Вышываная культура: ці ёсць небяспека ў вышыванках? |
Усяго патроху |
19.01.2015 10:53 |
Ці сапраўды беларускія вышываныя ўзоры ўвасабляюць язычніцтва? Ці не з’яўляюцца вышыванкі і іх метамарфозы — вопратка і прадметы з арнаментам — непрымальнымі для хрысціяніна праз сувязь з язычніцтвам? Папулярнасць вышыванкі значна павялічылася ў апошні час, а гэта натхняе асабліва звярнуць увагу на гэтую з’яву. Вышыванка, як від нацыянальнай вопраткі некаторых славянскіх народаў, з’яўляецца часткай іх культурнай спадчыны. Такім чынам, калі спрабаваць ацэньваць вышыванку па-хрысціянску, то ў першую чаргу мы сутыкаемся з адносінамі хрысціянства да культуры. Сам па сабе Касцёл мае ўніверсальны характар — ён не з’яўляецца, напрыклад, толькі беларускім ці толькі ўкраінскім. Для таго, каб прапаведванне Евангелля было больш паспяховым, Касцёл выкарыстоўвае найлепшае, што ёсць у культуры кожнага народа. Праз гэта культура народа становіцца больш духоўнай, а традыцыя Касцёла — больш багатай. Дастасаванне прапаведвання Евангелля да сучасных умоў жыцця чалавецтва немагчыма без улічвання мясцовых здабыткаў культуры. Такім чынам Евангельская Навіна застаецца без зменаў, але становіцца блізкай да чалавека. Такі працэс называецца інкультурацыяй. У рэчышчы разважанняў пра адносіны Касцёла да культуры знаходзяцца словы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча пра значэнне вышыванкі, якія прагучалі ў мінулым годзе падчас перадкаляднай прэс-канферэнцыі: «Касцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры; вышыванкі — гэта частка нашай культуры і самабытнасці; і калі гэта спрыяе ўмацаванню самасвядомасці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам — я думаю, гэта вельмі добрая справа». Цяжка ўсумніцца ў пазітыўным значэнні вышыванкі як праяўлення самабытнасці. Аднак ці не з’яўляюцца вышыванкі і іх метамарфозы — вопратка і прадметы з арнаментам — непрымальнымі для хрысціяніна праз сувязь з язычніцтвам? Некаторыя могуць палічыць такім праяўленнем язычніцтва арнамент з матывамі Ярылы, які ў славянскіх плямёнаў часоў язычніцтва лічыўся богам урадлівасці і жыццёвых сіл прыроды. Аднак ці сапраўды беларускія вышываныя ўзоры ўвасабляюць язычніцтва? Адзін з прыкладаў выкарыстання «сімвалу Ярылы» ў вышыванках; Сярод вучоных няма адзінай думкі нават адносна таго, ці ўспрымалі славяне Ярылу богам. Такім ён прадстаўлены ў «Снягурцы» Астроўскага, аднак гэта праяўленне мастацкай задумы. Такое прадстаўленне Ярылы ў мастацтве пачынаецца з ХІХ ст. Многія даследчыкі лічаць Ярылу персаніфікацыяй свята сельскагаспадарчага календара. Такім чынам, вынікі даследванняў этнографаў паказваюць, што ён з’яўляўся для нашых продкаў толькі вобразам, рытуальным персанажам, падобным да Масленіцы. Сказанае пра Ярылу датычыць і іншых «багоў» язычніцкага пантэону. Цяжка казаць пра тое, якім язычніцтва было ў рэчаіснасці. Наколькі аўтэнтычная рэканструкцыя паганства, яго вераванняў, сімволікі і рытуалаў? Пры ўсім гэтым здзіўляе ўпэўненасць, з якой некаторыя пераканаўча сцвярджаюць пра язычніцкае значэнне ўзораў на вышыванцы і пра тое, што яны мелі такое значэнне тысячу і больш гадоў таму. На якія крыніцы, апрача перапісаных адна з адной кніг, яны абапіраюцца ў сваіх сцверджаннях? Упэўненае навязванне такога язычніцкага разумення арнамента, як і большасці таго, што звязана з беларускай самабытнасцю, пачалося не так даўно і з’яўляецца праяўленнем моды на неапаганства. Хоць гэтая мода пачынае сціхаць, варта далей пільна і крытычна адносіцца да гэтага пытання. Не кажучы ўжо пра паганства, хочацца падкрэсліць, што часта сустракаюцца сімвалы і знакі, які маюць падвойнае — хрысціянскае і нехрысціянскае — значэнне. Напрыклад, знак Найсвяцейшай Тройцы — вока Провіду (усёбачнае вока). Культура можа быць вышыта чалавечымі рукамі і культура можа быць хрысціянскай. Кс. Кірыл Бардонаў |