Таямніца жаноцкасці і мужнасці |
Усяго патроху |
18.10.2015 00:00 |
Калі Бог стварыў нас, то ў гэтым была нейкая мэта. Ён стварыў нас у рознасці, але ў адзінай годнасці асобаў. У чым сутнасць рознасці стварэння жанчыны і мужчыны Усемагутным Богам? Давайце паразважаем менавіта пра сутнасць гэтай рознасці і паглядзім на яе зусім з іншага боку. Мы можам з першага позірку адрозніць мужчыну ад жанчыны, хоць, улічваючы сённяшнія метамарфозы моды, можна сказаць, амаль заўсёды. Адрозніваюцца яны цялесна. Як гаварыў вялікі Папа Ян Павел ІІ, гэта два спосабы быцця целам, вельмі розныя, але з выразным прызначэннем. Мужчына адораны Богам так, каб мог быць бацькам. Жанчына адорана так, каб магла быць маці. І менавіта ў гэтым уся таямніца рознасці, і дзеля гэтага нас стварыў Добры Бог двума рознымі спосабамі. Мужчына і жанчына, створаныя для еднасці ў сужэнстве, павінны прыносіць плады бацькоўства. Калі Бог стварыў нас як мужчыну і жанчыну, паклікаў да бацькоўства і мацярынства, то Ён адарыў нас усімі патрэбнымі якасцямі для выканання розных роляў. Жанчына створана для распаўсюджвання любові на зямлі. Мужчына створаны і пакліканы для таго, каб дзякуючы сваёй рацынальнасці і аналітычнасці рабіць свет лепшым. Дык у чым канкрэтна адрозніваюцца жанчына і мужчына? Жанчына праз сваю скіраванасць на мацярынства адорана нашым Створцам перш за ўсё такімі якасцямі, як далікатнасць, вытанчанасць, пяшчотнасць, якія так неабходныя для маленькай чалавечай істоты, што прыходзіць у гэты свет. Яна адорана таксама асаблівай назіральнасцю і ўважлівасцю да дробязяў. Жанчына памятае пра ўсё. Жанчына створана так, што здольная на абсалютную падзеленасць сваёй увагі, якая дапамагае ёй лёгка і свабодна рабіць шмат рэчаў адначасова — прыбіраць, гатаваць, прыслухоўвацца, як спіць дзіця, і пры гэтым яшчэ размаўляць з сяброўкай па тэлефоне. І для нармальнага функцыянавання сям’і і дома ўсе гэтыя яе здольнасці проста неабходныя. Ужо на пачатку стварэння Бог адарыў мужчыну адказнасцю за тое, што адбываецца паміж жанчынай і мужчынам. Нягледзячы на тое, што менавіта Ева спакусіла Адама, адказвае перад Богам ён, бо ён мужчына і павінен ведаць, якім будзе вынік яго дзейнасці. Мужчына павінен быць стабільным падмуркам для жанчыны і дзяцей. Менавіта ён павінен ствараць у сям’і атмасферу бяспекі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта бацька вучыць дзяцей разумець свет. Як ён бачыць наваколле, так і ягоныя дзеці будуць глядзець на гэты свет. Таму перш за ўсё сам мужчына павінен выпрацаваць сваё разуменне рэчаіснасці, каб ягоныя нашчадкі не страцілі сябе ў разуменні свету. Уласным прыкладам бацька вучыць адносінам да маці, жанчыны, дапамагае жанчыне-маці раскласці ўсе свае шматлікія абавязкі па чарзе і не заблытацца ў іх, бо ягоная рацыянальнасць дазваляе вызначыць іерархію вартасцяў у сям’і. Ён не дазваляе жанчыне згубіцца ў дробязях. Калі мужчына бярэцца за працу, яна яго цалкам захапляе, ён, у адрозненне ад жанчыны, нават можа ізалявацца ад рэчаіснасці. Мужчына можа вельмі інтэнсіўна працаваць, але патрабуе і належнага адпачынку, і тады вельмі важная хвіліна цішыні, якая неабходна яму для аднаўлення сіл, і жанчына павінна гэта разумець. Важна, каб муж, прыйшоўшы з працы, меў дома магчымасць адпачыць, а не адразу патануць у хатніх праблемах. Пасля невялічкага перапынку сапраўдны мужчына будзе гатовы зноў вырашаць справы свайго малога свету — сям’і. Калі мужчыну неабходна зрабіць адначасова некалькі справаў, то ён, у адрозненне ад жанчыны, прыдумвае, як выкруціцца, каб усяго гэтага не рабіць, і тады адкрываецца яго талент вынаходніка, з’яўляюцца ўсе гэтыя цудоўныя рэчы (напр., пралька, пыласос і г.д.), якія прыносяць палёгку ў побыце. |