Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэлігійная апантанасць, або як не стаць фанатыкам?
Усяго патроху
11.11.2015 12:01

Ці даводзілася вам сустракаць у святыні людзей, якія вельмі агрэсіўна і з вялікім імпэтам «павучалі» іншых, як патрэбна сябе паводзіць у святыні, дзе стаяць, як сядзець, калі «капялюш здымаць»? Часам здараецца так, што «вера» для чалавека набывае самыя вялікія маштабы і ператвараецца ў  фанатызм.

Тэрмін «рэлігійны фанатызм» у шматлікіх слоўніках падаецца як крайняя ступень захаплення рэлігійнай дзейнасцю са стварэннем з яе культу, пакланеннем і растварэннем у групе аднадумцаў. У патрыстыцы ў гэтым сэнсе звычайна ўжываецца выраз «руплівасць не паводле пазнання», заснаваны на словах апостала Паўла (пар. Рым 10, 2).

У старажытнасці, напрыклад, фанатыкамі называлі служыцеляў язычніцкіх культаў, дзеянні якіх часта суправаджаліся праявамі апантанасці.

Членамі рэлігійных фанатычных груп часцей за ўсё становяцца залежныя асобы, няздольныя браць адказнасць за сваё жыццё, якія адчуваюць сябе ўпэўнена толькі ў групе з моцным лідарам.

Рэлігійны фанатызм - з'ява, якая закранае псіхалагічную і духоўную сферу чалавека. Каб разабрацца, чым на самой справе з'яўляецца рэлігійны фанатызм, Сatholic.by паразмаўляў з псіхолагам Наталляй Пан і ксяндзом Станіславам Вашкевічам SAC.


Псіхалогія рэлігійнага фанатызму

Пра рэлігійны фанатызм з пункту гледжання псіхалогіі расказала Наталля Пан.

– Наталля, скажыце, калі ласка, што такое рэлігійны фанатызм з пункту гледжання псіхалогіі?

– Гэта пэўны лад жыцця. Любы фанатызм – гэта асаблівая адданасць ідэі, а ідэя – гэта заўсёды нейкая абстрактная думка. Яна трапляе ў галаву канкрэтнага чалавека не проста так.

Мы рэдка задумваемся аб тым, што тыя думкі, якія ўзнікаюць у нашай галаве – гэта нашая ўласная творчасць. Атрымліваецца, што ў выпадку кожнай ідэі мы з’яўляемся і адпраўнікамі, і атрымальнікамі. Фанатызм – гэта вельмі складаны працэс узаемадзеяння з самім сабой, калі гэтыя часткі ўласнага «я» не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.

Такая з’ява ў псіхалогіі называецца расчапленнем, калі  чалавек нейкую частку сябе не распазнае і такім чынам успрымае яе як нешта знешняе. У выпадку фанатызму гэтае расчапленне можа адбывацца ў двух накірунках. Калі ўзяць два суб’екты – аўтара ідэі, якая ўзнікае ў галаве, і гледача, – то аўтарства можа прыпісвацца не сабе, а Богу. У гэтым выпадку ідэю Бога патрэбна выканаць няўхільна.

Якія існуюць прыкметы рэлігійнага фанатызму?

– Чалавек кажа пра тое, што ў яго няма выбару, а тэма выбару – гэта заўсёды тэма адказнасці, гэта азначае, што ён ужо больш не нясе адказнасці за тое, што робіць, таму што Бог сказаў яму гэта рабіць.

У мяне ўзнікла ідэя, якая сыходзіць ад Бога, таму, калі хтосьці з бліжніх ад гэтага пакутуе, я за гэта не нясу адказнасці. Гэта такая першая прыхаваная рыса фанатызму.

Другая прыкмета – калі частка атрымальніка ідэі не ўспрымаецца сваёй уласнай, а прыпісваецца камусьці іншаму. Тады сваю асабістую рэакцыю (абурэнне, непрыняцце…) можна прыпісваць іншым людзям.  Я хачу дабра, а мяне чамусьці ўсе астатнія за гэта не любяць. Гэты працэс называецца праекцыяй. Перыядычна мы робім гэта ўсе, але псіхічна нездаровыя людзі проста жывуць гэтым.

Унутры нас на кожную ідэю, якая ўзнікае ў галаве, ёсць тры голаса: адзін кажа радасна, другі страшна, а трэці – неяк няёмка. Калі пазбавіцца ад двух галасоў і пакінуць у галаве толькі адзін, то застаецца такое перакананне – я цудоўны чалавек, а вакол ворагі.

Трэцяя прыкмета – тое, што любая ідэя выклікае вялікі эмацыйны водгук. 

Калі ў здаровых людзей эмацыйны водгук на любую ідэю па дзесяцібальнай сістэме на 3-4 балы, то ў фанатыкаў па нейкіх прычынах на 7-8 балаў.

І апошняя – фанатычнаму чалавеку цяжка зрабіць выбар. Ён пастаянна пытаецца парады ў сяброў. Але, як толькі сябры агучваюць адзін з унутраных галасоў, тут абвастраюцца ўсе астатнія. І чалавек становіцца ў апазіцыю агучанай ідэі, і такім чынам не можа атрымаць параду.

Шмат галасоў і шмат варыянтаў. Сталая асоба, крыху павагаўшыся, робіць выбар. Яна прымае тое, што ў выніку гэтага выбару атрымае нейкія плюсы і мінусы. Як правіла, фанатычным людзям цяжка прыняць рашэнне і выносіць гэты неспакой.

