Ды ў цішыні прад Богам сшытак, спісаны, скрэслены сваім жыццём, трымае, хвіліну кожную з Хрыстом звярае, І кім бы не была — святла шукае, якое, каб не несла — не жыла б! Яна такая — Божая дачка! У Міжнародны дзень кожнай жанчыны, якая заўсёды застаецца любай дачкой Створцы, наступныя абразкі.
Дзяўчо-дзіцё Жнівеньскім ранкам яна падоўгу назірала за дзвюма ігрушамі, якія важна стаялі ў бабуліным гародчыку і з кожным павевам ветру скідалі сваю малечу — салодкія ігрушкі — любімы пачастунак як дзяцей, так і осаў. Яна сядзела на падваконні і лічыла, колькі малых ігрушак абаб'е вецер, лічыла на слых. Чаму на слых? Бо вочы яе блукалі па пакоі, па куце з завешанымі старымі абразамі. Абраз Сэрца Езуса, «Укрыжаванне», Маці Божай Балеснай, святога Антонія і святой Агаты. Першы застаўся з місій, калі яго атрымлівала кожная сям'я ў парафіі, другі і трэці засталіся ад старых, якія жылі ў бабулінай хаце, датуль як дзядуля яе выкупіў і паклаў драўляную падлогу. Бабуля так і распавядала: «Раней падлогі не было, стаптаная зямля, і зімой на яе не ступіць было басанож!» Трэці — абраз любімага бабулінага святога, да якога яна малілася тады, калі тата згубіў у лесе ключы ад аўтамабіля, і нават казала маліцца малым, калі хтосьці губляў ці шкарпэтку, ці рукавічку. «Святы Антоні дапаможа, маліцеся, дзетачкі», — казала бабуля. І абраз абаронцы ад пажараў — святой Агаты. Чорна-белая выява прыгожай дзяўчыны з доўгай, большай за яе рост пальмовай галінай, заўсёды прыцягвала позірк малой дзяўчынкі, якая глядзела і нібы пыталася: «Няўжо яна гэтай галінкай пажар будзе адганяць?»
З абразоў увага пераходзіла зноў на гародчык. «Шаснаццатая. Можна ісці збіраць ігрушкі!» — гаварыла дзяўчынка і саскоквала не ў пакой, а ў гародчык, і абпальвала не крапіваю, а «жучкаю» свае босыя ногі, ды ўсё роўна пачынала збіраць ласунак.
«Галоўнае, — думала яна, — не наступіць на асу, што раней за мяне аб'ядае ігрушку, бо смылець даўжэй за апёкі "жучкі" будзе!»
Дзяўчына
Скончыўся адзінаццаты клас, быў якраз ранак выпускнога. Ужо не школьнікамі пасыпаліся дадому хлопцы і дзяўчаты, якія танцавалі і гаманілі ўсю ноч, пасыпаліся запаўняць гэты свет, далей ад бацькоўскага дома...
Ранішняя раса і прахалода бадзёрылі маладыя сэрцы. Вяртаючыся дадому, яна ішла з аднакласнікамі. Ішлі і гаварылі пра тое, якія ў кожнага мары. Быў самы той час, каб дзяліцца марамі. Першыя прамяні сонца — першыя мары самастойнага жыцця. Ужо вырашана, куды паступаць, які ўніверсітэт, які факультэт, а потым ужо невядомы наступны вір жыцця... Яе мара была дзіўнай, узрошчаная на бабуліных абразах на куце, на малітве на ружанцы, калі кожны кастрычніцкі вечар станавілася перад алтаром з абразом Маці Божай са строгім, а насамрэч засмучаным позіркам, ды разам з айцом капуцынам прамаўляла ўслых «Вітай, Марыя» і «Ойча наш»... Яе мары былі ўзрошчаны на сяброўскіх размовах, калі вярталіся дадому з вечаровых Імшаў. На размовах з самымі рознымі людзьмі, што нечым шчырым і так глыбока-трапяткім краналі яе сэрца і заставаліся ў ім назаўсёды. Яе мара ішла поруч з белым жарабяткам Алеся Загорскага, якога ўзгадаваў Уладзімір Караткевіч ў сваіх «Каласах»...
Сястра
«Заўтра ў яго дзень нараджэння, а нашае сяброўства, якое было такім моцным у дзяцінстве, нібыта павісла на тонкай павуціне і можа ў любы момант зляцець у прорву», — праносілася ў яе галаве. «Пяць гадзін на цягніку, і я буду ў горадзе, дзе пралятае яго студэнцтва. Гадзіна, каб сустрэцца, а потым зноў у той жа цягнік, каб вярнуцца і самой не спазніцца на вучобу», — думкі клубіліся роем, яна вырашыла паехаць.
