Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Губерт, апякун Гродна: эпоха, жыццё, шанаванне
Усяго патроху
04.01.2016 00:00

Вось ужо некалькі стагоддзяў святога Губерта, біскупа бельгійскага горада Льежа, гродзенцы шануюць як нябеснага заступніка свайго горада. Сімвал святога — алень з крыжам на рагах — упрыгожвае герб горада з 1540 года.

У сучасным Гродне да Дня святога Губерта прымяркоўваюцца выставы, канцэрты, навуковая канферэнцыя. Аднак постаць святога застаецца мала вядомай шырокаму колу гродзенцаў, жыхары горада больш ведаюць губертаўскага аленя, чым самога біскупа Льежскага. Неасэнсаваным застаецца і духоўны подзвіг святога Губерта.

Хто такія святыя?

Касцёл спрадвеку шанаваў сваіх верных, што адзначыліся надзвычайнымі заслугамі: апосталаў і мучанікаў, якія, праліўшы сваю кроў за Хрыста, далі найвышэйшае сведчанне веры і любові, а таксама тых, хто прыпадобіўся Хрысту ў чысціні, беднасці і іншых хрысціянскіх цнотах. Гэтых людзей Касцёл традыцыйна называе святымі. Для хрысціян яны з’яўляюцца прыкладам, які натхняе да шукання Валадарства Божага і навучае, якім шляхам ісці да гэтай мэты.

Адначасова святыя з’яўляюцца нашымі заступнікамі перад Богам, бо мы ўсе — і тыя, хто жыве на зямлі, і тыя, хто знаходзіцца ў нябеснай славе, — складаем адну супольнасць – Касцёл. Варта памятаць, што, звяртаючыся ў малітве да святых, мы не ставім іх на месца Бога, а толькі просім падтрымаць нашую просьбу сваёй малітвай.

Другі Ватыканскі Сабор заклікае любіць святых, бо яны з’яўляюцца сябрамі і суспадчыннікамі Езуса Хрыста, а таксама нашымі братамі і дабрадзеямі. Хрысціяне просяць святых пра малітву і заступніцтва, а таксама дзякуюць Богу за тыя даброты, якія  атрымліваюць праз малітвы святых.

Цягам стагоддзяў існуе хрысціянскі звычай шанавання пэўных святых як нябесных апекуноў нейкай групы людзей (народа, прадстаўнікоў асобных прафесій) альбо пэўнай мясцовасці. Такіх святых называюць таксама патронамі. «Сфера ўплыву» патрона звычайна звязана з яго жыццёвым шляхам: святы можа быць апекуном той групы людзей ці мясцовасці, якія нейкім чынам звязаны з яго зямным жыццём. Аднак абранне святога апекуна можа быць і адвольным.

Эпоха святога Губерта

Эпоха, у якую жыў святы, падобная да сённяшняга часу: Еўропа пасля перасялення народаў і ўпадку рымскай хрысціянскай культуры шукала сваю ідэнтычнасць і адначасова змагалася са знешняй пагрозай. Франкская дзяржава, што ўзнікла пасля захопу германскімі плямёнамі франкаў былой рымскай правінцыі Галіі ў канцы V стагоддзя, на той момант перажывала глыбокі крызіс. Каралі з роду Меравінгаў былі слабымі і не мелі ўлады ў сваёй дзяржаве. Каралеўства было падзелена на чатыры часткі — Нейстрыю, Аўстразію, Аквітанію і Бургундыю, якімі кіравалі маёрдомы — буйныя землеўладальнікі і ваяводы. Яны часта ваявалі адзін з адным.

Складанай была і рэлігійная сітуацыя ў дзяржаве. У 496 годзе франкскі кароль Хлодвіг прыняў хрост у Каталіцкім Касцёле (у адрозненне ад правадыроў іншых германскіх плямёнаў, якія былі ахрышчаны арыянамі). Нягледзячы  на два стагоддзі, якія мінулі ад моманту афіцыйнага хросту, многія жыхары франкскай дзяржавы альбо толькі намінальна былі хрысціянамі, альбо адкрыта трымаліся язычніцкіх культаў.



