Як з’явіўся Ружанец |
Усяго патроху |
01.10.2015 00:00 |
Многія з нас на пытанне, як і калі з’явіўся Ружанец, адказалі б без вагання, што ён быў уведзены ў ХІІ ст. святым Дамінікам, які з яго дапамогаю навяртаў ератыкоў. Гэтае перакананне мае за сабою доўгую і моцна замацаваную традыцыю. Аднак гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што Ружанец, напэўна, не ўзнік з аднаго жадання волі і мае не толькі аднаго стваральніка. Звернемся да самага пачатку, да таго часу, калі ўзнік яго складовы элемент — «Вітай, Марыя». Як вядома, першая галоўная частка кожнай «Вітай, Марыя» складзена са слоў, змешчаных у Евангеллі паводле Лукі. Уласна кажучы, размова ідзе пра два розныя фрагменты: спачатку мы паўтараем словы анёла Габрыэля (пар. Лк 1, 28), а потым адразу — словы св. Альжбеты (пар. Лк 1, 42). Абедзве фразы былі спачатку звернуты да Марыі, а адбылося гэта па Божым натхненні і з’яўляецца часткаю аб’яўлення вялікай праўды веры, што «Слова сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14). Анёл гаворыць Панне Марыі, якая павінна была зачаць Хрыста, а св. Альжбета вымаўляе словы праслаўлення Дзеве Марыі, якая ўжо Яго зачала. Гэтыя словы не з’яўляюцца тварэннем чалавечай мудрасці і пабожнасці, хоць яны былі запомненыя людзьмі і запісаныя на старонках Евангелля рукой чалавека; за імі стаіць сам Дух Божы, які асабіста злучыў прывітанне Марыі з праслаўленнем Плоду Яе ўлоння. Аднак натхнёныя словы Анёла і св. Альжбеты, якія атачаюць таямніцу ўцелаўлення, не стаяць у Евангеллі побач. Хтосьці павінен быў іх адтуль узяць, аб’яднаць і зрабіць адною малітваю. Як гэта адбылося? Гэта аб’яднанне здзейсніў Касцёл у сваёй літургіі. Спачатку так адбылося на Усходзе. Першая вядомая нам форма сфармаванай такім чынам малітвы «Вітай, Марыя» паходзіць з найстаражытнейшых грэкамоўных літургій. Па меншай меры з ІV ст. Касцёл на Усходзе паўтараў разам словы Анёла і Альжбеты. Адтуль гэты звычай прыкладна каля VII ст. перайшоў у рымскую літургію (і ўвогуле ў заходнюю літургію). Першым месцам, дзе з’явілася «Вітай, Марыя», быў імшальны фармуляр на свята Звеставання. Сёння «Вітай, Марыя» вельмі рэдка ў каго асацыіруецца з літургіяй, г.зн. з публічнаю малітваю Касцёла. Тым больш варта ўсвядоміць, якім вялікім быў уплыў літургіі на з’яўленне гэтай «прыватнай» малітвы.
Напэўна, ужо ў ІХ ст. (з таго часу паходзіць найстаражытнейшае, вядомае нам сведчанне) замацоўваецца звычай паўтарэння «Вітай, Марыя» як прыватнай малітвы. Гэтая практыка квітнела ў ХІ–ХІІ стст. — яе папулярызавалі бэнэдыктынцы і цыстэрцыянцы, але хапае і сведчанняў пра свецкіх людзей, якія таксама лічылі сваім абавязкам штодзённа чытаць «Вітай, Марыя», нават па некалькі дзясяткаў разоў. Маліліся на каленях, стоячы або ўпаўшы крыжам, у касцёле, у келлі або ў пакоі, але заўсёды гэтымі рэкамендаванымі літургіяй словамі Анёла і Альжбеты. Людзі Сярэднявечча добра ведалі, што гэтая марыйная малітва нібы мяккае покрыва, якім мы агортваем Дзіцятка, нашага Пана. Аднак доўгі час у самой малітве не ўзгадвалася Ягонае імя: малітва заканчвалася словамі «благаслаўлёны плод улоння Твайго». Тэкст пачаў мяняцца ў палове ХІІІ ст., калі Папа (хутчэй за ўсё, Урбан ІV) устанавіў спецыяльны адпуст за далучэнне да традыцыйнай «Вітай, Марыя» Імені Езуса. Гэта практыка распаўсюдзілася па ўсім свеце ў ХVІ ст. З таго часу малітва як бы расцягвалася паміж двума Імёнамі: Марыя і Езус.
