Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Інтэрстэлар»: суб'ектыўна пра кіно
Усяго патроху
01.12.2014 23:29

Раней я не любіла навуковую фантастыку, але апошнія гады з задавальненнем хаджу з сябрамі на фільмы гэтага жанру. Цікава. Пра «Інтэрстэлар» чула шмат. Неяк нават пісалі, што гэты фільм зарабіў у Мінску амаль два мільярды рублёў…

Вось ужо колькі дзён мінула пасля прагляду. Як сказалі б зараз палякі, «збочэне заводовэ» (прафесійная ненармальнасць») дало аб сабе знаць: гэты фільм стаў для мяне… малітвай.

Даўно я не думала так доўга пра Бога, пра вечнасць і пра любоў — на працягу ўсяго вечара, як сёння. Хоць стужка зусім і не прысвечана гэтай тэматыцы — у ёй шмат супярэчнасцяў, у тым ліку і для чалавека веруючага, — яна прымусіла мяне задумацца.

Навукова-фантастычны «Інтэрстэлар» па сцэнарыю Джонатана Нолана і фізіка Кіпа Торна распавядае пра прыгоды групы даследчыкаў, якія выкарыстоўваюць знойдзены прасторава-часавы танэль, каб абысці абмежаванні палёту чалавека ў космас і пакарыць вялікія адлегласці на міжзорным караблі.

Фільм увесь час суправаджаўся музыкай (асабліва арганаў), але, нягледзячы на гэта, у ім шмат цішыні. Фільм проста перапоўнены цішынёй. Сёння, у час мітусні, гучных гукаў, часта так не хапае цішыні! У кінатэатрах — «стралялкі», а тут столькі цішыні…

У фільме ёсць недарэчнасці (з пункту гледжання хаця б логікі, бо наконт навукі не выказваюся са сваёй гуманітарнай адукацыяй)… Напрыклад, у каманду, якая павінна была выратаваць чалавецтва ад гібелі, былі выбраны наймудрэйшыя людзі — навукоўцы, інжынеры… І, набліжаючыся да чорнай дзіркі, яны адзін аднаму тлумачылі, што такое «чорная дзірка» і як яна выглядае. Разумею, што тлумачаць для гледача, але ўсё ж трохі недарэчна, як па мне.

Фізік-тэарэтык Кіп Торн нездарма выступіў адным з прадзюсераў стужкі. Ён піша аб тым, что сюжэт фільму прыбліжаны да навуковай карціны свету настолькі, наколькі гэта магчыма ў навуковай фантастыцы.

Фільм часам нудны. Падзеі разгортваюцца паволі, размовы часам падаюцца бессэнсоўнымі, хоць пасля, з перспектывы часу, і становяцца зразумелымі.

Але ёсць у ім гумар і нават паэзія. Робат Тарс надзелены гумарам, яго жарты падаліся мне тонкімі.

«Не адыходзь у цемру, будзь лютым перад ноччу ночаў усіх, і не дазволь пагаснуць святлу ты свайму!» Хто, як не хрысціянін, ведае, што нельга дазволіць святлу, якое ўнутры нас, згаснуць?

Адзін з крытыкаў фільма Аляксандр Папоў кажа, што фільм зроблены ў стылі нью-эйдж (неаязычніцкі акультны рух, галоўнай характарыстыкай якога з'яўляецца вера ў безасабовага Бога, вечны сусвет, эвалюцыю чалавека ў Боскасць і інш.) і не варты ўвагі, бо напрамую не распавядае пра хрысціянства.

Думкі і словы

«Інтэрстэлар» і не лічыцца хрысціянскім, гэта — фантастыка. Фантастыка змешвае рэальнасць з нерэальным, паказвае мары людзей, магчымую будучыню. І нават, калі і прысутнічаюць тут ідэі нью-эйдж, не думаю, што яны здольныя пераканаць сапраўдных хрысціян.

Не паспрачаешся, што фільм закранае тэму любові, ды і праект па выратаванні чалавецтва героі назвалі «Лазар» — той, хто памёр і быў уваскрошаны… Паводле сюжэту, жыццё на зямлі становіцца немагчымым, тут не патрэбны вучоныя, толькі «фермеры»: людзі галадаюць, з сяльгаскультур расце толькі кукуруза, але і ёй засталося нядоўга, навокал пыл.

Але існуе група людзей, яны называюць сябе найбольш разумнымі, хочуць выратаваць чалавецтва, і для гэтага ім трэба знайсці планету, прыгодную для жыцця ў іншай галактыцы. Гэты праект і называецца «Лазар»…

Запомнілася адна з размоў галоўнай гераіні фільма Амеліі Брэнд, якую сыграла Эн Хэтэуэй:

«Мне хочацца ісці за сэрцам. (…) Любоў — гэта не выдумка чалавецтва. Гэта сіла. Быць можа, любоў — гэта той артэфакт вышэйшага вымярэння, здольны пранікнуць праз межы часу і прасторы? Мяне цягне праз увесь сусвет да чалавека, якога я не бачыла дзесяць гадоў і які, магчыма, ужо мёртвы. Любоў — адзіная сіла, здольная супрацьстаяць прасторы і часу».

Гэтыя словы цалкам слушныя, калі прымяніць іх і да Божай любові.

Раю глядзець гэты фільм у кінатэатры або ў добрай якасці на добрым экране, каб добра пачуць арганы, убачыць «чорную дзірку» і эмоцыі герояў.

Гэты фільм не зменіць вашага разумення свету, іншых людзей і саміх сябе, але, магчыма, дапаможа яшчэ раз задумацца пра важнае. Я, напрыклад, пасля фільма пачала аддзяляць смецце: пластык ад паперы і шкла.

Усё ж такі мы павінны клапаціцца пра экалогію, бо хто ведае, што чакае нашых нашчадкаў, калі чалавецтва не зменіць сваё спажывецкае стаўленне да свету? Гэты фільм не навучыць вас любіць і верыць, але няхай яшчэ раз ён пакажа вам, які вялікі Бог! Нават калі задумай аўтараў было паказаць, што Бога няма, то я яшчэ раз падумала пра тое, што як бы далёка чалавек ні даляцеў, як бы шмат ні спасцігнуў, Бог усё роўна «большы», усё роўна «вышэй». І дзеля таго, каб яшчэ раз падумаць пра Яго веліч, я раю гэты фільм.

Ці пачула я тое, што хацела пачуць? Магчыма, і так, але мяне фільм натхніў і вярнуў мае думкі пра Бога як Стварыцеля. Нагадаў пра любоў і пра яе каштоўнасць. Спадзяюся, калі-небудзь чалавецтва будзе рабіць больш высілкаў, каб спасцігнуць яшчэ адну Любоў, якая атачае яго з моманту нараджэння — любоў Хрыста.

Людміла Бурлевіч, магістр тэалогіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.