У нядзелю Хрыста Валадара Сусвету скончыўся перажываны ў Каталіцкім Касцёле Год веры. Гэты год быў часам энтузіязму і дынамікі, які многіх католікаў нанова прывёў да жыцця вераю. Гэта быў для хрысціянаў час ласкі, калі яны ўзбагаціліся духоўна, узмацняючы ў сабе Дух Божы, набіраючыся сілаў для наступнага адважнага крочання па дарогах жыцця з Хрыстом.
Год веры падышоў да завяршэння, але нашая пілігрымка па дарогах веры трывае надалей, не скончваецца… Нам трэба жыць далей, узрастаць у ласцы ў Бога і людзей (Лк 2,52). Перад намі праграма для рэалізацыі, якая была падрыхтавана для нас нашым Панам і Збавіцелем. Гэтая праграма тая самая, нязменная на працягу вякоў, аднолькавая для ўсіх народаў, для ўсіх пакаленняў, якія жылі раней, цяпер і будуць жыць далей.
Благаслаўлёны Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце на заканчэнне Юбілейнага 2000-га года «Novo millennio ineunte» пісаў: «Праграма тая самая, што і заўсёды, якая паходзіць з Евангелля і жывой традыцыі. Гэтая праграма сканцэнтравана каля самога Хрыста, якога мы павінны пазнаваць, любіць і наследаваць, каб жыць з Ім трынітарным жыццём і разам з Ім перамяняць гісторыю, якая дасягне сваёй поўні ў нябесным Ерузалеме»(н.29).
Сёння істотным элементам нашага жыцця з’яўляецца абвяшчэнне Хрыста. Гэта абавязак ляжыць на кожным хрысціяніне, які звяртаецца да Нябеснага Айца «Абба, Ойча».
Вось некаторыя важныя падзеі, звязаныя з перажываннем Года веры: u1. Бэнэдыкт XVI адкрыў Год веры
11 кастрычніка 2012 г. падчас XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для перадачы хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла Папа Бэнэдыкт XVI распачaў Год веры, які завяршыўcя ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету 24 лістапада 2013 года.
Аб намеры правесці Год веры Папа паведаміў 11 кастрычніка 2011 г. у Апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадаў пра неабходнасць нанова знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад спаткання з Хрыстом. Неабходна вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста, які дае поўню жыцця, бо ў сучасным свеце хрысціяне часта больш клапоцяцца аб справах грамадскіх, культурных і палітычных, чым аб сваёй веры, якая ёсць дарогай да дасягнення збаўлення (пар. PF 2-3)u2. Пачатак Года веры ва ўсіх святынях Беларусі
14 кастрычніка 2012 г. ва ўсіх касцёлах нашай Айчыны Год веры распачaўся спецыяльнай святочнай Імшой. Перад яе пачаткам ўрачыста былi ўнесеныя і ўсталяваныя на адпаведна падрыхтаваным месцы Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, якія знаходзілiся там на працягу ўсяго Года веры. g3. Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі
У Год веры добра ўпісаўся XIII Звычайны агульны сход Сіноду Біскупаў на тэму «Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры», які адбыўся з 7 па 28 кастрычніка 2012 года ў Ватыкане. У абмеркаваннях падчас Сіноду Беларусь прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. i4. Aгульнабеларуская пілігрымка копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай
5 кастрычніка 2012 г. пачалася перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях нашай краіны. У гэты дзень адбылося ўнясенне копіі абраза ў мінскую архікатэдральную парафію Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гаміліі Мітрапаліт адзначыў, што гэтым набажэнствам распачалася перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях Беларусі. Гэтым, па словах арцыпастыра, мы хочам падрыхтавацца да вялікага юбілею — 400-годдзя прыбыцця абраза ў Будслаў, і да Года веры. «Цяпер гэты абраз прыходзіць у вялікай агульнабеларускай пілігрымцы, каб умацаваць нашу веру», — падкрэсліў іерарх. j5. Папскія катэхэзы Года веры
Каб узрастаць у веры і любові Хрыста, Папам Бэнэдыктам XVI быў прамоўлены цыкл катэхезаў, якія ён праводзіў падчас сваіх аўдыенцый па серадах. Як падкрэсліў Папа, гаворка ішла пра тое, каб католікі навучыліся жыць Евангеллем кожны дзень. У штотыднёвых катэхезах удзельнічалі тысячы вернікаў. h6. Адпусты на Год веры
