Народжаныя без крылаў, а адчуваюць смак палётy: да Сусветнага дня інвалідаў |
Усяго патроху |
03.12.2013 12:08 |
Лёсы людзей-інвалідаў розныя, у кагосьці яны не адрозніваюцца ад лёсу птушкі, ад нараджэння змешчанай у клетку, якая да смерці не зразумее, навошта Бог стварыў яе з крыламі. А ў кагосьці яны неверагодныя, бо народжаныя нават без крылаў, яны адчуваюць аблокі. 3 снежня — дзень, які ў 1992 годзе ААН прызначыла днём інвалідаў. Паводле Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла, «інваліды — гэта людзі ў поўным сэнсе слова, з правамі і абавязкамі. Нягледзячы на абмежаванасць іх цела і магчымасцяў, нягледзячы на іх цярпенні, у іх з асаблівай сілай раскрываецца годнасць і веліч чалавека» (пн.148). Вельмі важным момантам з’яўляецца сацыялізацыя кожнай асобы, якая, безумоўна, тычыцца і інвалідаў. Якраз праз сацыялізацыю яны і могуць ўпоўні раскрыць годнасць і веліч асобы. Праз узаемаадносіны з іншымі людзьмі, у грамадскай супольнасці асоба пазнае сваё прызначэнне і сэнс. Такім людзям больш, чым людзям звычайным, трэба прыкласці намаганняў, каб гэты працэс адбыўся. Гэта патрабуе і моцнай сілы волі, і ўнутранай стрыжнёвасці, якая вядзе іх да пастаўленай мэты, а таксама дапамогі неабыякавых іншых людзей. Кожны прыклад асобы, якая змагла сказаць сваё слова грамадству, захапляе людзей. А кожны прыклад асобы з абмежаванымі магчымасцямі, якая гэтыя абмежаванні змагла ператварыць у магчымасці, звычайных людзей захапляе яшчэ больш і павінна натхняць на ўзаемадапамогу і адкрытасць адзін на аднаго. Лёсы людзей-інвалідаў розныя, у кагосьці яны не адрозніваюцца ад лёсу птушкі, ад нараджэння змешчанай у клетку, якая да смерці не зразумее, навошта Бог стварыў яе з крыламі. А ў кагосьці яны неверагодныя, бо яны, народжаныя нават без крылаў, адчуваюць смак свабоды і пяшчоту аблокаў. Зараз хацелася б прывесці жыццёвыя прыклады менавіта такіх людзей, якія, не маючы нечага, ствараюць многае і гэтым змяняюць светапогляды людзей гэтага свету. Мастакі, якія не маюць рук, але пішуць. Пра жывапіс, які ствараецца сваімі нагамі, сваімі вуснамі, сваім сэрцам. Пра лёсы, якія натхняюць. Многія з іх сталі вядомыя ўсяму свету і сталі яго гонарам. А многія сталі вядомыя ўсяму свету, але яшчэ не паспелі заняць свайго шаноўнага месца. Прыкладам першых з’яўляецца знакамітая мастачка з Вялікабрытаніі — Элісан Лоппер,
а прыкладам другога — бішкекскі вулічны мастак-інвалід Толён Жумагулов, якому сродкаў не хапае нават на ежу. Ёсць шматлікія прыклады дзяцей, якія знаходзяць у сабе сілы і веру, каб маляваць і несці любоў да жыцця іншым, рускія дзяўчынкі Алена Працэнка і Жэня Шыркіна:
Такім чынам, мы маем прыклады таго, наколькі сэнсоўным і захапляльным можа быць жыццё гэтых незвычайных людзей. Кожны прыклад іхняй радасці і жыццялюбства — гэта стымул для тых, хто побач з імі, стымул для грамадства, якое вельмі часта губляе нават не асобныя элементы каштоўнаснай сістэмы, але разбурае яе саму. У Беларусі таксама ёсць шмат таленавітых людзей, якія праз сваю інваліднасць страцілі альбо ад нараджэння не мелі звычайных функцый, пра каштоўнасць якіх здаровы чалавек нават не задумваецца ў паўсядзённым жыцці. Галоўная адзнака гэтых людзей тое, што яны не страцілі свайго сэрца, праз уласныя намаганні і дзякуючы тым, хто ў патрэбны момант іх падтрымаў і дамамог знайсці сэнс у жыцці, здолелі адкрыць крыніцу і мэту свайго існавання ў гісторыі. Захапляе гісторыя мастака-самавучкі з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, які стаў вядомы не толькі праз свой жывапіс, але і праз свой паэтычны талент: Напрыканцы, хацелася б узгадаць словы Уінстана Чэрчыля: «Ніколі, ніколі, ніколі не здавайцеся!», каб яны былі актуальнымі не толькі для тых, хто жыве з пазнакай «інвалід», але і для тых, хто знаходзіцца з імі побач, бо толькі разам і ў супольнасці будуецца шчасце ўсіх і праяўляецца годнасць і прызначэнне кожнага паасобку. Толькі ў братэрскай еднасці адбываецца развіццё грамадства, якое, дзякуючы апецы над усімі сваімі членамі, дасягае раўнавагі і стрымлівае агрэсію, якая нараджаецца паміж больш моцнымі. Клопат пра дзяцей, хворых, слабых і састарэлых з’яўляецца добрым стрымліваннем перад пагрозай агрэсіўнага спаборніцтва. Своеасаблівым інгібітарам развіцця нянавісці і каталізатарам у развіцці цывілізацыі Любові. Аксана Ючкавіч |