Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікі пост праз прызму ласкі
Усяго патроху
03.03.2015 11:11

Давайце перажывем гэты Вялікі пост так, каб ён адрозніваўся ад любога іншага посту, які быў дагэтуль у нашым жыцці. Узгадайма, што пост можа адкрыць нашыя сэрцы на шматлікія ласкі. Пан Бог дапамагае нам змяніць жыццё так, каб яно стала больш свабодным і радасным, каб мы мацней імкнуліся да любові і служэння бліжнім. 

Мы часта гаворым пра падрыхтоўку нашых сэрцаў да ўрачыстасці Уваскрасення Пана. Гэта не што іншае, як «падрыхтоўка» нашых спадзяванняў на Божыя ласкі, выпрацоўка ў сабе прадчування Божага благаслаўлення. Калі мы ставімся да посту як да «выпрабавання», то ўжо загадзя настройваем сябе, што не атрымаем ад гэтага нічога асаблівага.

 

Пачуццё хвалюючага чакання будзе павялічвацца, калі мы пастараемся распазнаць, што менавіта Бог хоча нам даць. Калі ж мы будзем занадта сканцэнтраваныя на сабе і на тым, што можна ці нельга рабіць падчас посту, то рызыкуем упусціць той дар, які Бог хоча нам даць. Мы павінны памятаць, што ласка сыходзіць ад Бога, які мае вялікае жаданне благаслаўляць нас.

 

Мы ўдзельнічаем у творчай і любячай дзейнасці Бога, калі нашыя сэрцы і рукі працуюць для іншых і разам з іншымі. Мы таксама можам напоўніць свае дамы святымі рэчамі, якія дапамогуць узнесці нашыя розумы і сэрцы да Бога. Няхай цэнтральнае месца ў нашых дамах падчас Вялікага посту займае распяцце.

Келіх з вадою на абедзенным стале можа нагадваць нам пра абяцанні, якія мы давалі падчас хросту. Можна таксама запальваць свечку кожны раз, калі сям’я сядае за стол, каб яна сімвалізавала святло Хрыста і дапамагала нам падрыхтавацца да новага агню, які будзе запалены ў Пасхальную вігілію. На цэнтральным месцы ў нашых дамах можна змясціць таксама Біблію, якая будзе нагадваць нам пра цэнтральнае месца Божага слова ў нашым жыцці.

Аднак для таго, каб сапраўды па-новаму перажыць Вялікі пост, мы павінны быць адкрытымі на Божую ласку, мець глыбокае жаданне атрымаць тое, што нам прапануе Бог, і абраць для сябе некалькі знакаў і сімвалаў, якія дапамогуць нам засяродзіцца на самым важным на працягу ўсяго велікапоснага перыяду.

Калі мы зробім гэта, Божая воля і нашае імкненне да большай еднасці з Богам сустрэнуцца. Мы больш не будзем успрымаць Вялікі пост як цяжар, а хутчэй як благаслаўленне.

 

Эндзі Аляксандр SJ, Морын МакКэнн Уолдран, 

сузаснавальнікі душпастырства Універсітэта Крэйтан,
аўтары брашуры «Малітва ў час посту: Абнаўленне нашага жыцця ў перыяд Вялікага посту»
 
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай

ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.