Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Калі посціце, не будзьце маркотныя, як крывадушнікі»: пра пост падчас Адвэнту
Усяго патроху
12.12.2014 11:55

Пост будуе душу чалавека, сам Бог пачынае весці гэтага чалавека па жыцці. Гэты чалавек, як святло ў цемры, атрымлівае здольнасць ад Бога паказваць на праўду людзям. Бог клапоціцца як аб духоўных, так і аб фізічных патрэбах гэтага чалавека. Можна сказаць, што сваім постам чалавек уплывае на будучыню сваіх нашчадкаў, на будучыню свайго народа...

Адвэнт дзеліцца на два этапы: першы — прысвечаны развагам аб другім прышэсці Езуса Хрыста; другі — падрыхтоўка да самога свята Нараджэння Хрыста.

Кожная нядзеля Адвэнту прысвячаецца пэўнаму ўспаміну, якому адпавядаюць евангельскія чытанні падчас набажэнства: першая нядзеля прысвечана будучаму прыйсцю Езуса Хрыста ў канцы часоў, другая і трэцяя — Яну Хрысціцелю, чацвёртая — падзеям, што непасрэдна папярэднічалі нараджэнню Сына Божага і асабліваму месцу Панны Марыі ў таямніцы Богаўцелаўлення.

У першую нядзелю Адвэнту запальваюць першую свечку ў вянку Адвэнту — свечку Прароцтваў. Яна сімвалізуе старазапаветныя прароцтвы прыйсця Збаўцы. Мы святкуем выкананне гэтых прароцтваў — прыйсце Збаўцы на зямлю немаўлём, Яго прыйсце ў нашы сэрцы праз веру ў Слова Божае і Яго апошняе прыйсце ў славе, каб судзіць усіх людзей.

Як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве ёсць людзі, якія посцяць, каб заслужыць у Бога якіясьці ласкі. Але насамрэч не ўсё, што мы хочам рабіць для Хрыста, дапаможа нам атрымаць ад Бога жаданае. Ды і наогул, навошта трэба чалавеку пасціцца? Як пост прынясе карысць?

Прыклады посту ў Старым Запавеце

Калі Ізраілю пагражала вынішчэнне ад персаў, Эстэр папрасіла ўвесь народ не піць і не есці тры дні і маліцца. Пасля трох дзён яна пайшла да цара Персіі прасіць за сваёй народ. Бог адказаў на іх малітву і пост, народ быў выратаваны. Давід пасціўся 7 дзён, раскайваўся ў сваім граху перад Богам, просячы прабачэння для сябе і жыцця для свайго сына. Бог дараваў Давіду, але не адмяніў пакаранне — сын памёр.

Ізраільскі цар Язафат абвясціў пост па ўсёй краіне напярэдадні бітвы, бо надзеі на выратаванне ад ворагаў практычна не было. Народ упакорыўся перад Богам, і Бог даў ім перамогу ў гэтай бітве. Такім чынам, бачна, што людзі ў Старым Запавеце пасціліся, калі ім трэба было рабіць нешта важнае, калі яны мелі патрэбу ў сіле і мудрасці ад Бога. Таксама яны пасціліся і ўпакорвалі сваю душу перад Богам, набліжаючыся да Яго, ачышчаючы сэрцы.

Толькі чыстае і пакорлівае Богу сэрца можа пасціцца так, каб дагадзіць Богу. Менавіта такі пост абвясціў Бог правільным праз ізраільскага прарока Ісаю:

«Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, развяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусці на волю і разарві кожнае ярмо: падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго і ад адзінакроўнага твайго не хавайся».

А зараз адказ ад таго ж прарока Ісаі на пытанне «што я атрымаю ад Бога ў выніку дагоднага Яму посту?»:

«Тады адкрыецца, як зара, святло тваё, і ацаленне тваё хутка вырасце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою. Тады ты паклічаш, і Гасподзь пачуе; залямантуеш, і Ён скажа: “вось Я!” Калі ты адвядзеш з асяроддзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец, і тады святло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як апоўдні; і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і падчас засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць. І забудуцца нашчадкамі тваімі пустыні спрадвечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленняў, і будуць называць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву».

Пост і духоўнасць

Пост будуе душу чалавека, сам Бог пачынае весці гэтага чалавека па жыцці, гэты чалавек, як святло ў цемры, атрымлівае здольнасць ад Бога паказваць на праўду людзям. Бог клапоціцца аб ім, як аб яго духоўных, так і фізічных патрэбах. Можна сказаць, што сваім постам чалавек уплывае на будучыню сваіх нашчадкаў, на будучыню свайго народа.

Сам Езус пра пост казаў мала, але Яго словы адкрываюць нам шлях і матывы сапраўднага посту. Вось урывак з Евангелля паводле Мацвея:

«Калі посціце, не будзьце маркотныя, як крывадушнікі, бо яны прымаюць на сябе змрочныя твары, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю. А ты, калі посціш, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё, каб явіцца поснікам не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, аддасць табе на яве».

З ўрыўка вынікае, што не трэба пасціцца, каб зрабіць уражанне, адлюстраваць духоўнасць. Любая справа, зробленая для ўласнай хвалы, не мае каштоўнасці.

Біблейскі пост — гэта ўстрыманне ад усякай ежы, часам і пітва (часам і ад палавых адносін) на працягу нейкага перыяду. Гэты час пакоры і знішчэння сваёй пыхі перад Богам. Пасціцца трэба з любові да Бога і толькі перад Ім, без знешняй паказухі і крывадушнай духоўнасці. Калі чалавек посціцца з праведным сэрцам і стаўленнем да Бога, Бог абяцае духоўнае благаслаўленне гэтаму чалавеку.

А цяпер самае галоўнае пытанне: з правільным сэрцам мы прыступілі да посту ці не? Ці пачуе Бог вашу малітву і ці будзе Яму даспадобы наш пост? І на самой справе не важна, як ты посцішся — галоўнае, каб гэты пост падрыхтаваў тваё сэрца да прыйсця Пана.

І ў канцы маленькая прыпавесць: два манахі пайшлі ў горад і там запалі ў блуд. Абодвух адправілі на сорак дзён у затвор на пакаянне. Пасля заканчэння тэрміну першы манах выйшаў стомлены і бледны, а другі — радасны і зіхатлівы. Першы ўсе сорак дзён аплакваў сваё падзенне і маліў Бога аб прабачэнні. Другі — усхваляў Бога за Яго міласць, якая дала яму магчымасць пакаяцца і пачаць новае жыццё. Настаяцелю было адкрыццё, што пакаянне абодвух братоў роўнае перад Богам.

Усім удалага і радаснага посту!

Паводле katolik-gomel.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.