На працягу Года веры вернікі маглі атрымліваць адпусты ў звычайных умовах. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у дэкрэце аб магчымасці атрымання поўнага адпусту ў Год веры ў Гродзенскай дыяцэзіі пісаў: «У гэты час трэба імкнуцца часцей прыступаць да сакрамэнту святой споведзі і для заслугі неба, у адпаведнасці з дэкрэтам Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 14 верасня 2012 года, у Год веры карыстацца магчымасцю атрымліваць ласкі поўнага адпусту (прабачэнне міласэрным Богам часовых караў за грахі, ужо дараваныя). Гэты адпуст можна ахвяраваць як за сябе, так і за душы памерлых вернікаў». h7. Развіццё каталіцкай выдавецкай дзейнасці
У Год веры выйшла кнігa Евангелляў, а таксама першы i другі том «Літургіі гадзін», якія былі перакладзены і выдадзены на беларускай мове. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падарыў Святому Айцу 3 снежня 2012 r. на заканчэнне аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады «Iustita et pax» кнігy Евангелляў, а таксама першы том «Літургіі гадзін». Пантыфік выразіў сваё ўзрушэнне і пазітыўнае стаўленне да развіцця каталіцкай выдавецкай дзейнасці і беларускай тэалагічнай мовы. h8. Адстаўка Папы Бэнэдыкта XVI
Мы распачалі Год веры з Папам Бэнэдыктам XVI, а працягвалі яго з іншым Папам — Францішкам. Безумоўна, гэта было выключнае сведчанне падчас Года веры, а для большасці людзей гэта быў канкрэтны акт веры, бо мы не прызвычаеныя, каб Папа сыходзіў у адстаўку. Многія людзі, верагодна, былі глыбока закрануты гэтым учынкам. i9. Пілігрымкі да крыніц хрысціянства
У адказ на заклік Папы Бэнэдыкта XVI выкарыстоўваць той час, які быў дадзены Касцёлу падчас Года веры, у Рым і Святую Зямлю прыбывалі пілігрымкі з усяго свету. Вернікі накіроўваюцца да святых месцаў, да крыніц, каб падмуркі веры і хрысціянская ідэнтычнасць былі з кожным разам больш глыбокімі і сталымі. З 28 снежня па 2 студзеня ў Рыме прайшла сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю з Тэзэ. Удзел у ёй прынялі больш за 40 тысяч маладых асоб, у тым ліку 1450 пілігрымаў з Беларусі. j10. Новы Папа Францішак
Habemus Рapam! Мы маем новага Папу! Кардынал Берголіа абраў сабе імя Францішак! Энтузіязм, звязаны з выбарам Папы Францішка, быў чарговым сведчаннем веры: два розныя чалавекі, але, несумненна, бесперапыннасць ў каталіцкай веры. Папа Францішак з самага пачатку свайго служэння ў якасці Біскупа Рыма і Папы заявіў, што хрысціяне павінны ісці на перыферыю жыцця. Магчыма, многія людзі чакалі таго асаблівага моманту, каб пачуць пасланне Папы, каб вырушыць шукаць тых, хто згубіў дарогі веры. j 11. Першая энцыкліка на «чатыры рукі»
У Год веры з’явілася першая энцыкліка Папы Францішка «Lumen fidei», прэзентацыя якой адбылася 5 ліпеня ў Ватыкане, праз няпоўныя чатыры месяцы пасля канклаву. Над дакументам «Lumen fidei» (Святло веры) ужо працаваў Бэнэдыкт XVI, аднак пасля дабравольнага адрачэння ад улады ён ужо не мог абвясціць тэксту, якіб з’яўляўся элементам навучання Каталіцкага Касцёла, тады Папа Францішак выкарыстаў яго матэрыялы і дапоўніў іх уласнымі назіраннямі і думкамі — вось так і паўстала «энцыкліка на чатыры рукі». j12. Рэкордная лічба пілігрымаў
Больш за 8, 5 мільёнаў католікаў з усяго свету наведала за апошнія 13 месяцаў — падчас Года веры — Апостальскую Сталіцу ў якасці пілігрымаў. Пра гэта паведаміў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікелла. h13. Разнастайныя акцыі падчас канікулаў
Час адпачынку шмат маладых людзей, як і сталых, праводзілі на рэкалекцыях «у дарозе». Шмат людзей узяло удзел у пешых пілігрымках, пазначаных асаблівай Божай прысутнасцю. Будслаў, Тракелі, Лагішын, Рось, Квасоўка, Росіца, Навагрудак — гэта толькі некаторыя санктуарыі, якія збіраюць сотні і тысячы пілігрымаў. Праз пілігрымаванне да святых месцаў, напэўна, не адзін пілігрым узмацніў сваю веру альбо нават адкрыў яе нанова.