Яшчэ адна пагроза, з якой сутыкнулася франкская дзяржава пры жыцці святога Губерта, — арабскае нашэсце. Усяго толькі за тры гады (711-714) арабы захапілі суседні з Франкскім каралеўствам Пірынейскі паўвостраў. У 717 годзе яны ўпершыню перайшлі Пірынеі і з’явіліся на радзіме Губерта — у Гасконі і Аквітаніі, а ў 732 годзе Карл Мартэл перамог арабаў у бітве пры Пуацье і спыніў іх нашэсце на Еўропу.

Жыццё святога

Святы Губерт нарадзіўся ў Тулузе (правінцыя Гасконь) у 655 (альбо 656) годзе, паходзіў з франкскага каралеўскага роду Меравінгаў. Ён быў старэйшым сынам і спадкаемцам Бертрана (Боггіса), герцага Аквітанскага. Ад бацькі малады Губерт пераняў любоў да палявання і з дзяцінства хадзіў на ловы. Ва ўзросце 14 гадоў падчас палявання на мядзведзя ў Пірынейскіх гарах хлопец выратаваў свайму бацьку жыццё.

Калі стаў паўналетнім, накіраваўся ў сталіцу Нэйстрыі — Парыж, да двара караля франкаў Тэадорыха ІІІ. Праз некаторы час маёрдом Нэйстрыі Эбруін арганізаваў паход у Аўстразію (паўночна-ўсходнюю частку франкскай дзяржавы), і Губерт далучыўся да яго. Хучэй за ўсё, гэта быў паход 680 (681) года, падчас якога Эбруін быў забіты. Пасля смерці сюзэрэна Губерт пераходзіць на службу да маёрдома Аўстразіі Піпіна Герыстальскага, бацькі Карла Мартэла. Губерт ажаніўся з дачкой Піпіна і такім чынам стаў шваграм знакамітага пераможцы арабаў і заснавальніка французскай каралеўскай дынастыі Каралінгаў. Паводле іншых звестак, жонкай будучага святога стала Фларыбанна, дачка Дагабера, князя Лювэнскага. У Губерта нарадзіўся сын Фларыбер, які стаў пасля яго біскупам Льежскім.

Губерт часцей за ўсё бавіў час на паляванні. Некаторыя крыніцы гавораць, што пасля смерці жонкі ў родах ён вёў разгульны лад жыцця. У іншых крыніцах гаворка ідзе пра ад’езд жонкі на працяглы час.
 
У Вялікую пятніцу 695 года Губерт накіраваўся на паляванне ў Ардэнскія горы. Падчас гэтай выправы паляўнічы сустрэў белага аленя з крыжам на рагах і пачуў голас Творцы: «Губерт, калі ты не навернешся да Бога і не ўзвысішся святым жыццём, то хутка за грэх распусты трапіш у пекла». Губерт сышоў з каня і запытаўся: «Божа, што загадаеш мне рабіць?», — і Пан адказаў яму: «Ідзі і пакажыся Ламберту, ён цябе навучыць».

Губерт перажыў сапраўднае навяртанне і пасля гэтага цудоўнага здарэння накіраваўся ў Маастрыхт да біскупа Ламберта, які прыняў яго добразычліва. Будучы святы адмовіўся ад свайго тытулу і перадаў уладу малодшаму брату Одзе, альбо Эду, які ўвайшоў у гісторыю як Эд Вялікі, герцаг Аквітанскі, і быў адным з удзельнікаў бітвы пры Пуацье.

Пад кіраўніцтвам біскупа Ламберта Губерт распачаў падрыхтоўку да святарскага служэння і з рук свайго духоўнага настаўніка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Паводле парады Ламберта будучы святы здзейсніў пілігрымку ў Рым да рэліквій святых апосталаў Пятра і Паўла.

