Ці задумваліся вы калі-небудзь пра тое, што забівае любоў? Я маю на ўвазе любоў паміж сужэнцамі, якія калісьці не ўяўлялі жыцця адно без аднаго, любоў паміж сябрамі, якія так радаваліся, калі нечакана выяўлялася, што яны думаюць пра адно і тое ж, любоў паміж бацькамі і дзецьмі-падлеткамі, адносіны якіх яшчэ ўчора здаваліся бясхмарнымі.
Сапраўды, дзіўна, што, з аднаго боку, кожны (!) з нас прагне жыць у стане любові і прыкладае для гэтага вялізныя намаганні, а з іншага боку, мы так часта не адчуваем сябе важнымі для блізкіх і любімымі імі. І двое людзей, якія стаяць у вясельных уборах перад алтаром, зразумела, хочуць шчаслівага шлюбу на ўсё жыццё, але праходзіць усяго некалькі гадоў...
Як часта горкае расчараванне і крыўда прыходзяць на змену любові! І тады кожны з нас лічыць, што менавіта ён рабіў усё, што мог, і змагаўся за любоў да канца, а той, іншы, «падвёў», «мала стараўся», «аказаўся не тым чалавекам», «здрадзіў нашай любові». Дык што ж з намі адбываецца? А дакладней, што адбываецца з нашаю любоўю?
Паспрабуем разам правесці даследаванне.
Пачаць варта з таго, што, на жаль, не існуе агульнага для ўсіх людзей спосабу разумення любові. Зразумела, мы ўсе ўмеем прыгожа разважаць на гэтую тэму і даваць прыкладна падобныя азначэнні любові. Але вы цудоўна ведаеце са свайго жыццёвага вопыту, што, як бы прыгожа людзі ні разважалі, на практыцы ўсе любяць па-рознаму. Псіхолагі часта сутыкаюцца з такімі сітуацыямі, калі пара сужэнцаў, якія прыйшлі на кансультацыю, распачынае сварку ўжо ў кабінеце. «Ён мяне не кахае, — кажа яна, — бо не хоча праводзіць вечары са мною дома». «Чаму не кахаю?! — абураецца ён. — Я ж у гэты час працую, каб утрымліваць сям’ю!» Альбо вось яшчэ адна тыповая гісторыя. «Яна мяне дрэнна корміць!» (што значыць, не любіць). А ў адказ: «А ён не пытаецца, як я правяла дзень». І шмат іншых падобных і не вельмі падобных гісторый, а паміж радкамі заўсёды можна пачуць, што менавіта кожны з нас лічыць любоўю. А варыянтаў не так і шмат, і спіс самых пашыраных практычных уяўленняў пра любоў мог бы выглядаць прыкладна так:
1. Любоў — гэта калі ў нас аднолькавыя густы, меркаванні, зацікаўленні, пачуцці і жаданні, па сутнасці, мы амаль копіі адно аднаго. У гэтую пастку часта трапляюць маладыя пары, калі праз некаторы час пасля заключэння шлюбу сутыкаюцца з уласнымі адрозненнямі і палохаюцца. «Як яна можа не разумець такіх простых рэчаў, а мне ж здавалася, што мы думаем аднолькава!» Або: «Чаму ён не адчувае ў гэтай падзеі таго ж, што і я?» А потым выснова: «Напэўна, гэта не любоў».
2. Любоў — гэта калі той, хто любіць, жыве жыццём любімага чалавека, а на практыцы гэта азначае цікавіцца тым, што цікава яму (або ёй), цалкам давяраць яго думкам і меркаванням і заўсёды лічыць іх абсалютнай ісцінай, увайсці ў кола яго сяброў і адмовіцца ад сваіх, абмяркоўваць толькі падзеі яго жыцця, клапаціцца пра яго пачуцці, настрой, здароўе, зацікаўленні, талент і цалкам ігнараваць пры гэтым сябе. «Тваё жыццё — цяпер наша агульнае». Але адначасова гэта нібы азначае, што не трэба прыносіць нічога свайго да «агульнага стала». І той, чыімі думкамі, ідэямі і пачуццямі жывяцца адносіны, у хуткім часе стамляецца «толькі даваць», а другі пачынае лічыць яго няўдзячным: «Я ж нават дыхаю табою».
3. Любоў — гэта пастаяннае ахвяраванне сабою дзеля любімага і поўнае адмаўленне ад сваіх патрэбаў і задавальненняў «дзеля яго (яе)». На жаль, праз некаторы час нарастае стомленасць і адчуванне «выкарыстанасці», а любімы чалавек пераходзіць у катэгорыю вечных даўжнікоў.
