Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў вігілію Нараджэння Пана
|
25.12.2009 02:00 |
Мінск, архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 24 снежня 2009 г. Tрансляцыя на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
У апавяданні «Парабала на Раство Хрыстова» расказваецца пра чалавека, які жыў вельмі даўно і якому Божае Нараджэнне здавалася толькі нейкай выдумкай. Гэта быў вельмі добры чалавек, аднак ён ніяк не мог паверыць у таямніцу Богаўцелаўлення, хоць яго жонка і дзеці былі вельмі пабожнымі.
У вігілію Божага Нараджэння сям’я збіралася на набажэнства і запрасіла таксама яго. Ён, аднак, адмовіўся, кажучы, што ў касцёле будзе адчуваць сябе нязручна. «Я лепш застануся дома і буду чакаць вас», — адказаў гэты чалавек.
Праз нейкі час пайшоў снег. Чалавек падышоў да акна і назіраў, як у паветры кружацца сняжынкі, апускаюцца на зямлю і паступова засцілаюць яе белаю коўдрай. Ён падумаў: як добра, што пайшоў снег, таму што Божае Нараджэнне — гэта сапраўды светлая ўрачыстасць, а свята заўсёды з’яўляецца нечым радасным. Чалавек адышоў ад акна і зноў вярнуўся да чытання газеты.
Праз некалькі хвілін мужчына пачуў глухі стук у акно, затым ён раздаўся зноў. Падумаў, што, можа, нехта кідае снежкі. Падняўся з крэсла, падышоў да вакна і здзіўлена ўбачыў, што стая птушак б’ецца ў акно.
«Яны, напэўна, шукаюць цяпла», — падумаў чалавек. Успомніў пра хлеў. Адзеўся, выйшаў на падворак, адчыніў у хляве дзверы і запаліў святло. Птушкі, аднак, не паляцелі ў хлеў. «Хлеб прывядзе іх сюды», — сказаў чалавек сам сабе. Пайшоў у дом, узяў хлеб і пасыпаў заснежаную сцежку, якая вяла да хлява. Аднак птушкі не ляцелі туды. Чалавек махаў рукамі, зваў птушак — усё надарэмна. Яны лёталі ў розных накірунках, аднак толькі не ў хлеў.
«Цікава, — сказаў чалавек сам сабе, — ніяк не магу даць рады з гэтымі птушкамі. Калі б я быў птушкай, то ўвёў бы іх у цёплае месца».
У гэты момант пачалі біць касцёльныя званы. Чалавек, услухоўваючыся ў іх звон, што абвяшчаў радасную вестку Божага Нараджэння, задумаўся. Потым нечакана для самога сябе ўпаў на калені і прашаптаў: «Цяпер я разумею, Божа, навошта Ты скіраваў да мяне гэтых птушак».
Дадзенае апавяданне мае вялікае духоўнае значэнне. Птушка любіць свабоду. Для яе няма межаў. Яна лётае куды захоча і калі захоча. Яе не заўсёды можна заманіць. Таму гэтае апавяданне з’яўляецца прыгожым тлумачэннем таго, што ёсць многа шляхоў, па якіх Бог прыходзіць да чалавека.
Праз Стары Запавет, які быў даны Выбранаму Народу праз Майсея на Сінайскай гары, Бог з’яднаўся з чалавекам.
Аднак чалавек парушаў Запавет. Таму, калі прыйшла поўня часу, Бог заключыў з чалавекам Новы Запавет. Дзеля гэтага Ён сам стаў чалавекам і праліў сваю кроў, каб мы прынялі запрашэнне быць Яго сынамі і дочкамі.
Такім чынам, Езус Хрыстус стаў кульмінацыйным пунктам дзейнасці Бога на шляху да чалавека. Таму св. Ян, апостал, кажа: Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную (пар. Ян 1, 12).
«Цяпер я разумею, Божа, чаму Ты так зрабіў!»
Гэтыя словы з «Парабалы пра Раство Хрыстова» нагадваюць пра тое, што Бог павінен быў учыніць так, як Ён учыніў: павінен быў стаць чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення, нягледзячы на тое, што чалавек не заўсёды быў Яму верны. Таму Божае Нараджэннне ў пэўным сэнсе з’яўляецца Божым ўсведамленнем таго, што Ён хоча, каб мы былі Ягонымі, што Ён нас любіць і ніколі не пакіне. Гэта свята, праз якое Бог спадзяецца, што чалавек зверне на Яго ўвагу. Нездарма ў Пасланні да Габрэяў гаворыцца: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына».
