Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Узвышэнне святога Крыжа
Усяго патроху
12.09.2014 12:08

Калі ў 70 г. Ерузалем быў захоплены і разбураны рымлянамі, распачаліся вялікія пераследаванні рэлігіі Хрыста, якія працягваліся амаль 300 гадоў. Толькі пасля таго, як гэтыя пераследаванні былі спынены, маці рымскага імператара Канстанціна, св. Алена, загадала шукаць крыж, на якім памёр Пан Езус.

Пасля доўгіх пошукаў крыж быў знойдзены. Адносна даты гэтай падзеі гісторыкі не прыйшлі да згоды; найчасцей узгадваецца 320, 326 або 330 гады, што датычыць дня, то ўсе крыніцы падаюць 13 або 14 верасня. У сувязі з гэтай падзеяй у Ерузалеме на Галгоце былі пабудаваныя дзве базылікі: Мучанікаў (Martyrium) і Уваскрасення (Anastasis). Базыліка Мучанікаў называлася таксама базылікаю Крыжа. 13 верасня 335 г. адбылося ўрачыстае благаслаўленне і перадача мясцоваму біскупу абедзвюх базылік. На памяць пра гэта штогод 13 верасня стала адзначацца свята Узвышэння святога Крыжа. Пазней яно было перанесена на 14 верасня, бо на гэты дзень прыпадае гадавіна выстаўлення рэліквій Крыжа для публічнага ўшанавання, гэта значыць, для першай адарацыі Крыжа, якая адбылася на наступны дзень пасля благаслаўлення базылік. Свята спачатку было ўведзена для тых касцёлаў, дзе знаходзіліся рэліквіі Крыжа, затым стала адзначацца ў паўсюдным Касцёле.

Важным фактам у гісторыі свята з’яўляецца сведчанне манашкі Эгерыі, якая ў лісце «Itinerarium Egeriae» паведамляе пра святкаванне Узвышэння святога Крыжа, звязанае са святам благаслаўлення касцёла Мучанікаў (Martyrium) на Галгоце: «Днямі благаслаўлення завуцца тыя дні, у якія святы касцёл, што стаіць на Галгоце і называецца Martyrium, быў прысвечаны Богу. І святы касцёл, які знаходзіцца ў Anastasis, гэта значыць, у месцы, дзе Пан пасля мукі ўваскрос, у той самы дзень быў прысвечаны Богу. Гадавіна благаслаўлення гэтых касцёлаў святкуецца з вялікаю пашанаю, бо і Крыж знайшлі ў той самы дзень <...>».

У 614 г. на Святую Зямлю напалі персы на чале з палкаводцам Хазроем. Яны разбурылі ўсе касцёлы, у тым ліку і касцёл Гробу Пана. Ведаючы, як моцна ўшаноўваецца Крыж Пана Езуса, персы забралі яго з сабою. Увесь свет маліўся аб тым, каб святы Крыж быў знойдзены. Пасля перамогі, якую імператар Іраклій атрымаў над Хазроем, паводле мірнай дамовы персы вымушаныя былі вярнуць святую рэліквію (628 г.). Згодна з легендаю, сам імператар хацеў на сваіх плячах занесці Крыж Хрыста на Кальварыю, аднак змог гэта зрабіць толькі тады, калі зняў сваё імператарскае ўбранне. Гэта толькі легенда, бо са сведчання св. Кірыла Ерузалемскага (+ 387 г.) вядома, што ўжо ў яго часы шаноўная рэліквія была падзелена на дробныя часткі і разаслана амаль ва ўсе найбліжэйшыя касцёлы.

У Крыжы Езуса Касцёл заўсёды бачыў алтар, на якім Божы Сын збавіў свет. Таму кожная частка гэтай рэліквіі, так густа акропленая Яго Найсвяцейшаю Крывёю, заўсёды карысталася асабліваю пашанаю. І справа не ў аўтэнтычнасці паасобных рэліквій, а ў тым, што яны нагадваюць пра Крыж Хрыста і вялікую справу, якая здзейснілася на ім дзеля дабра чалавецтва.

Пра ўкрыжаванне Пана Езуса пішуць усе евангелісты. Больш за тое, яны вельмі падрабязна паведамляюць пра абставіны, у якіх гэта адбылося. Паводле сведчання евангелістаў, Пан Езус быў укрыжаваны каля гадзіны 12-й, а памёр а 15-й. Яго пахаванне адбылося каля гадзіны 17-й. Пакаранне на крыжы было вядомае сярод габрэяў, хоць у законе Майсея не прадугледжвалася. Юдэйскі цар Аляксандр Янай (103–76 гг. да Н.Х.) выкарыстаў яе для пакарання фарысеяў, што ўзбунтаваліся супраць яго. Такое пакаранне шырока выкарыстоўвалі фінікійцы, карфагенцы, персы і рымляне. Аднак апошнія не прымянялі яго ў дачыненні да рымскіх грамадзян, бо гэтае пакаранне лічылася ганебным і вельмі жорсткім. З асуджанага здзіралі адзенне, кідалі яго на зямлю, расцягвалі яму рукі і ногі, прыбіваючы іх да крыжа. Асуджаны паміраў ад страты прытомнасці і ліхаманкі, задыхаўся. У дадатак да ўсяго пакаранаму не давала спакою мноства камароў, а бывала, што паміраючага разрывалі сіпы. Крыж звычайна меў форму літары Т (таў). Паколькі смерць на крыжы была вельмі ганебнаю, імператар Канстанцін Вялікі адмяніў смяротнае пакаранне праз укрыжаванне (316 г.).

