Гісторык: Адлюстраванне гісторыі Касцёла ў школьных падручніках патрабуе перагляду |
Усяго патроху |
07.12.2015 13:03 |
Беларускія школьнікі ў межах гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі вывучаюць і дзейнасць, ролю, гісторыю Каталіцкага Касцёла. Гэта лагічна, бо хрысціянства мела велізарны ўплыў на грамадскія, палітычныя, культурныя працэсы ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Аб некаторых аспектах адлюстравання дзейнасці Касцёла, паказаных у падручніках, беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станicлаў Чаропка. «Беларускія гісторыкі за апошняе 20-годдзе зрабілі вялікую працу па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ. Трэба аддаць належнае аўтарам, якія паспрабавалі адлюстраваць усю нашу гісторыю, усе яе аспекты ў рамках школьнага курса. Аднак ёсць некаторыя аспекты, якія патрабуюць некаторага дадатковага разгляду. І яны звязаны з гісторыяй Касцёла ў Беларусі. Узяць, напрыклад, прыняцце хрысціянства ў 988 годзе, якое падаецца выключна як гвалтоўны акт, хаця і хрысціяне з’явіліся на нашых землях раней, і былі розныя шляхі прыняцця хрысціянства», — сказаў гісторык. Таксама часта ў негатыўным, адмоўным сэнсе падаецца дзейнасць Ордэна езуітаў, хаця іх праца адыграла вялікую пазітыўную ролю ў жыцці многіх з нашых суайчыннікаў у XVI-XVII стагоддзях. Езуіцкі калегіум у Оршы. Варта зрабіць яшчэ некалькі заўваг. У падручніку па сусветнай гісторыі новага часу для 8 класа ў параграфе аб рэфармацыі ў Германіі гаворыцца: «Касцёл валодаў вялізным багаццем, многія святары былі ахоплены прагай абагачэння, займаліся вымагальніцтвам пры ўдзяленні сакрамэнтаў, прадаваліся пасады біскупаў і індульгенцыі». Такім чынам малюецца цалкам негатыўны вобраз Касцёла, не гаворыцца аб шматлікіх добрых справах — касцёльных шпіталях, дабрачыннасці, дапамозе бедным. У падручніку па гісторыі Беларусі для 8 класа ў параграфе аб контррэфармацыі ў Беларусі пішацца аб тым, што контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім была таксама накіравана і супраць Праваслаўнай Царквы, бо Рымскія Папы разглядалі беларускія землі як плацдарм для далейшага пранікнення ў Маскоўскую дзяржаву. Аднак тут памылкова змешваецца контррэфармацыя з распаўсюджваннем уніі. Далей гаворыцца, што ў ВКЛ ішоў працэс клерыкалізацыі культуры: Касцёл узяў пад кантроль навуку і мастацтва, а навуковыя веды абвясціў грахоўнымі, што ніяк не адпавядае гістарычнай праўдзе. У той жа час каталіцкі святы Язафат Кунцэвіч названы ў падручніку жорсткім, за гэта яго, нібыта, і забілі праваслаўныя. Пры гэтым не пішацца аб тым, што Язафат Кунцэвіч абвяргаў абвінавачанні ў жорсткасці, а таксама аб тым, што многія ягоныя праціўнікі потым раскаяліся ў сваім злачынстве і далучыліся да уніі. Пры гэтым ніякіх звестак аб гвалтоўным пераводзе ўніяцкіх вернікаў у праваслаўе, жорсткіх забойствах уніятаў не падаецца. «Вострым пытаннем з’яўляецца і гісторыя Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы. Вялікая ўвага нададзена таму, якімі метадамі ўводзілася унія, як яна навязвалася, аднак не паказваецца, што гэта быў канфлікт унутры Праваслаўнай Царквы, дзе ішла барацьба не паміж уніятамі і праваслаўнымі, а паміж праваслаўнымі, якія прынялі унію, і праваслаўнымі, якія яе не прынялі. Так што шмат чаго яшчэ можна дарабіць. Тым больш, што выходзяць новыя даследванні, якія раскрываюць тыя або іншыя моманты нашай мінуўшчыны, якія раней былі для нас невядомыя», — падкрэсліў Станicлаў Чаропка. У якасці ілюстрацыі гісторык узгадаў работу адной з беларускіх даследчыц, знанага навукоўца, гісторыка, прафесара Святланы Марозавай, якая адносна нядаўна выпусціла кнігу «Сваёй веры ламаць не будзем. Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады)». «Напэўна, вынікі гэтага даследвання таксама варта ўключыць у вучэбную літаратуру. У гэтым творы паказана, наколькі няпроста праводзілася дэўнізацыя. У людзей больш сталага веку, а таксама ў сучасных школьнікаў ствараецца ўражанне, што пасля таго, як адбыўся Полацкі царкоўны сабор і адмянілі унію, усё так проста адбылося і прынялі праваслаўе. Аднак не, на працягу дзесяцігоддзяў народ, які знаходзіўся ў уніі, праводзіў упартую барацьбу. І ў кнізе на аснове архіўных крыніц паказана, як моцна насельніцтва сялян бараніла той “варыянт” хрысціянства — унію — які прынялі іх бацькі», — адзначыў навуковец. Вось вытрымка з новай кнігі Святланы Марозавай: «Сяляне вёсак Саламарэчча і Мацкі Мінскага павета заявілі праваслаўным агітатарам: “У якой веры нарадзіліся, у той і памрэм, якую веру дзяды мелі, не ведаем, але сваёй веры ламаць не будзем, хаця б нам зламалі й галовы”. На настойлівую прапанову “ўз’яднацца” жыхары вёскі Бранчыцы Слуцкага павета адказалі: "Бі нас, катуй, куй, а мы застанемся ва ўніяцкай веры". Прыхаджане “занятых” у 1795 г. на пануючую рэлігію Целеханскай, Обраўскай, Добравіцкай, Выганаўскай, Глінянскай і шэрагу іншых цэркваў Пінскага павета выказалі цвёрды намер застацца “ва ўніяцкай рэлігіі, у якой іх бацькі, дзяды, прадзеды” былі “і без аніякай перашкоды яе вызнавалі, якую з персяў сваіх маці выссалі”. Сяляне вёскі Макрыдна Чавускага павета, нягледзячы на пагрозы, адмовіліся мяняць веру». Хочацца спадзявацца, што больш праўдзівае адлюстраванне гісторыі Каталіцкага Касцёла ў хуткім часе з’явіцца ў беларускіх падручніках. Павел Міцкевіч, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ) |