Розныя фармацыйна-душпастырскія сустрэчы, рэкалекцыі для дзяцей, моладзі, старэйшых людзей, без ценю сумневу, спрыялі таму, каб у многіх сэрцах прараслі Божыя зярняты. j14. Святая Тэрэза наведала Беларусь
1 чэрвеня 2013 распачалася перэгрынацыя па Беларусі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча. За 88 дзён перэгрынацыi рэліквій у Беларусі аўтамабіль з рэліквіямі пераадолеў больш за 8 600 кіламетраў. Рэліквіі пабывалі ў 159 касцёлах і капліцах Беларусі, у ліку якіх — усе катэдральныя касцёлы дыяцэзій, а таксама ўсе санктуарыі. Падчас сустрэчы са св. Тэрэзай шмат людзей навярнулася да крыніцы, якой з'яўляецца Божая міласэрнасць. a15. Новыя працаўнікі на Панскім жніве
Многія распачатыя ў гэтым годзе веры ініцыятывы прывялі да адраджэння малітвы і сакрамэнтальнага жыцця, не толькі сярод моладзі, але і ва ўсёй супольнасці Касцёла.
Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца новыя святары, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў Беларусі, і дыяканы, а таксама новыя пакліканні да службы ў Касцёле. Новыя пакліканні нарадзіліся дзякуючы малітве вернікаў і ласцы самога Бога. g16. Будслаў — 400 год прысутнасці Марыі
Гэты год быў перажываны пад патранатам Маці Божай Будслаўскай, бо менавіта на 2013 год прыпадаў юбілей 400-годдзя прыбыцця гэтага цудатворнага абраза ў Будслаў. Вянцом юбілейных урачыстасцяў 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе стала святая Імша 6 ліпеня. Літургію ўзначаліў спецыяльны легат Святога Айца Францішка старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. На заканчэнне кардынал адзначыў: «Я павінен пераканаць Святога Айца Францішка ў тым, што ён павінен сюды прыехаць». «Тут я ўбачыў жывы Касцёл, які імкнецца ў будучыню», — дадаў легат Папы. h17. Беларуская моладзь у Івянцы
26-28 ліпеня 2013 г. y Івянцы адбылася ІІІ Усебеларуская сустрэча моладзі. Сустрэчу суправаджалi словы: «Ідзіце і навучайце». Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падчас сустрэчы моладзi пажадаў удзельнікам, каб яна стала «часам глыбокай задумы над малітвай, над сведчаннем веры ў свеце, над асабістай лучнасцю з Богам», «дапамагла з радасцю сведчыць аб Хрысце тым, каго спатыкаем на дарогах нашага жыцця». h18. Святы Ян Боско пілігрымуе па зямлі Беларусі
З 25 па 31 жніўня 2013 адбылася ў Беларусi перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боско. Беларусь — адна з тых 130 краін, якія далучыліся да сусветнай перэгрынацыі рэліквій святога, што працягваецца з 2009 па 2015 гг. h19. Даручэнне свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі
13 кастрычніка 2013 г. — у гадавіну фацімскіх аб’яўленняў — Папа Францішак даручыў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Святы Айцец правёў акт даручэння напрыканцы Эўхарыстыі, якую цэлебраваў на плошчы св. Пятра. h20. Бразілія: моладзь з Беларусі на сустрэчы з Папам
«Ідзіце і навучайце ўсе народы»(Мц 28,19) — пад такім дэвізам адбыўся 28-ы Сусветны дзень моладзі ў Рыа дэ Жанэйра, у якім удзельнічалі прадстаўнікі з кожнай дыяцэзіі Беларусі. Вярнуўшыся ў Беларусь, маладыя людзі прывезлі Хрыстовае пасланне для сваіх аднагодкаў: «Ідзіце! Ідзіце, бо Езус жыве і крочыць перад сваімі сябрамі.