Захапіўшы падарунак, торт і тэрмас з духмянай гарбатай, якраз пасля нядзельнай Імшы, яна пабегла на вакзал, набыла білет «туды і назад» амаль перад самым адпраўленнем цягніка, але паспела.
На сярэдзіне шляху яна патэлефанавала яму: «Прывітанне. Вельмі хачу цябе ўбачыць. Я прыязджаю амаль апоўначы. Прыходзь і сустрэнь!»
«Не, што ты робіш! Слухай, ну ты вар'ятка! Навошта мучыш сябе! Добра. Я прыйду...» — рэзка набраўшы хуткасці, ён паволі ўключыў нейтралку і спыніўся, згадзіўшыся.
Яна прыехала. Ён яе сустрэў. Цэлая гадзіна на размову, якая стала вырашальнай, каб тое самае і дарагое, і роднае не паляцела ў прорву.
Яна працягнула яму шалік: «Вось, з днём нараджэння, брат!» «Дзякуй, сястра! Ты неверагодная вар'ятка!» — прамовіў з радасцю і ўсмешкай ён.
«І ты будзь такім неверагодным вар'ятам! Так цікавей жыць!»
Роўна гадзіны ім хапіла, каб уратаваць сяброўства ды выпіць духмянай гарбаты, седзячы на паўцёмнай вулачцы суцішанага горада ў адну вераснёўскую ноч.
Жонка
Ехалі на роварах уздоўж ракі, якая дыхала туманам...
Ён — першы, а яна — за ім, часамі наадварот. Гэта быў час на сумеснае маўчанне, час на размову, час на сузіранне апошніх прамянёў сонца.
Час на цішыню, якую з кожным днём цанілі ўсё больш і больш. Як тую цішыню, якую цэніць манах, які спыняецца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі, стомлены працаю і абавязкамі, застаецца сам насам з Тым, Каму прысвяціў сябе без рэшты.
Яна ехала за ім, углядаючыся ў настолькі блізкі і знаёмы сілуэт, ад якога не аддалялася больш чым на 10 метраў, каб не прапусціць яго кароткага пытання ці воклічу...
Маці, бабуля
Перад тым як апранаць ружовашчокіх сынкоў, што бясконца заваёўвалі яе ўвагу, яна прыклала палец да вуснаў, каб удальцы прыціхлі, і зрабіла знак крыжа на бялюткіх кашулях. Хлопцы прысмірнелі, заўважыўшы, што робіць матуля, а потым зноў працягвалі сваю барацьбу, седзячы ўжо ў свежым адзенні.
Калісьці яе бабуля, калі яе, яшчэ дзяўчынку, мыла ў лазні, перад тым, як апрануць кашулю, заўсёды рабіла знак крыжа. Бабуля вельмі часта рабіла знак крыжа ўвогуле.
Адразу як прачыналася, як распачынала спяваць гадзінкі, жагнала карову, падаіўшы яе і выпраўляючы ў поле. Яна рабіла знак крыжа, калі распачынала новы бохан хлеба. Калі даставала масла з бойкі і ўкладала ў талерцы, то ножыкам пасярэдзіне ставіла крыжык, ад якога, як ад сонца, адціскала лязом прамяні. Калі даставала сыр з сырнага мяшка і ўкладала на дэнка. Калі развітвалася з дзецьмі, якія саджалі сваю сям'ю ў аўтамабіль і паволі ад'язджалі ад бацькоўскага дома...
І пакуль была бачная бабуля, то махалі і ўнукі, і дзеці далонямі, як хусцінкамі, а бабуля, паўтараючы "З Богам!", благаслаўляла ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Амэн...
Дзяўчо, Дзяўчына Ды сястра, Матуля-жонка, ці законніца, Яна заўсёдная дачка... Настаўніца, Урач, Палітык, Геолаг Ці філолаг, Тэатральны крытык, Яна і прачка, і швяя, і інжынер, і аналітык, Ды ў цішыні прад Богам сшытак, спісаны, скрэслены сваім жыццём, трымае, хвіліну кожную з Хрыстом звярае, І кім бы не была — святла шукае, якое, каб не несла — не жыла б! Яна такая — Божая дачка!
Падрыхтавала Аксана Ючкавіч
|