Якія могуць быць прычыны ўзнікнення рэлігійнага фанатызму?

– Гэта ў першую чаргу нейкі жыццёвы вопыт. У кожнага з нас свая жыццёвая гісторыя. Калі гэта малады чалавек, то большую частку жыцця ён правёў у бацькоўскай сям’і. Прычынай можа стаць, напрыклад, тое, што ў дзяцінстве ніхто не дапамагаў яму рабіць выбар.

Калі, напрыклад, дзіця ставяць паміж татам і мамай, якія збіраюцца разводзіцца, і пытаюцца: «ты з кім застанешся?» Гэта тая самая сітуацыя, калі любы выбар дрэнны. Або іншыя сітуацыі, калі, што б ён ні выбраў – усё дрэнна. Маці кажа – не біся ў школе, а ў школе яго абражаюць. Тады маўчаць і цярпець – дрэнна, а атрымаць заўвагу ад настаўніка і пакаранне ад бацькоў таксама дрэнна.

Калі дзіця пасля шматлікіх выбараў можа прыйсці дадому і атрымаць падтрымку – гэта адна сітуацыя, іншая – калі ён вяртаецца дадому, а там яго ставяць у сітуацыі яшчэ болей цяжкіх выбараў: каго любіць, каго ненавідзець, а дапамогі і падказак няма нідзе. І чалавек, падрастаючы, баіцца трапляць у гэты хор галасоў. Яго псіхіка гэтыя галасы выцясняе і пакідае толькі адзін, такім чынам захоўваючы ўнутраны спакой.


Духоўнасць рэлігійнага фанатызму

Пра тое, што такое рэлігійны фанатызм з пункту гледжання духоўнасці, распавёў кс. Станіслаў Вашкевіч SAC.

– Ксёндз Станіслаў, што такое рэлігійны фанатызм як з'ява духоўная і дзе мяжа паміж пабожнасцю і фанатызмам?

З пункту гледжання душпастырства можна вылучыць такія тры стадыі развіцця рэлігійнага фанатызму.

На першым этапе з’яўляецца духоўная пыха. Яна праяўляецца ў людзей, якія хочуць пазнаць Бога. Гэтыя людзі пазнаюць Бога, чытаючы, напрыклад, Святое Пісанне,  нават дакументы Касцёла. Позна кладуцца, бо пазнаюць гэтага Бога, рана прачынаюцца, бо хацелі б Яго таксама яшчэ больш пазнаць, занядбоўваюць, магчыма, нейкія іншыя абавязкі, толькі ідучы ў напрамку пазнання, можа, не столькі Бога, колькі рэлігіі. А потым пачынае праяўляцца пыха.

Такі чалавек упэўнены, што ўжо больш ведае пра Бога і знаходзіцца на вышэйшым узроўні, чым, напрыклад, сусед, які арэ поле, вечарам толькі перахрысціцца і кладзецца спаць.

Першая стадыя пераходзіць у другую – у неталерантнасць да іншага чалавека. Яна вядзе да таго, што нішчацца сувязі: сямейныя, працоўныя, міжрэлігійныя. Фанатык не слухае чалавека іншай веры, бо лічыць сябе вышэйшым за яго. Ён не пачне распавядаць яму, хто такі Бог, у якога верыць, але будзе пагарджаць ім. Да дыялогу ў такім выпадку справа не даходзіць.

Гэта пераходзіць у наступны, трэці этап, які можна было б назваць так: «мэта апраўдвае сродкі». Гэта значыць – я буду ўсё рабіць, каб знішчыць гэтага чалавека. Калі ён мне скажа, што я ў чымсьці не маю рацыі, я не прыму гэтай заўвагі, якая можа быць вельмі істотнай, хоць, можа, і радыкальнай з майго пункту гледжання.

Даходзіць да фізічнага знішчэння іншага чалавека, які не падтрымлівае маіх поглядаў і меркаванняў адносна рэлігіі, менавіта рэлігіі, бо часта мы пазнанне рэлігіі параўноўваем з верай, але яны адрозніваюцца.

Падчас камунізму таксама былі людзі, якія добра арыентаваліся ў хрысціянскай рэлігіі, але гэта былі людзі няверуючыя. Фанатызм больш паглыбляецца ў рэлігію як у ідэалогію, але з верай ён нічога супольнага не мае.

Што ж зрабіць, каб у сваім пошуку Бога не перайсці мяжу і не стаць фанатыкам?

– Антыподам першай стадыі фанатызму з'яўляецца пакора. Калі я бачу, што не магу з пакорай падыйсці да чалавека, які кажа, што не верыць у Бога, то ўжо «б'юць званы».

Адзін святар у гаміліі сказаў: «давайце перастанем гуляцца ў рэлігію, а пачнем верыць». Вось гэта быў бы адказ, таму што Бог перш за ўсё ставіць нас у такой пакоры. І такі прыклад пакоры і даверу Богу мы бачым на прыкладзе гісторыі Абрагама.

Часта, калі мы пачынаем верыць у Бога, то адчуваем Яго голас. Дзесьці ў сумленні мы адчуваем, што патрэбна зрабіць, але недахоп нашай пакоры часта прыводзіць да бунту.

Усе схізмы ў Касцёле паўставалі з-за недахопу пакоры. Не таму, што гэта былі вельмі мудрыя людзі. Бог не чакае, што мы будзем вельмі развітыя інтэлектуальна, а хоча, каб мы былі Яму паслухмяныя. І ў гэтай паслухмянасці праявіцца нашая мудрасць.  

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.