4. Любоў — гэта калі ты клапоцішся пра тое, каб любімы чалавек быў накормлены, апрануты, меў утульны дом, магчымасць атрымліваць адукацыю. «Я ж усё табе даю, чаго ж табе не хапае?» — спачатку здзіўляецца, а потым абураецца той, хто любіць. А як жа зацікаўленасць пачуццямі («чаму ты такі сумны?»), ідэямі, планамі, марамі?
5. Любоў — гэта калі ты цікавішся абсалютна ўсім, што датычыць іншага. «Дзе быў?», «хто званіў?», «што сказалі?», «а што ты адказаў?», «а што ты робіш?», «можна, я буду сядзець з табою?» І так з раніцы да вечара. Больш падобна на кантроль, праўда?
6. Любоў — гэта калі цябе ні ў чым не абмяжоўваюць і не крытыкуюць. «Калі любіш, то ніколі не будзеш казаць мне „не“, будзеш цярпець усё». Іншыя паводзіны любімага ўспрымаюцца як парушэнне законных правоў і нібы даюць права на абурэнне, а потым — на агрэсію. «Маю права крычаць і нават ударыць, бо тут на мяне нападаюць і абмяжоўваюць мае правы».
7. Любоў — гэта калі заўсёды прызнаюць тваю правату і табою захапляюцца. А калі не заўсёды, то значыць, «не цэняць, недастаткова любяць». «Значыць, я маю права крыўдзіцца і тыдзень не размаўляць».
8. Любоў — гэта калі цябе настолькі разумеюць, што адчуваюць твае патрэбы і мары. «Калі сапраўды любіш, то павінен быць тэлепатам». А калі не атрымліваецца, то той, хто любіць, дрэнна стараецца, не любіць па-сапраўднаму.
Вось прыблізна ўсе варыянты таго, што мы называем любоўю. Ага, і яшчэ адзін:
9. Любоў — гэта «ідэальныя сексуальныя адносіны». «Як бы мы ні пакрыўдзілі адно аднаго ўдзень, сексу гэта пашкодзіць не павінна».
Але адкуль у нашых галовах з’явіліся ўсе гэтыя дзівацтвы? Нічога новага. Любіць і быць любімым мы вучымся ў дзяцінстве ў нашых сем’ях. Напрыклад, калі дзіця толькі кормяць, апранаюць, абслугоўваюць і адорваюць падарункамі, але не цікавяцца яго ўнутраным жыццём, то менавіта такія паводзіны яно і будзе лічыць любоўю. І менавіта такім чынам будзе любіць дарагіх людзей. «Я ж падарыў ёй футра ў мінулым годзе, чаго яна яшчэ хоча?!» «Я ж гатую яму абеды і мыю адзенне, а ён нечым не задаволены!» Іншы варыянт, калі дзіця пастаянна крытыкавалі і патрабавалі ад яго дасягненняў, тады, стаўшы дарослым, ён будзе чакаць такой любові да сябе, пра якую марыў у дзяцінстве: каб яго заўсёды хвалілі, не заўважалі яго памылак і, галоўнае, нічога ад яго не чакалі і не патрабавалі. Але! Паколькі яно бачыла ў сям’і толькі адзін від любові, то іншым спосабам любіць не навучылася і любіць блізкіх яно будзе крытыкуючы («а хто табе яшчэ праўду скажа?») і патрабуючы («гэта дзеля твайго ж дабра»). Адным словам, прынцып зразумелы.
Вось і атрымліваецца, што ў пачатку адносінаў з любімым чалавекам мы спадзяемся на любоў, але на такую, якая знаёмая нам, забываючы, што ўсе мы паходзім з розных сем’яў і што ўсіх нас любілі па-рознаму. А потым пачынаем чакаць. Пасля — патрабаваць, ды так гучна, што чуваць нават суседзям. А потым — помсціць за «растаптаную любоў».
А што, калі паспрабаваць паспачуваць адно аднаму? Падумаць пра тыя душэўныя раны, якія прымушаюць нашых блізкіх разумець любоў менавіта так. І гэта можа стаць першым крокам насустрач адно аднаму. А пасля, калі мы разам захочам, то абавязкова адкрыем, што «любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае, так, як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца» (1 Кар 13, 4–8).
І я веру, што Пан Бог любіць нас настолькі, што з радасцю падзеліцца з намі і гэтаю таямніцаю.
Наталля Пан, псіхолаг
Ave Maria №4 (169) 2009
|