Святы Дамінік (каля 1170–1221 гг.), якога лічаць творцам ружанцовай малітвы, паходзіў з Іспаніі, быў заснавальнікам Ордэна Братоў Прапаведнікаў. Каля 1206 г. распачаў навяртанне катараў у паўднёвай Францыі. Хадзіў з вёскі ў вёску, прапаведаваў Евангелле. Згодна з паданнем, калі ён горача маліўся аб навяртанні ератыкоў, яму аб’явілася Божая Маці, якая сказала: «Хачу, каб ты ведаў, што ў такой барацьбе таранам заўсёды застаецца анёльскі Псалтыр, які з’яўляецца краевугольным каменем Новага Запавету. Таму, калі хочаш здабыць гэтыя скамянелыя душы і заваяваць іх для Бога, абвяшчай Мой Псалтыр». З таго часу св. Дамінік горача заахвочваў да Ружанца. Паасобныя часткі Ружанца на працягу некалькіх стагоддзяў паступова нараджаліся ў малітве Касцёла і з часам пачалі складаць пэўную абмежаваную цэласнасць. Бясспрэчна, кожная вышэйзгаданая дзея — фармаванне тэксту «Вітай», практыка яго паўтарэння, адлічванне малітваў на пацерках і звязванне «Вітай» з «Ойча наш» — мела значэнне для ўзнікнення нашага Ружанца. Вырашальнае значэнне, аднак, меў факт дадання разважанняў акрэсленых таямніцаў. Медытацыя аб жыцці Пана Езуса з’яўляецца, зразумела, нязменным элементам хрысціянскай духоўнасці, і Ружанец нічога тут не змяняў. Шмат раней перад яго ўзнікненнем хрысціяне разважалі над рознымі падзеямі, апісанымі ў Святым Пісанні і захаванымі згодна з традыцыяй. Ужо ў XIV ст. іх пачалі далучаць да паўтарэння вуснай малітвы. Аднак Ружанец у вядомым нам сёння выглядзе з’явіўся ў XV ст. дзякуючы наступным падзеям. На пачатку XV ст. у кляштары картузаў у Трэвіжы адзін з манахаў, Дамінік з Прус (раней вучыўся ў Кракаве), да кожнай са 150 «Вітай» пасля слова «Езус» пачаў дадаваць кароткі сказ, які нагадваў пра розныя эпізоды з жыцця Хрыста і Яго Маці (напрыклад: «якога Ты, Пані, з Духа Святога пачала», «якога св. Ян ахрысціў у Ярдане і назваў Баранкам Божым», «які на гары Табор перамяніўся на вачах у апосталаў»). Праўда, гэтыя «клаўзулы» з картузскага Ружанца Благаслаўлёнай Марыі не замацаваліся ў паўсюдным Ружанцы, які сёння практыкуецца, але пакінулі на ім свой адбітак: сёння мы таксама звязваем паасобныя дзясяткі з акрэсленай таямніцай, г. зн. з падзеяй з жыцця Езуса і Марыі, якая патрабуе ад нас медытатыўнага «захавання ў сэрцы». З тых часоў Ружанец ужо амаль не змяняўся. Гэтая малітва, якая нарадзілася ва ўлонні Касцёла, дастаткова хутка атрымала ўхваленне наступных Папаў. Першым гэта зрабіў Леў X у 1520 г. Праз некаторы час, напярэдадні Рэфармацыі, быў заўважаны правідчы характар узнікнення гэтай малітвы. Ружанец стаў «зброяй» абароны каталіцкай веры ад ерасі. А калі ў 1571 г. хрысціянскі флот затрымаў пад Лепанто ісламскія сілы, св. Пій V прыняў рашэнне ўвесці ў літургічны год асобнае свята ў гонар Ружанца. Так з’явілася кастрычніцкае свята Ружанца, адзначанае спецыяльным фармулярам у Імшале. Такім чынам Ружанец, які ў пэўным сэнсе вылучыўся з літургіі, цяпер знайшоў у ёй ганаровае месца. Аднак можна сказаць, што мы — сведкі чарговага важнага этапу гэтай гісторыі, якім, безумоўна, з’яўляецца прапанова Святога Айца Яна Паўла ІІ дадаць да існуючага ўжо Ружанца яшчэ адну частку: таямніцы святла аб публічным жыцці Пана Езуса. Мы назіралі, як хвалі стагоддзяў складалі чарговыя пласты нашага Ружанца, а цяпер, як гэта ўжо не раз адбывалася, разам з папскім прадпісаннем на нашых вачах ствараецца чарговы пласт: без аніякай рэвалюцыі, у духу пераемнасці ружанцовай традыцыі наш Ружанец набывае новае ззянне, ззянне свету. |