Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Візія чыстца ў аб’яўленнях святых
Усяго патроху
10.11.2014 10:32

Душы, якія церпяць ачышчэнне, у вялікіх пакутах чакаюць нашай дапамогі. Пан Бог як любячы Айцец заахвочвае нас быць міласэрнымі да тых братоў і сясцёр, якія самі не могуць вызваліцца ад цярпенняў.

Таму праз святых Ён спасылае нам ласку ўбачыць сваім духоўным зрокам іх мукі. Якія ж цяжкія гэтыя пакуты, што жывому чалавеку нават іх візіі здаюцца нясцерпнымі, калі душы з чыстца прыходзяць містычным чынам на зямлю, каб прасіць нас аб дапамозе! Вось што распавядаюць пра гэта некаторыя святыя.

Святая сястра Фаўстына Кавальская пісала ў сваім «Дзённіку» пра тое, як аднойчы ноччу Пан Езус даў ёй знак, што моцна прагне малітвы за душы чыстцовыя:

«Я ўбачыла Анёла Ахоўніка, які загадаў мне ісці за сабою. У адзін момант я апынулася ў імглістым месцы, напоўненым агнём, а ў ім было цэлае мноства церпячых душаў. Гэтыя душы вельмі горача моляцца, але безвынікова для сябе — толькі мы можам прыйсці ім на дапамогу. Полымя, якое апякала іх, не дакраналася да мяне. Мой Анёл Ахоўнік не пакідаў мяне ні на хвіліну. І я запытала ў гэтых душаў, ад чаго яны найбольш церпяць. І яны ў адзін голас адказалі мне, што найбольшае іх цярпенне — гэта туга па Богу.

Я бачыла Маці Божую, якая наведвае душы ў чыстцы. Душы называюць Марыю «Зоркаю Мора». Яна ім прыносіць прахалоду. Я хацела паразмаўляць з імі больш, але мой Анёл Ахоўнік даў мне знак, што пара выходзіць. Мы выйшлі за дзверы гэтай пакутнай вязніцы. [Я пачула ўнутраны голас], які сказаў: Міласэрнасць Мая не хоча гэтага, але справядлівасць патрабуе. З гэтага часу я больш цесна кантактую з церпячымі душамі» («Дзённік», 20).

***
У адным з раздзелаў кнігі «Дыялогі пра Божы Провід» святая Кацярына Сіенская апісвае Божую справядлівасць, якая праяўляецца ў чыстцы і ў пекле. Святая Кацярына занатоўвае Божыя словы наступным чынам:

«Як у гэтым жыцці грэшнікі спрычыняюцца да ўзрастання цнотаў Маіх слуг, так і ў пекле дэманы з’яўляюцца выканаўцамі Маёй справядлівасці і працуюць на Мяне. Яны выконваюць прысуды над тымі, хто заслужыў вечнае пакаранне. Яны дапамагаюць таксама Маім стварэнням, якія здзяйсняюць падарожжа гэтага жыцця і імкнуцца да Мяне, які ёсць мэтаю іх пілігрымкі.

Яны памнажаюць іх цноты, выпрабоўваючы іх шматлікімі нападамі і рознымі спакусамі, пабуджаючы іншых да зневажання і абкрадання іх — не з мэтаю абразіць іх або адняць у іх даброты, а каб пазбавіць іх любові. Але, мяркуючы, што яны прыводзяць Маіх слугаў да страт, яны ўзмацняюць у іх цноту цярплівасці, сілы і стойкасці. Такім чынам яны аддаюць пашану і хвалу Майму імені, і так у іх спаўняецца Мая Праўда. Я стварыў іх для славы і хвалы сваёй, Я, Айцец вечны, каб яны ўдзельнічалі ў Маёй дабрыні. Паўстаўшы супраць Мяне, яны ўпалі з-за сваёй пыхі і былі пазбаўлены магчымасці бачыць Мяне. Яны не аддалі Мне хвалы любові. Але Я, Праўда вечная, зрабіў іх сваёю прыладаю, каб навучаць сваіх слугаў цноце, і адначасова зрабіў іх катамі для тых, хто праходзіць праз чыстцовыя пакуты.

Такім чынам (…) Праўда Мая спаўняецца ў іх. Яны аддаюць Мне пашану не як жыхары вечнага жыцця, якога яны былі пазбаўлены з-за сваіх памылак, а як выканаўцы Маёй справядлівасці! Праз яе Я аб’яўляю сваю справядлівасць да асуджаных і тых, хто знаходзіцца ў чыстцы».

***
Маргарыта Марыя Алякок, заснавальніца культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у «Духоўным дзённіку» апісала сваю сустрэчу з душою памерлага бэнэдыктына:

«Раптам перада мною з’явілася нейкая постаць, уся ў агні; яе полымя настолькі моцна апякло мяне, што мне падалося, быццам я гару разам з ёю. Па жаласлівым стане, у якім знаходзіўся гэты чалавек, я зразумела, што ён церпіць у чыстцы, і горка заплакала.

(…) Ён прасіў, каб я на працягу трох месяцаў ахвяравала яму ўсё, што здолею ўчыніць ці выцерпець (…). Пад канец трэцяга месяца я ўбачыла манаха, і ён выглядаў зусім іначай, паколькі быў напоўнены радасцю і хвалою, адыходзячы цешыцца вечным шчасцем. Дзякуючы мне, ён абяцаў, што будзе прасіць за мяне Бога. Я ж ляжала хворая. І паколькі мае цярпенні скончыліся разам з яго цярпеннямі, я ў хуткім часе выздаравела».

***
Святая Гертруда з Хэльфы ахвяравала душам чыстцовым усе свае малітвы, цярпенне і ўчынкі міласэрнасці, таму незадоўга да смерці яе пачалі адольваць сумненні: яна ж не пакінула сабе нічога, чым магла б кампенсаваць Богу за свае грахі. Страх перад Божым судом не даваў ёй спакою, аднак Езус суцешыў яе:

«Будзь упэўненая, дачка Мая, твая любоў да памерлых не будзе для цябе перашкодаю. Ведай, што гэты шчодры дар з усіх тваіх учынкаў, які ты прынесла душам чыстцовым, асабліва Мне спадабаўся, і ў доказ гэтага абвяшчаю, што ўсе кары, якія ты павінна была перанесці ў будучым жыцці, табе адпушчаныя; больш за тое, ва ўзнагароду за тваю шчодрасць Я так памнажаю значнасць тваіх заслугаў, што ты будзеш цешыцца ў небе вечнаю хвалою».

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка, паводле www.wspomozycielki.pl
«Ave Maria», №11-2014

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.