Хоць чалавецтва ўжо больш за 2000 год жыве праўдай Богаўцелаўлення і Адкуплення, аднак, падобна як і ў часы Старога Запавету, адварочваецца ад Бога і жыве нават так, як быццам Бога зусім няма. Часта мы падобны да таго чалавека з апавядання пра Божае Нараджэнне. Мы не верым у Бога, а верым, што прагрэс чалавецтва зробіць нас шчаслівымі. У той жа час мы бачым, што з прагрэсам з’яўляюцца новыя праблемы. Пра гэта сведчыць, напрыклад, вельмі небяспечнае пацяпленне клімату, дэмаграфічны спад, крызіс сям’і, наркаманія, пандэмія СНІДу, імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці, карупцыя, тэрарызм, лакальныя войны і г.д.
Голас званоў дапамог чалавеку з апавядання пазнаць праўду пра Богаўцелаўленне. Няхай жа Бэтлеемская зорка, магутны гімн «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі», спеў калядаў, Немаўлятка Езус у батлейцы і святочны настрой дапамогуць нам абудзіцца са сну нашага нявер’я і абыякавасці.
Таму дазволім сёння Хрысту прамовіць да нас і прыйсці ў нашыя сэрцы, каб яны абагавіліся, а нашая радасць была поўнай.
Са святам, дарагія браты і сёстры! Радасці, шчасця, Божага благаслаўлення ўсім вам! |
«Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты
перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе
запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у
горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб
запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага...».
|
23.12.2009 13:36 |
«Нязменная праўда ўцелаўлення Бога, якая стала пачаткам хрысціянства,
дапамагае нам вярнуцца да ўстаноўленага Творцам маральнага парадку і
выбраць той шлях, які гарантуе радасць, сапраўднае развіццё на гэтым
свеце і шчаслівую вечнасць. Чалавек павінен духоўна змяняцца, каб і
свет змяняўся да лепшага. А каб змяніцца, патрэбна святло, што
паходзіць ад Бога, і Яго моц, якія прыйшлі ў гэты свет у святую ноч
Хрыстовага Нараджэння», — чытаем у сёлетнім пасланні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне.
|
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў межах малітоўнага чування моладзі
|
21.12.2009 14:07 |
Мінск, архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 19 снежня 2009 г.
Езус дае сапраўднае шчасце
У сярэдзіне 60-х гг. ужо мінулага ХХ ст. адным з найбольш папулярных фільмаў была стужка «The voice of music» («Голас музыкі»). Фільм распавядае пра значэнне сям’і і паўсюднасць музыкі. Сцэны фільма гавораць і аб вялікай Божай міласэрнасці. Калі нехта нават зачыняе перад чалавекам дзверы, то бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог адчыняе для яго акно. Стужка таксама натхняе да перамогі над цяжкасцямі і ўздымання ўверх, каб дасягнуць мары свайго жыцця. Гэты фільм праз музыку, якая не мае межаў, натхняе кінуцца ў абдымкі надзеі, шчасця і гармоніі, што прысутнічаюць у Богу — нашым Творцы і Збаўцы.
Гераіня фільма Марыя спявае пра свае самыя любімыя рэчы. Адна з іх — гэта завязаны стужкай пакунак з шэрай паперы. Ён вельмі просты і непрывабны, але вельмі дарагі ёй.
Усяго некалькі дзён аддзяляе нас ад урачыстасці Божага Нараджэння. З гэтым святам звязана шмат традыцый. Адна з іх — елка і падарункі пад ёй. Звычайна яны запакаваны ў прыгожую бліскучую паперу. І калі б пад елкай быў падарунак, запакаваны ў непрывабную шэрую паперу побач з іншымі прыгожымі пакункамі з каляровымі стужкамі, ці хацелі б мы адкрыць яго першым? Хутчэй за ўсё — не, бо падарунак павінен быць у прыгожым пакунку. Мы прывыклі да гэтага і хочам, каб так было заўсёды.
Гэты прыклад дапамагае нам зразумець цяжкую праўду нашага жыцця — чаму так многа людзей не прыняло або страціла той падарунак, які нам даў сам Бог. Божы падарунак не прыйшоў да нас у прыгожым пакунку. Наш нябесны Айцец паслаў нам свайго адзінароднага Сына як самы вялікі і каштоўны дар. Аднак змясціў Яго ў вельмі бедных абставінах. Марыя — Маці Езуса — была беднай дзяўчынай. Апякун Пана святы Юзаф быў толькі сталяром. Сам Езус нарадзіўся не ў каралеўскім палацы, а ў простым хлеве, дзе сваім подыхам Яго грэлі хатнія жывёлы. Не найлепшы пакунак, калі так можна выказацца. У той жа час гэта самы вялікі дар, дадзены свету ў яго гісторыі. Гэта дар збаўлення, на якім «напісана» імя кожнага з нас.
