Некаторыя прапаведнікі, калі тлумачаць таямніцу Хрыстовага нараджэння,
звяртаюць увагу на тры з’яўленні Божага Сына: Езус нарадзіўся ў
Бэтлееме, потым прыйдзе другі раз у канцы часоў, нашае ж жыццё мае быць
скіравана на тое, каб Хрыстус нарадзіўся ў нашым сэрцы. Калі Хрыстус
народзіцца ў нас, мы за апосталам Паўла зможам паўтарыць: «Ужо не я
жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал. 2, 20). Слаба ўяўляецца, каб хтосьці з нас сказаў гэтыя словы адносна сябе, не
проста механічна паўтарыў, але сказаў іх шчыра: «Ужо не я жыву, а жыве
ўва мне Хрыстус».
Як жа завуць Хрыста, які нарадзіўся ў Бэтлееме? З упэўненасцю мы можам сказаць, што імя Яго Езус. У кнізе Ісаі пададзены іншыя Яго імёны: «Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою». Разам гэтыя імёны ўтвараюць еднасць і азначаюць натуру і прыкметы Месіі: мудрасць, боскасць, усемагутнасць, вечнасць, міратворчаць.
Чаго мы чакаем у Адвэнт і ўсё сваё жыццё? Прыходу Езуса. Чакаючы Езуса, мы чакаем новага свету — Божага Валадарства. Канец свету — гэта не штосьці страшнае, як паказваюць у фільмах. Якое яно – Божае Валадарства? У той жа кнізе Ісаі напісана: «Будзе вялікім панаванне Яго, і міру не будзе канца над тронам Давіда і над яго валадарствам, якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці адгэтуль і навекі». Ці не хачу я стаць грамадзянінам неба - валадарства, якое будзе паўсюднае, трывалае і вечнае, у якім будзе захоўвацца Божы закон, справядлівасць і панаваць спакой?
Мы маем такое прагненне, але перад вачыма з’яўляюцца нашыя няправільныя выбары. Здаецца, што мы жывём ад падзення да падзення. У сэрцы вялікая чорная дзіра, якая адгукаецца пачуццём адзіноты. Як часта мы адчувалі вялікі ўздым. Ты ляцеў, як анёл, на крылах, але яны цяпер апусціліся. Аднак Божая таямніца заключаецца ў тым, што Бог нараджаецца ў кожным і ў кожным хоча расці. Божае Дзіця расце ў сэрцы таго, хто палюбіў дабро. З выбарам дабра зла становіцца менш.
Кс. Кірыл Бардонаў
|