Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці існуе святы Мікалай? Што казаць дзецям
Усяго патроху
06.12.2016 07:20

Заўсёды прыемна атрымліваць падарункі, тым больш цікава, калі іх прыносіць хтосьці невядомы. Памятаю, як у чацвёртым класе я перастала верыць у Дзеда Мароза, бо зразумела, што ім на навагоднім ранішніку быў тата аднакласніка. Хацелася верыць у цуд, але настаўніца разбурала яго, пішучы ў дзённіку колькасць грошай, неабходных здаць на падарунак, які пасля атрымаем нібы ад Дзеда Мароза.

Добра, што былі амерыканскія казкі, дзе радасны і вясёлы Санта-Клаус прыносіў падарункі. І мне хацелася верыць у яго, у казку ці проста такім чынам ствараць сабе настрой. Пачаў завітваць і святы Мікалай. Асабліва прыемна знаходзіць падарункі пад падушкай. І дагэтуль шукаю іх там.

Эва Любянец, польскі псіхолаг і педагог на пытанне аб тым, кім для дзіцяці з’яўляецца постаць святога Мікалая, адказвае, што цудоўнай ілюзіяй. Святы Мікалай — гэта сінонім дабра, любові, кахання, нягледзячы ні на што. Ён удзельнічае ў выхаванні эмацыйнасці дзіцяці, у яго развіцці. Дапамагае верыць у дабро, узмацняе аптымізм, нясе духоўны спакой. Вучыць любові, прабачэнню. Яго ўяўленне стварае ў псіхіцы добры капітал, які чалавек нясе ў даросласць.

Напэўна, многія бацькі, асабліва маладыя, задаюцца пытаннем: а ці ўвогуле ёсць сэнс казаць дзецям пра святога Мікалая, каб пасля яны расчараваліся ў яго неіснаванні?

Псіхолагі сцвярджаюць, што момант пераходу ад ілюзіі да рэальнасці прыходзіць абсалютна натуральна. Ён быў бы траўматычным, калі б з’яўляўся цэнтральным пунктам жыцця. Але святы — гэта непрацяглы перыяд у годзе. Калі дзіця адкрые праўду, зможа парадавацца, што яго бацькі настолькі цудоўныя, што нават увайшлі ў ролю святога Мікалая. Спадарыня Эва Любянец сцвярджае, што гэтую прыгожую выдумку добра падтрымліваць у дзяцей так доўга, пакуль яны самі не перастануць у яе верыць.

Варта памятаць, што ўспамін святога Мікалая — гэта не толькі цудоўная нагода для падарункаў, але і магчымасць вучыць дзяцей дзяліцца імі з іншымі. Дашкольнікам і малодшым школьнікам можна прапанаваць напісаць ліст да святога (можа быць у выглядзе малюнка). Гэта цудоўны спосаб аўтарэфлексіі: дзіця ацэньвае, ці сапраўды заслужыла падарунак. Але нават калі і вяло сябе не найлепшым чынам, варта сказаць, што святы Мікалай любіць усіх дзяцей і нікога не крыўдзіць. Галоўнае, каб дзіця адчула, што яго любяць, нягледзячы ні на што.   

Так што, варта прымерыць на сябе ролю святога Мікалая і падараваць у гэты дзень сваім бліжнім радасць.

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.