Калі Марыя даведалася, што Бог абраў яе быць той, якая народзіць свету Збаўцу, яна напоўнілася радасцю і спявала гімн «Magnificat», у якім ёсць наступныя словы: «Усемагутны ўчыніў вялікія рэчы для мяне». Усемагутны Бог учыніў і нам вялікія рэчы. Ён паслаў нам свайго Сына як бязмежную Любоў. Аднак некаторыя людзі так зацікаўлены прыняццем падарункаў толькі ў прыгожых пакунках, што губляюць самы каштоўны падарунак.
Сёння мы запалілі яшчэ адну, ужо апошнюю, адвэнтовую свечку. Яна нагадвае нам пра тое, што мы хутка набліжаемся да Божага Нараджэння, самага вялікага Божага дару, які атрымала чалавецтва. Гэты дар — не што іншае, як уцелаўлёная любоў, якая прывяла Сына Божага на крыж, каб збавіць чалавека.
Тыдзень таму мы адзначалі трэцюю Нядзелю Адвэнту, якая называецца Нядзеляй «Gaudente» — «Радуйцеся». Святы апостал Павел заклікае радавацца ў Пану, бо Ён блізка. Сёння наша радасць яшчэ большая, бо чацвёртая Нядзеля Адвэнту ўжо непасрэдна ўводзіць нас у свята Божага Нараджэння.
Мы з радасцю, якая можа нават пераходзіць у нецярплівасць, чакаем гэтых святаў, а затым Новага года, з надзеяй на лепшую будучыню. Чакае іх асабліва моладзь. Завершыцца Адвэнт — і распачнецца час карнавалаў, батлеек, калядавання.
Усё гэта вельмі добра. Аднак толькі знешнія праяўленні радасці Божага Нараджэння — гэта вельмі мала. Сапраўдная радасць настане тады, калі яна будзе не толькі знешняй, але і ўнутранай, духоўнай.
Якім чынам і дзе мы можам знайсці такую радасць? Нам, святарам, нярэдка прыходзіцца сустракацца з цяжкай сітуацыяй мужчын і жанчын, якія жывуць у шлюбе без касцёльнага благаслаўлення. І тады можна пачуць крык іх душы: як хацелася б паспавядацца і прыняць святую Камунію! Як хацелася б!
Чалавек ведае, што яму для поўнага шчасця недастаткова мець добра ўсталяваны быт, недастаткова быць багатым, недастаткова кожны год ездіць на найлепшыя курорты, недастаткова быць папулярным у сваёй супольнасці ці нават ва ўсім грамадстве, напрыклад, вядомым бізнесменам, артыстам ці спартсменам, недастаткова імкнуцца толькі да віртуальнага шчасця ці шукаць яго ў разбэшчанасці, у наркотыках, алкаголі, неўпарадкаваных сексуальных адносінах.
На жаль, у сучасным свеце вельмі часта крытэрыем ацэнкі чалавека з’яўляецца дасягнуты ім поспех. Мы часта кажам: вось гэты ведае, як уладкавацца ў жыцці. Вакол сябе мы шукаем толькі прывабных рэчаў, любім падарункі, запакаваныя ў бліскучыя каробкі. Пры гэтым забываемся, што не ўсё тое золата, што блішчыць. Чаму так многа самазабойстваў ў вельмі развітых краінах? Здаецца, што там чалавек мае ўсё. Аднак выходзіць, што не ўсё.
Ці будзе сапраўдным шчасцем неўпарадкаванае і нязгоднае з Божай воляй амаральнае жыццё? Ці задумваецца чалавек над тым, што гэтым самым шкодзіць не толькі сабе, але і асяроддзю, дае злы прыклад іншым, разбівае чужую сям’ю? Ці змогуць ашчаслівіць чалавека ночы, праведзеныя ў далёкіх ад маральных нормаў забавах або здрадах?
