Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень святой Луцыі — свята краін Паўночнай Еўропы
Усяго патроху
13.12.2015 00:00

13 снежня ў краіне, дзе зусім нядаўна была ўручана першая ў гісторыі Беларусі Нобелеўская прэмія пісьменніцы Святлане Алексіевіч, адзначаецца дзень святой Луцыі.

Дзень святой Луцыі, якая лічыцца сімвалам міласэрнасці і прыгажосці,  адзначаецца не толькі ў Швецыі, але і ў Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі і Сіцыліі.

Лічыцца, што традыцыя свята звязана з мучаніцай з Сіракуз — святой Луцыяй, якая была аслеплена і забіта за веру ў Хрыста.

Народная легенда

Аднак, існуе яшчэ адна легенда, што нейкая Луцыя, якая жыла ў Сярэднія вякі, была жонкай шведскага рыбака. Аднойчы яе муж выправіўся ў мора, але распачалася бура. Падчас буры патух маяк, пасля чаго Луцыя выйшла на высокую скалу з ліхтаром, каб асвячаць свайму мужу шлях да прыстані. Але, стоячы на скале падчас буры, жанчына загінула. Згодна з легендай, яе забілі злыя сілы.

У Германіі, калі ў XVI-XVII стагоддзях быў забаронены культ святых, асабліва святога Мікалая на Божае нараджэнне, з’явілася ідэя змяніць святога біскупа на дзіцятка Езуса, якога прадстаўляла дзяўчынка ў белай сукенцы, правобраз святой Луцыі. Такая традыцыя не захавалася ў немцаў, але яе перанялі ў Швецыі. У 1927 годзе ў Швецыі было праведзена першае шэсце ў гонар св. Луцыі ў Стакгольме.

У наш час у дзень святой Луцыі ў Стакгольме і Хельсінкі адбываецца цырымонія выбараў і каранацыі «Луцыі», якую апранаюць у белую сукенку і вянок з запаленых свечак. Пасля апранання пачынаецца святочнае шэсце пераапранутых дзяцей. Шведская каранацыя адбываецца ў нацыянальным музеі Скансэн, а фінская – у галоўным саборы Хельсінкі. Убранне «каралевы свята» сімвалічнае: белая сукенка абазначае бязвіннасць і чысціню, чырвоны пас — мучаніцкую смерць, вянок — німб, сімвал святасці, а запаленыя свечкі – святло. У кожнай школе існуе традыцыя абіраць сваю Луцыю і спяваць традыцыйныя спевы-гімны.


У Швецыі гэта свята стараюцца ярка адзначыць дома, дзе галоўную ролю выконвае малодшая дачка, якая частуе бацькоў, братоў і сясцёр традыцыйнымі шафранавымі булачкамі і кавай. Пасля гэтага песнямі пачынаюць будзіць тых, хто яшчэ не сустрэў Луцыю.

Адным з найбольш вядомых спеваў з’яўляецца  гімн – «Святая Луцыя»:

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.