Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Народжаны ў цішыні
Усяго патроху
30.11.2013 12:11

На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Якая будзе мая пастанова на сёлетні Адвэнт?

На мінулых тыднях у літургіі слова падчас Імшы мы чулі ўрыўкі са Святога Пісання, якія датычылі святыні ў Ерузалеме: аднаўленне святыні Юдам Макабэем, выгнанне Езусам гандляроў, ахвяраванне беднай удавы... Разважанне над Божым словам можа дапамагчы нам у выбары пастановы.

Ізраэльская зямля знясілена варожымі захопнікамі, але Юда Макабэй са сваім войскам перамагае ў няроўнай барацьбе. І першае, што ён робіць, - гэта аднаўляе святыню. Першае, што адноўлена ¬¬– гэта пакланенне Богу, праслаўленне Яго. Так і наша пастанова можа стаць аднаўленнем аддавання пашаны Богу праз асабістую і супольную малітву, падрыхтоўку да святой Імшы, падзяку пасля яе...

Не велічыня непамерных духоўных подзвігаў важная для нас у гэты час, а пакора і шчырасць перад Усемагутным. Бедная ўдава прыносіць сваю, здавалася б, маленькую ахвяру, з пакорай. Прыносіць усё сваё ўтрыманне – усё сваё жыццё. Мы ж часамі абмяжоўваемся тым, што ўпускаем Бога толькі ў некаторыя сферы свайго жыцця. Якраз туды, куды мы баімся ўпусціць Бога, Ён асаблівым чынам хоча ўвайсці, каб там дзейнічаць, каб выгнаць гандляроў са святыні...

У кожнага будзе свая пастанова на Адвэнт. Яна можа стаць нашым адказам на пытанні: “Чаму я веру?”, “Чаму пазбягаю граху?”, “Чаму я хачу любіць?”... Ці толькі таму, што так павінна быць? Ці таму, што я прагну жыць з Богам?..

Бог нарадзіўся ў цішыні, няхай жа Ён ізноў народзіцца ў цішыні нашага сэрца на Божае Нараджэнне. «Мы часта бачым у сабе толькі цемру, хаос, абмежаванні і слабасці. Нам часта здаецца, што мы далёка ад Бога. Тады гэтае свята павінна нам дапамагчы ўсвядоміць, што Бог нараджаецца ў яслях у стайні, у асяроддзі вала і асла, і што павінны прыйсці менавіта пастухі – не вельмі годныя часткі нашай душы – каб пакланіцца гэтаму Дзіцяці, калі адначасова наш розум, як высакародная частка, застаецца са сваімі апраўданнямі: “мы не маем месца ў стайні”» (Ансэльм Грун).

Кс. Кірыл Бардонаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.