Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сэнс велікапосных сімвалаў і абрадаў
Усяго патроху
18.02.2015 09:34

Мінулі калядныя святы, было шмат радасці, шуму, мітусні. Распачнецца наступны перыяд літургічнага года — Вялікі пост, перад пачаткам якога варта ўсвядоміць стан сваёй душы, уласную мізэрнасць і грэшнасць. На старонках Святога Пісання захвочванне да посту паўстае не адзін раз.

«Абмыйцеся, — заклікае прарок Ісая, — будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй Маіх дрэнныя ўчынкі вашыя. Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро» (1, 16).

Мы жывём у свеце сімвалаў і знакаў. Езус таксама карыстаўся імі, каб дапамагчы людзям глыбей прачытаць сэнс збаўчых падзеяў. Ён накіраваўся ў пустыню, пасціўся сорак дзён, маліўся на гары... У літургіі Касцёл таксама звяртаецца да сімвалаў і знакаў.

Попел

Перыяд Вялікага посту распачынаецца пасыпаннем галавы попелам. У культуры Ізраэля гэта сімвалізавала вялікі жаль, боль, сум. Але не толькі.

Попел нагадвае, што ўсё зямное, г. зн. створанае з праху зямлі (гл. Быц), ізноў ператворыцца ў прах. Гэты распад з’яўляецца наступствам граху, таму ў Папяльцовую сераду святар крэсліць попелам знак крыжа на галовах або ілбе вернікаў.

Хто яго прымае, пацвярджае жаданне выправіцца, каб праз пакаянне вярнуцца да Бога, ад якога адышоў з-за граху, і вярнуць сабе несмяротнасць. Таму попел з’яўляецца сімвалам ачышчэння і ўваскрашэння.

Як галінкі пальмаў (вербачак), асвячоныя ў Пальмовую нядзелю, ператвараюцца ў попел, так змяняецца і нашае жыццё.

 

«Прахам быў і ў прах вернешся», — чуем словы святара ў Папяльцовую сераду. Гэта як бы напамін пра чалавечую мізэрнасць і нікчэмнасць, а таксама заклік да ўласнай змены і навяртання. Цела распадаецца, а дух можа ўмацоўвацца.

Калісьці ўвесь свет будзе ачышчаны агнём для таго, каб паўстала новае неба і новая зямля. Пасыпанне галоваў попелам з’яўляецца таксама выразам нашай веры ў абяцанае нам жыццё вечнае і прыспешваннем праз пакаянне хвіліны здзяйснення нашай просьбы са штодзённай малітвы Панскай: «Прыйдзі Валадарства Тваё».

Лічба 40

Біблейскія сорак дзён — гэта час пакаяння, посту, вырачэння і малітвы, час, які падрыхтоўвае сэрца чалавека для прыняцця Божых ласкаў. Майсей, напрыклад, прабыўшы на гары Сінай сорак дзён і начэй без ежы і піцця, атрымаў ад Бога табліцу з дзесяццю запаведзямі (гл. Зых 24, 18). Ілля ж, накормлены хлебам і вадою, якія прынёс яму анёл, ішоў сорак дзён і начэй да Божай гары Горэб» (1 Вал 19, 8).


Жыхары Нінівы, узрушаныя словамі прарока Ёны, пакутавалі сорак дзён і дзякуючы гэтаму пазбеглі прадказанага ім Божага пакарання (Ён 3). І Езус пасціўся ў пустыні сорак дзён і начэй, каб падрыхтаваць сваю чалавечую натуру да публічнай дзейнасці ў моцы Духа Святога.

Сорак дзён — сімвалічнае акрэсліванне тэрміну пакарання за грахі. Гэта найбольшы тэрмін, бо чалавек не захоўвае пост, каб знішчыць у сабе зло, Бог сам знішчае яго ў людзях, а робіць Ён гэта доўга — на працягу сарака дзён.

Лепш правесці гэты час у пакаянні, чым доўга цярпець у ачышчальным дзеянні Божага пакарання. Варта згадаць, што столькі ж часу спадалі на зямлю воды патопу (гл. Быц 7, 12).

Касцёл на працягу сарака дзён у посце і малітвах рыхтуецца да Вялікадня. Нам, як яго членам, трэба прайсці глыбокае ачышчэнне ад граху, каб стаць удзельнікамі ласкаў, якія вынікаюць з перамогі Езуса Хрыста над смерцю.

Крыжовы шлях

На гэтым шляху кожны чалавек спадарожнічае Езусу на працягу ўсяго жыцця, хоць не заўсёды гэта ўсведамляе. Гэтае пакутнае набажэнства трывае ў Касцёле ўжо больш за 800 гадоў і заключаецца ў разважанні над апошнімі днямі жыцця Езуса каля 14 стацый.

Ісці Крыжовым шляхам за Езусам пажадана не толькі па пятніцах Вялікага посту, але і ў звычайны перыяд, бо ў крыжы сканцэнтравана Божая мудрасць.

Крыж у штодзённым жыцці і ў Вялікі пост

Знак крыжа хрысціяне робяць кожны дзень, не надаючы гэтаму жэсту асаблівай увагі, а перадусім гэта вызнанне веры. Чалавек, які робіць знак крыжа, праходзячы каля святыні, не баіцца вызнаваць сваю веру.

Знак крыжа з’яўляецца самай кароткай малітвай, калі мы кладземся спаць або прачынаемся, калі сядаем за стол, распачынаем працу або вырушваем у падарожжа. Робячы з вераю знак крыжа, мы запрашаем Бога ў нашае штодзённае жыццё, давяраем Яму.

Крыж — гэта таксама знак благаслаўлення, які бацькі крэсляць на ілбе дзіцяці перад сном або перад яго адыходам у школу. Гэта адначасова і самы просты экзарцызм, дзякуючы якому можна заклікаць на дапамогу Бога, калі даводзіцца змагацца з духоўным або фізічным злом.


Крыж з’яўляецца галоўным сімвалам Вялікага посту. Ён нагадвае, што  Вялікі пост — гэта час, калі трэба адараваць Крыж Пана і спрабаваць зразумець свой уласны крыж.

Фіялетавы колер

Фіялетавы колер пераважае ў літургіі Вялікага посту. Ён утвараецца ў выніку змяшання чырвонага і блакітнага колераў, таму з’яўляецца як бы колерам «пасрэдніцтва». Ён можа азначаць духоўную барацьбу (чырвоны — цялеснасць, блакітны — колер неба), пакуту, паяднальную місію Хрыста, якая яднае неба з зямлёю.


Песні жальбы

Песні жальбы трапілі ў Беларусь з Польшчы. Гэтае набажэнства было ўведзена ксяндзамі місіянерамі на пачатку ХVIII ст. Першы раз Песні жальбы праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. Барочны тэкст, спалучаны з грыгарыянскімі матывамі, дапамагае больш глыбокаму разважанню над Мукаю Пана. Вялікая сіла сканцэнтравана ў гэтай «адарацыі спевам», што дапамагае знайсці суцяшэнне тым, хто ў роспачы, дагрукацца да закамянелых сэрцаў і вылечыць зраненыя душы.

Падрыхтавала Іна Ламака, часопіс «Ave Maria»
Паводле: http://www.rozaniec.eu/

фота з архіва Catholic.by і адкрытых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.