сучасны свет, калі прыняць усё гэта пад увагу, можна параўнаць з грахоўным балотам! Секулярызм, маральны рэлятывізм і агрэсіўны лібералізм распаўсюджваюцца вельмі хутка. Гэта своеасаблівая «ракавая пухліна» сучаснасці, праяўленні новага «грыпу», ад якога цяжка знайсці эфектыўную вакцыну. Мы прызвычаіліся да таго, што кожны год, асабліва зімой, людзі хварэюць на грып. А ў гэтым выпадку мы маем справу з імкненнем людзей да абсалютнай свабоды, філасофія якой сцвярджае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна, і заражае свет вірусам секулярызму.

У такіх абставінах чалавек з нясталай верай падобны да трасціны, якая калыхаецца ад ветру, або да флюгера, які накіроўваецца ў той бок, куды дзьме вецер. А вецер сучаснага свету вядзе не да Бога, а ад Яго. І чалавек, які кажа, што з’яўляецца веруючым, з іншага боку нярэдка не імкнецца жыць паводле евангельскага радыкалізму і нават задае пытанне: ці сапраўды Бог прысутнічае ў Касцёле? Веру ў Бога, але не ў Касцёл, — кажа такі чалавек. Не знаходзячы ў Касцёле свайго задавальнення, ён кідаецца ў іншую крайнасць — пачынае займацца магіяй, гаданнем, чарамі.

Што мы можам параіць такому чалавеку, якім чынам можам дапамагчы, як вярнуць яго на шлях праўды? Такія і падобныя пытанні ставіць перад намі сучасны свет. І мы павінны на іх адказаць. Мне здаецца, што найлепшы адказ дае сённяшняе Евангелле, якое кажа: паглядзіце, людзі, якія былі хворымі духоўна і фізічна, вылечваюцца. Трэба толькі зняць цёмныя акуляры і ўбачыць гэта.

Савецкі Саюз хварэў на цяжкую хваробу атэізму, які прывёў да масавага бязвер’я. Аднак Бог на нашых вачах учыніў цуд. Ён дараваў нам свабоду веравызнання і лекі ад гэтай атэістычнай хваробы, якія мы атрымліваем у Касцёле і праз дзеянне Касцёла як сакрамэнта паўсюднага збаўлення.

На вялікі жаль, чалавек сам адмаўляецца ад гэтых лекаў. Гэтым ён у другі раз наступае на тыя ж самыя граблі. Мы вытрымалі выпрабаванне пераследам веры, але ці вытрымаем выпрабаванне свабоды? Таму нашым, як біскупаў, абавязкам з’яўляецца паказаць людзям гэтыя лекі і навучыць іх карыстацца імі.    

Сімвалічна, што апошняй базылікай, дзе мы супольна цэлебруем святую Імшу ў межах сёлетняга візіту аd limina, стала святыня св. Яна на Латэране — катэдра Папы як біскупа Рыма, маці касцёлаў усяго свету.

Касцёл дае лекі сучаснаму свету найперш праз навучанне Святога Айца, які вельмі моцна заклапочаны маральным станам сучаснага чалавека. Праблема ў тым, што чалавек не надае гэтаму ўвагі.

Папросім сёння, у гэтай такой значнай для Каталіцкага Касцёла базыліцы, каб Дух Святы адарыў нас патрэбнымі дарамі ў практычнай рэалізацыі тых рэкамендацый, якія мы ўжо атрымалі і яшчэ атрымаем ад Папы, каб мы здолелі духоўна аднавіць наша грамадства і каб людзі сапраўды зразумелі, што Месія прыйшоў і дзейнічае ў сваім Касцёле — сакрамэнце паўсюднага збаўлення. Амэн.

 
Кардынал Бэртонэ прадставіў галоўныя кірункі Пантыфікату Бэнэдыкта XVI
15.12.2009 17:08

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў для французскага тэлеканала КТО галоўныя рысы Пантыфікату Святога Айца. Прыярытэтам Пантыфікату Бэнэдыкта XVI, па словах кардынала Бэртонэ, з’яўляецца «новая евангелізацыя», якая базуецца на аргументацыі хрысціянскай адметнасці і яе паглыбленні праз вывучэнне тэалагічных і душпастырскіх тэкстаў.

 
Ксёндз Андрэй Рылка. Адвэнтовыя MP3-рэкалекцыі на Catholic.by
15.12.2009 16:34

З 15 па 19 снежня 2009 г. на нашым партале праходзілі адвэнтовыя рэкaлекцыі ў фармаце МР3. Пяць канферэнцый, якія прапанаваў вашай увазе кс. Андрэй Рылка, прысвечаны тэме вернасці асабістаму хрысціянскаму вопыту адносінаў з Богам.

 
На гэтым тыдні Святы Айцец падпіша дэкрэт аб гераічнасці цнот Яна Паўла ІІ
15.12.2009 13:11

На гэтым тыдні Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падпіша дэкрэт аб гераічнасці цнот Слугі Божага Яна Паўла ІІ і дэкрэт аб мучаніцтве кс. Ежы Папялушкі. Дэкрэт аб гераічнасці цнот Вялікага Папы стане яшчэ адным крокам на шляху да беатыфікацыі.

 
Візіт аd limina біскупаў Беларусі ў Апостальскую Сталіцу
11.12.2009 16:00

11–17 снежня 2009 г. каталіцкія біскупы Беларусі прабываюць з візітам аd limina ў Апостальскай Сталіцы. Кульмінацыйнымі момантамі візіту з’яўляюцца дзве сустрэчы са Святым Айцом: кожнаму біскупу Папа ўдзяляе прыватную аўдыенцыю, а на заканчэнне сустракаецца з усімі іерархамі.

 
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Прэзідэнтам В’етнама і прадстаўнікамі епіскапату Ірландыі
11.12.2009 15:46

11 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту В’етнама Нгуeн Мінь Чыета. У гэты ж дзень Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі епіскапату Ірландыі.

 
<< Першая < Папярэдняя 1681 1682 1683 1684 1685 1686 1687 1688 1689 1690 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1687 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.