Набліжаецца Божае Нараджэнне. Перад гаспадынямі паўстаюць клопаты па годнай падрыхтоўцы вігілійнага і каляднага стала, упрыгожвання хаты. Часам гэтыя матэрыяльныя турботы засланяць галоўнае — сэнс свята, Нараджэння Збаўцы. Тым часам у памяці многіх нашых вернікаў ёсць асабліва кранальныя моманты святкавання Божага Нараджэння, калі не было багата накрытых сталоў, але было сапраўднае адчуванне блізкага прыходу Збаўцы.
Парафіянка гомельскага касцёла Нараджэння Божай Маці Рэгіна Агафонава, нягледзячы на свой узрост — 86 гадоў — і мноства хваробаў, заўсёды наведвае святую Імшу, як у нядзелю, так і ў будні. У яе захаваўся цудоўны голас, і перад пачаткам Эўхарыстыі бабулі Рэгіне, як яе называюць у парафіі, даверана выбіраць спевы. Сёлета для яе настане восемдзесят шостае Хрыстова Нараджэнне. Васямнаццаць разоў яна адзначала ўрачыстасць у Сібіры, куды яе саслалі разам з бацькамі яшчэ малой дзяўчынкай.
«Я з сялянскай сям’і. Жылі мы ў Літве да таго, як мне споўнілася трынаццаць гадоў. Маці маю звалі Альжбета, бацьку — Ёзас. Бацькі былі веруючыя. І ў 1941 г., перад самай вайной, нас выслалі ў Сібір. Ні за што. Толькі за тое, што бацькі верылі ў Бога. У Сібіры мы пражылі 18 гадоў, там я і замуж выйшла. Веру сваю мы ніколі не гублялі. Хоць галодныя былі, вайна ж ішла, але святы адзначалі. Капуста мерзлая і больш нічога, але Бог захаваў у ссылцы ўсю нашу сям’ю, хоць маці і была вельмі хворая», — распавяла Рэгіна Агафонава Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Бацька яе да ссылкі працаваў настаўнікам, спяваў у касцёле. Парафіянка лічыць, што дар спяваць ёй перадаўся ад яго. Вігілію ў Сібіры адзначалі больш чым сціпла: апроч мерзлай капусты, дзве рыбкі, якія злавіў перад святам брат Рэгіны і якія падзялілі на пяць чалавек сям’і, ляпёшка замест аплаткі, якую ламалі пасля таго, як яе перажагнала маці. Святкавалі Божае Нараджэнне пры лучынцы, па традыцыі пад абрус клалі сена.
«Жылі ў ссылцы, пакуль Сталін не памёр. Працавалі, дровы секлі ў лесе, вечарам вязалі пры лучынцы, і святы адзначалі пры лучынцы. Святароў не было. Маці была веруючая. Бог дапамагаў. Маліліся ўвесь час. Маладым я хачу сказаць, каб не згубілі веру. Бог ёсць. Я ўся пераламаная, хаджу ў касцёл, Бог мне дапамагае і мой анёл-ахоўнік», — падзялілася бабуля. На крыўдзіцеляў, праз якіх літоўская сям’я столькі часу цярпела гора ў ссылцы, Рэгіна Агафонава крыўды не трымае. «Усё прайшло», — ставіць кропку яна.
Першы кардынал за сучасную гісторыю каталіцызму ў нашай краіне Казімір Свентэк некалькі разоў быў асуджаны на расстрэл. Але Божы план адносна яго быў іншы: святара чакалі сібірскія лагеры, дзе ён выжыў — бо так хацеў Бог, і вярнуўся ў Беларусь, каб адрадзіць тут Касцёл.
«Толькі ў апошнія гады знаходжання ў лагеры я раздабыў аплаткі і разынкі, і ўжо мог ва ўкрыцці цэлебраваць святую Імшу. У якасці келіха мне служыў маленькі фаянсавы кубачак, а кансэкраваныя дары я разносіў католікам у пустым карабку з-пад запалак. А ў Варкуце я арганізаваў вігілію Божага Нараджэння. 3 нараў мы зрабілі стол і паставілі на яго розныя стравы. Я паклаў дзве дзённыя порцыі хлеба, зэканоміўшы сваю пайку за два дні. Іншыя, а было нас больш за дзесяць, паклалі лепшыя стравы, якія атрымалі ў харчовых пасылках ад сем’яў. Былі таксама аплаткі. Трымаючы ў руках аплатку, я звярнуўся да сабраных. Голас мой дрыжаў, прысутныя выціралі слёзы. I раптам расчыніліся дзверы і ўвайшоў начальнік рэжыму з пісталетам у руцэ, а за ім салдат з карабінам і штыком. „Што вы робіце?” — запытаўся начальнік. Я стаў насупраць кадэбіста і пачаў тлумачыць абрад вігіліі. Працягнуўшы руку з аплаткай, прапанаваў яму падзяліцца ёй і павіншаваць са святам Божага Нараджэння. Узнікла арыгінальная і поўная напружання сітуацыя. Былі дзве працягнутыя рукі: мая — з аплаткай і кадэбіста — з пісталетам. Начальнік схаваў пісталет у кабуру, перапрасіў, што не можа па службовых абставінах прыняць аплатку, але дазволіў працягваць гэтую нашу вігілію і выйшаў з салдатам з камеры», — успамінаў пра тыя гады кардынал.
Нашы продкі пакутавалі за веру ў лагерах і ссылках, мільёны людзей – святароў, сясцёр законных, свецкіх былі знішчаны ў сталінскіх і гітлераўскіх лагерах. Хай жа мы сустрэнем Божае Нараджэнне годна, памятаючы пра жыцці і ахвяры гэтых людзей, пераймаючыся больш станам сваёй душы, чым турботамі пра тое, што імгненна мінае.
Алена Германовіч, Павел Міцкевіч
|