Нядаўна ў Пярмі ў Расіі здарылася жудасная катастрофа — пажар у памяшканні дыскатэкі, ахвярамі якога сталі каля паўтараста юнакоў і дзяўчат. Некаторыя яшчэ знаходзяцца ў цяжкім стане. Чаму так сталася? Відавочна, што адказныя за правядзенне дыскатэкі падышлі да справы легкадумна і праявілі грубую безадказнасць, а моладзь, што сабралася там, не прыйшла адмаўляць Ружанец. Чалавечае глупства і грахоўнасць сталі прычынай гэтага няшчасця.
Калі адбываюцца такія трагедыі, паўстае пытанне: ці ведалі гэтыя людзі сапраўдную мэту свайго жыцця і які сэнс мела іх смерць? Мы ведаем, што толькі ў Богу жыццё чалавека атрымлівае свой сэнс, а смерць — гэта не канец усяго. Але ці ведаў гэта хто-небудзь з тых людзей?
Нястрымнае імкненне да абсалютнай свабоды рабіць усё што захочацца, жаданне лёгкага жыцця і лёгкіх паводзінаў, свабоднага і так званага бяспечнага сексу, імкненне да багацця за кошт іншых людзей, казіно, дзе чалавек можа прагуляць усё, захапленне астралогіяй і магіяй, да чаго нярэдка звяртаюцца і веруючыя. Таксама алкаголь і наркотыкі як спроба забыцца і выйсці з дэпрэсіі — гэта тое, што так вабіць сучасную моладзь. Гэта як быццам той завёрнуты ў прыгожую паперу пакунак, да якога мы адразу працягваем рукі, не ведаючы нават, што там.
У той жа час жыццё паводле Божага права, захаванне чысціні, прыняцце Евангелля і яго сведчанне, ахвярнасць, дапамога патрабуючым, адказная свабода не вельмі вабяць, бо падобныя да таго, завёрнутага ў шэрую паперу, пакунка, на які мы не так ахвотна глядзім. Аднак менавіта ён захоўвае ў сабе самую вялікую каштоўнасць — жыццё з Богам.
Два дні таму завяршыўся трэці візіт беларускіх біскупаў аd limina apostolorum — да Апостальскіх парогаў. Біскупы наведалі ватыканскія кангрэгацыі і рады, сустрэліся з папам Бэнэдыктам XVI — першы раз прыватна, а другі — усе разам. Гэта стала вельмі добрым перажываннем еднасці з наступнікам Пятра і адчування паўсюднасці Каталіцкага Касцёла. Падчас другой сустрэчы Святы Айцец звярнуўся да біскупаў з пасланнем, якое павінна стаць падмуркам пастырскай праграмы Касцёла ў нашай краіне на найбліжэйшы час. У пасланні Папа звярнуў асаблівую ўвагу на патрэбу евангелізацыі. Мне гэтая справа вельмі блізкая. У размове з Пантыфікам я закрануў пытанне пагрозы секулярызму і назваў яго ракавай пухлінай сучаснасці, ад якой ёсць адны лекі — евангелізацыя. Святы Айцец з гэтым згадзіўся.
Езус прыходзіць са сваім Евангеллем, каб умацаваць нашу веру, надзею і любоў. На жаль, сучаснаму свету хрысціянства здаецца чымсьці не вельмі прывабным, яно як быццам састарылася. На самой справе яно вельмі прывабнае, заўсёды маладое і актуальнае. Нам трэба вучыцца самім жыць радасцю хрысціянства і перадаваць яе іншым. Такім чынам мы прымем удзел у інтэнсіфікацыі евангелізацыі, на што звяртае ўвагу Папа.
Таму напярэдадні Божага Нараджэння мы не маем права дапусціць, каб прыходзячы Збаўца прайшоў міма нас, каб мы не сустрэліся з Ім, не дазволілі Яму ўвайсці ў нашыя сэрцы. Няхай наша радасць не будзе толькі радасцю знешняй, радасцю заклапочання падарункамі на святы і святочнымі адведзінамі, але найперш радасцю духоўнай. Няхай словы анёла: «Не бойцеся, сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца», а таксама анёльскія спевы, якія праслаўляюць Бога на вышынях і абвяшчаюць супакой людзям добрай волі, абудзяць нас з грахоўнага сну, задавальнення самімі сабой і самадастатковасцю і дапамогуць зразумець, што не ў матэрыяльных каштоўнасцях і спажывецтве наша шчасце. Няхай яны прывядуць нас у Бэтлеем, дзе мы знойдзем самы вялікі дар Бога — адзінага Збаўцу свету, які адкрые нам прыгажосць хрысціянства, дзе наша сапраўдная радасць. Амэн.
|
|
|