Найбольшая частка святога Крыжа цяпер знаходзіцца ў катэдральным касцёле святога Міхала і святой Гудулы ў Бруселі. У базыліцы св. Пятра ў Рыме захоўваецца частка рэліквій, якую візантыйскія імператары насілі на грудзях падчас найбольшых урачыстасцяў. У скарбніцы парыжскай катэдры ёсць частка святога Крыжа, падораная польскаю каралеваю Ганнаю Ганзага, які яна, верагодней за ўсё, атрымала ад караля Яна Казіміра. <...> Даволі вялікая частка святога Крыжа знаходзіцца таксама ў базыліцы святога Крыжа ў Рыме.

У гонар святога Крыжа пабудавана мноства касцёлаў. Існуе таксама некалькі манаскіх супольнасцяў — мужчынскіх і жаночых — пад назваю святога Крыжа. Самая шматлікая сярод іх — Кангрэгацыя Святога Крыжа, заснаваная ў 1837 г. і зацверджаная Рымам у 1855 г.

На чале ўшанавальнікаў святога Крыжа стаіць апостал Павел. Асаблівым набажэнствам да Крыжа вылучалася св. Алена, імператрыца. Аднак шырокае распаўсюджанне культ Крыжа атрымаў у Сярэднявеччы, калі вельмі жыва развіваўся культ мукі Пана. Сярод святых гэтым набажэнствам вылучаліся: св. Бэрнард з Клерво (+1153), св. Францішак Асізскі (+1226), св. Бонавэнтура (+1274), св. Філіп Беніцы (+1285), а пазней — бл. Уладзіслаў з Гельнюва (+1505), св. Пётр Алькантарыйскі (+1562), св. Ян ад Крыжа (+1591) і св. Павел ад Крыжа (+1775). Ва ўзнагароду за шчырае набажэнства да сваёй мукі Езус адарыў многіх святых стыгматамі. У гісторыі Касцёла вядома ажно 330 такіх выпадкаў. Першы зацверджаны ў гісторыі факт стыгматаў адносіцца да Францішка Асізскага. У апошні час шмат распавядалася пра такіх стыгматыкаў, як Тэрэза Нойман з баварскай вёскі Коннэрсрэйт (+1962) і св. айцец Піо (+1969).

З І ст. сустракаюцца маляваныя і выгравіраваныя крыжы ў самых разнастайных формах і з самаю рознаю сімволікаю. Аднак галоўнаю постаццю на іх заўсёды быў Хрыстус. З IV ст. сустракаюцца крыжы без Укрыжаванага, але багата аздобленыя высакароднымі камянямі і золатам (crux gemmata). Іх формы — таксама розныя. Сярод іх ёсць крыжы Хрыста, св. Пятра, св. Андрэя, св. Пахомія, эфіопскія, армянскія, ерузалемскія крыжы. У раннім Сярэднявеччы было прынята ствараць распяцці з выяваю Хрыста, на галаве якога знаходзіцца каралеўская карона. У ХІІ ст. з’явіліся распяцці, праз якія выяўляліся цярпенне і трагізм. Самы старажытны крыж быў знойдзены ў Геркулануме, у адным з дамоў, засыпаных вулаканам (Везувіем) у 63 і 79 гг. Гэтае адкрыццё было зроблена ў 1748 г. На адной са сцен дома знайшлі выразны адбітак вялікага крыжа, які там вісеў. Захавалася нават адтуліна ад цвіка, за які гэты крыж быў падвешаны.

Крыж Хрыста мы ўшаноўваем таксама праз знак Святога Крыжа. Спачатку вернікі рабілі яго над прадметамі і накрэслівалі далонню. Ён з’яўляўся вызнаннем веры, павінен быў захоўваць ад няшчасцяў, прыносіць Божае благаслаўленне. Гэты звычай зарадзіўся ў першыя стагоддзі хрысціянства і ўспрымаўся як хрысціянскае Сredo. Словамі вызнавалася вера ў Бога, адзінага ў Найсвяцейшай Тройцы, а рухам рукі падкрэслівалася збаўленне праз Хрыстовую муку і смерць. Пра знак Святога Крыжа пісаў Тэртуліян (+ каля 240 г.). Святы Іеронім гаварыў пра яго ў лісце да Еўстохіі. Першыя хрысціяне вельмі часта карысталіся гэтым знакам. І Касцёл захаваў гэты звычай.

Гэтае свята нагадвае нам пра вялікае значэнне крыжа як сімвала хрысціянства і дапамагае ўсвядоміць, што мы не можам успрымаць яго толькі як элемент дэкору нашага памяшкання, месца працы або як адзін з многіх элементаў нашага штодзённага ўбрання.

Паводле ave-maria.by    

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка
Паводле: brewiarz.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.