Ідзіце, так як Хрыстус з’яўляецца пераможцам і знаходзіцца пры кожным з членаў Касцёла. Ідзіце абвяшчаць Змёртвыхпаўстанне. Ідзіце і евангелізуйце дзякуючы сваім талентам. Ідзіце і ўзмацняеце веру дзякуючы тлумачэнням і адказам на праблемы, у якія трапляе сённяшні свет. Ідзіце і дайце сведчанне радасці, якая плыве з сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом».
h21. «Сям’я, жыві радасцю веры»: сустрэча Папы Францішка з сем’ямі
26 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся на вячэрнім чуванні з сем’ямі з усяго свету. На плошчы св. Пятра пад дэвізам «Сям’я, жыві радасцю веры!» сабралося з нагоды Года веры каля 150 тысяч вернікаў з 75 краінаў. y 22. Святары з Беларусі сустрэліся ў Мінску
15 лістапада ў Мінску адбылася ІІ агульнабеларуская сустрэча святароў. Сустрэча пад назвай «Lumen fidei – fidelitas sacerdotalis» («Святло веры – святарская вернасць»), што атрымала натхненне з першай энцыклікі Папы Францішка «Lumen fidei» («Святло веры»), праходзіла ў касцёле святых Сымона і Алены і была прымеркавана да заканчэння Года веры. h23. «Мізэрыкардзін» — лекі для малых і вялікіх
На заканчэнне Года веры Папа Францішак параіў усім «Мізэрыкардзін». Гэта былі стылізаваныя пад упаўкоўку лекаў скрынкі з ружанцам, абразікам Езуса Міласэрнага і інструкцыяй па выкарыстанні «медыцынскага сродку». Папа Францішак заклікаў вернікаў карыстацца імі, бо гэта «духоўная дапамога для нашай душы і ў распаўсюджванні любові, прабачэння і братэрства». Гэты «сродак» неабходна выкарыстоўваць, калі ёсць жаданне сустрэць Божую міласэрнасць ці навярнуцца з грахоў, пры адчуванні патрэбы ў дапамозе перад абліччам цяжкіх сітуацый, калі не хапае сілаў для барацьбы са спакусамі ці адвагі, каб прабачыць бліжняму, калі існуе жаданне міласэрнасці для паміраючага ці імкненне падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі. k 24. Ушанаванне рэліквій св. Пятра 24 лістапада на завяршэнне Года веры на галоўнай ватыканскай плошчы ўпершыню былi выстаўлены для публічнага ўшанавання рэліквіi св. Пятра. Парэшткі, якія традыцыя прыпісвае апосталу Пятру, былі змешчаныя ў спецыяльную урну.
Сёння, калі мы маем чарговы перажыты год, духоўна ўзбагачаныя і ўзмоцненыя ў веры, мы павінны ісці да ўсіх людзей, а асабліва да тых, якія адкінутыя і пагарджаныя грамадствам, каб рэалізаваць пасланне Папы Францішка: быць чалавекам веры і гэтай верай дзяліцца з іншымі!
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч, (AYU)
|