Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб быць бліжэй да Бога
Усяго патроху
20.03.2015 11:47

У Пасланні да Эфесцаў святы Павел піша: «Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, знаходзіцеся блізка праз КРОЎ Хрыста».

Слова «Кроў» з’яўляецца больш чым у 350 біблійных вершах, усяго больш за 400 разоў. Што такога было ў Крыві, што так моцна засяродзіла ўвагу Ізраэлітаў? Кроў прадстаўляла два асноўныя паняцці веры Ізраэлітаў: ахвяру і жыццё. Мы ведаем, што гэтыя паняцці спалучаліся паміж сабой у габрэйскай традыцыі як складанне крыві жывёлаў у ахвяры за грахі.

У святле Новага Запавету мы бачым, што гэтыя старажытныя ахвяры былі наказам Божай ахвяры, складзенай Езусам за збаўленне свету. Калі мы такім чынам удзельнічаем у Эўхарыстыі, прымаючы каштоўнае Цела і Кроў Езуса ў святой Камуніі, мы аднаўляем Запавет, які Бог заключыў з намі праз Кроў Езуса, пралітую на Крыжы.

Калі мы прымаем Яго Кроў падчас святой Камуніі, яна абмывае нас ад грахоў. Дзякуючы гэтаму мы знаходзімся бліжэй да Бога і адзін да аднаго. Гэта і ёсць Камунія, інакш — спалучэнне, аб’яднанне.

Святая Камунія — гэта яшчэ нешта больш глыбокае. Стары Запавет гаворыць у Кнізе Святарскай: «Жыццё цела знаходзіцца ў Крыві» (пар. Лев 17, 11). Без крыві, якая цячэ ў нашых венах і артэрыях, кормячы нашыя органы, а таксама дастаўляючы кісларод у наш мозг, мы не змаглі б жыць. Кроў падтрымлівае таксама нашае духоўнае жыццё. Яго Кроў не толькі абмывае нас з грахоў, але таксама дае магчымасць праплываць Божаму жыццю ў нас, гарантуючы нам злучанасць з Нябесным Айцом. Без Цела і Крыві Езуса ў нас немагчыма было б нашае духоўнае здароўе.

Прымаючы Цела і Кроў Хрыста, давайце звернем нашыя думкі да Езуса, які адорвае нас Божым жыццём. Давайце ўспомнім, што Касцёл нарадзіўся з Яго Крыві, пралітай на Крыжы. Давайце ізноў і па-новаму зразумеем, што «Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста?» (1 Кар 10, 16). 

Цяпер Вялікі пост. Гэта час, калі асаблівым чынам можна маліцца да Крыві Хрыста, прамаўляючы, напрыклад, літанію, Ружанец ці іншыя малітвы да Крыві Хрыста, якія маюць вельмі вялікую моц.

Пане, учыні, каб Твая беззаганная Кроў, пралітая дзеля нас, ачысціла наш розум, каб мы з пакорлівасцю і адданасцю служылі Нябеснаму Айцу і, гэтак жывучы, заслужылі вечнасць.

С. Крыстына Кусак ASC

Ave Maria №3 (180) 2010


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.