Like a Virgin: дзве спявачкі і адзін тэкст |
Усяго патроху |
20.10.2014 20:21 |
Спявачка адкусвае кавалак тоста, прыжмурвае ад задавальнення вочы і, сцішана хрумкаючы, робіць глыток з маленькага белага кубка. І тут раптам яна камянее. Яе позірк спыняецца на дэбютным відэа 26-гадовай італьянскай манахіні, зробленым на тэкст яе ж песні «Like a Virgin». Што было далей? Virgin як цнатлівасць Сапраўдную рэакцыю амерыканкі апісваць не бяруся, але тое, што Мадонна здзівіцца, натрапіўшы на новае прачытанне сваёй песні, відавочна. У сваім кліпе 1984 года спявачка рабіла стаўку на дзявочую шалапутнасць, гуллівую наіўнасць і лёгкі эратызм. Праглядаючы відэакліп, чамусьці не сумняешся ў тым, што сярод варыянтных значэнняў слова «virgin» тут разумелася слова «цнатліўка». Менавіта «цнатліўка» — стройная, маладая, гуллівая дзяўчына, якая ў свае 26 спявае камусьці з мужчынаў: «Didn't know, how lost I was until I found you» («Я не разумела, наколькі аблуднай была, пакуль не сустрэла цябе»).
Як пісалі тады пра Мадонну: «Яна стварыла новую парадыгму, паказаўшы, што Дзева Марыя можа быць сексуальнай і духоўнай адначасова». Доўгі час у свеце быў вядомы толькі адзін варыянт выканання гэтай песні. Падкрэслена гуллівы. Напрыклад, у 2003-м тую ж песню ў дуэце спявалі Брытні Спірс і Крысціна Агілера. Вялікія абцасы і кароткія вясельныя сукенкі — гэткі змешаны вобраз нявесты і блудніцы адначасова… Virgin як чыстасць Мадонне было 26 гадоў, калі яна запісала гэтую песню. Грамадства тады нібыта стамілася ад правільнасці Еўропы, яе рэлігійных каштоўнасцяў, традыцыйнасці і падкрэсленай выхаванасці. І ў кінематографе, і на эстрадзе за кожным разам усё гучней, усё смялей заяўлялі пра сябе тыя, хто хацеў усё змяніць. Справакаваць, абудзіць, зрабіць рэвалюцыю. Такой бунтаркай была і застаецца сама Мадонна. Толькі вось што цікава. Сёння, праз 30 гадоў, калі распранутая артыстка на сцэне ўжо, лічы, норма, крытэрыі рэвалюцыйнасці змяніліся. Куды больш «лайкаў» сёння можа сабраць артыстка з адваротным іміджам — сціпласці, выхаванасці, духоўнай напоўненасці і душэўным святлом. Прыклад таму — тыя ж Дзіна Гарыпава з Расіі ці беларус Сяргей Валчкоў (пераможцы першых двух сезонаў рускага шоу «Голас»). Якраз такой стала і італьянская манахіня Крысціна Скучыя, якая сваім уршулянскім хабітам і крыжом на грудзях здзівіла не толькі Італію, але і ўвесь свет. Не правакацыйнай аголенасцю, а манаскім хабітам.
Гісторыя яе паклікання няпростая. Крысціна спявала ў рок-гурце і да веры ў Бога ставілася скептычна. Усё змянілася пасля яе ўдзелу ў мюзікле, які ставілі сёстры ўршулянкі і ў якім дзяўчына выканала ролю заснавальніцы супольнасці св. Анджэлы Мерычы. Ужо праз год дзяўчына ўступае ў навіцыят… У фінале шоу «Голас» пасля аб’яўлення вынікаў манахіня адзначыла, што мае яшчэ адну мару — памаліцца «Ойча наш» у прамым эфіры. І ёй гэта ўдалося. У якасці дэбютнай песні да будучага дыска с. Крысціна абірае Like a Virgin Мадонны. Праз 30 гадоў песня атрымлівае новы сэнс і зусім іншае гучанне. На відэа маладая законніца ў чорным хабіце крочыць па ўнутраным дворыку кляштара. Карцінка цалкам розніцца з колішнім відэа Мадонны: ураўнаважаны светацень, прыгажосць прыроды і гарадскіх краявідаў. «Didn't know, how lost I was until I found you» («Я не разумела, наколькі аблуднай была, пакуль не сустрэла цябе»), — спявае манахіня. Некалькі разоў буйным планам паказваюць крыж, які вісіць на грудзях манахіні. Сястра Крысціна спявае, але ў ёй няма той гуллівасці, шалапутнасці. Сярод варыянтных значэнняў слова «virgin» тут само сабой напрошваецца значэнне «чыстасць». Новая песня стала песняй пра глыбокую сувязь Бога і законніцы, якая пайшла ў кляштар, каб прысвяціць Яму сваё жыццё. Сёння с. Крысціне Скучыі, як і калісьці Мадонне — 26 гадоў. І яе рэвалюцыя — у сцвярджэнні таго, што хрысціянскія каштоўнасці таксама могуць быць прывабнымі. Крысціна Скучыя — мой новы герой. Ілья Лапато |