Паводле некаторых крыніц, у Рыме Губерт даведаўся пра смерць свайго духоўнага настаўніка, забітага па загадзе былога сюзэрэна Губерта, маёрдома Піпіна, за тое, што асуджаў яго пазашлюбнае сужыццё з Алпаідай, маці Карла Мартэла. Забойцам святога Ламберта стаў граф Дадон, магчыма, брат Алпаіды. Паводле легенды, Папа праз цудоўнае бачанне даведаўся пра смерць Ламберта і адразу ўдзяліў Губерту пасвячэнне біскупа Маастрыхта. Дакладны год смерці Ламберта невядомы, яго забойства магло адбыцца паміж 698 і 708 годам. Як гавораць некаторыя даследчыкі, Губерт мог прыняць біскупскае пасвячэнне з рук Папы Сергія І, які памёр у 701 годзе.
Пасля вяртання ў Маастрыхт біскуп Губерт праводзіў час у посце і малітве, а таксама нястомна займаўся місіянерскай дзейнасцю ў язычніцкіх ваколіцах Ардэн і Брабанта (тэрыторыя сучасных Бельгіі і Нідэрландаў). Падрабязнасцяў пра гэты перыяд жыцця святога Губерта не захавалася. Вядома, што ў 717 годзе ён перанёс сталіцу біскупства ў Леодыюм (Льеж). У 720 годзе Губерт перанёс у Льеж і парэшткі свайго настаўніка, біскупа Ламберта, які на той час ужо быў шанаваны як святы. Касцёл, у якім былі пакладзены рэліквіі святога Ламберта, стаў катэдральным саборам Льежскай дыяцэзіі.

Святы Губерт адчуваў вялікую адказнасць за давераных яму вернікаў дыяцэзіі, таму перад смерцю, ужо стары і хворы, прамовіў гамілію, у якой прасіў сваю паству жыць па-хрысціянску і такім чынам дазволіць яму спакойна памерці. Святы біскуп адышоў да Пана 30 мая 727 (728) года і першапачаткова быў пахаваны ў Льежы. 3 лістапада 825 года яго парэшткі былі перапахаваны ў абацтве Андаж, пазней перайменаваным у гонар святога ў Сэн-Юбер. Дзень 3 лістапада стаў днём літургічнага шанавання святога Губерта Льежскага. У Сэн-Юбер святы спачываў да 1568 года, калі ў часы Нідэрландскай рэвалюцыі парэшткі святога знішчылі пратэстанты.

Неўзабаве пасля смерці святога яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Яго лічаць сваім нябесным заступнікам не толькі паляўнічыя і леснікі, што вынікае з захаплення святога Губерта паляваннем, але таксама спартсмены, гарбары, матэматыкі. Да яго звяртаюцца, просячы аб ацаленні лунатыкаў, хворых на эпілепсію. Святы паляўнічы — заступнік не толькі людзей, яго просяць аб абароне сабак ад шаленства.

Паколькі Губерт Льежскі — гэта святы, які жыў да падзелу хрысціянскага Касцёла, яго святасць вызнае не толькі Каталіцкі Касцёл, але і Праваслаўная Царква. У Брусэльска-Бельгійскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы ён з’яўляецца мясцовашанаваным святым.



Як мы можам шанаваць нашага святога апекуна


Шанаванне святога апекуна нашага горада павінна насіць не толькі свецкі характар. Для хрысціян горада ягонае навяртанне, жыццё і духоўны подзвіг могуць стаць прыкладам, як жыць хрысціянскімі ідэаламі. Праз заступніцтва святога Губерта варта маліцца за наш горад і яго жыхароў.

Хацелася б прапанаваць некалькі канкрэтных захадаў для пашырэння культу святога Губерта ў Гродне:

1. Святкаванне Дзён святога Губерта варта пачынаць з малітвы. Вернікі могуць замовіць адмысловыя набажэнствы ў сваіх храмах, просячы святароў маліцца за горад і ўсіх яго жыхароў.

2. Паколькі святы Губерт з’яўляецца святым непадзеленага Касцёла, няма перашкодаў для яго ўшанавання і вернікамі Праваслаўнай Царквы.

3. На жаль, ні ў адным храме Гродна няма абраза святога Губерта. Таму грамадскасць горада можа замовіць адмысловы абраз і ахвяраваць яго, узгадніўшы з духоўнымі ўладамі, аднаму з храмаў горада. Гэты храм і абраз маглі б стаць цэнтрам шанавання нябеснага заступніка Гродна. Варта дадаць, што абраз лепш было б змясціць у адным з новых храмаў горада, паколькі старыя храмы ўжо маюць дастаткова прыгожых і каштоўных святых выяваў і змяшчэнне новага абраза ў іх можа быць праблематычным.

4. Для моладзі Гродна святы Губерт, які пакінуў свецкія захапленні і скіраваў сваё жыццё на шлях духоўнага подзвігу, можа быць прыкладам у пошуках трывалых жыццёвых ідэалаў. Таму святарам варта часцей узгадваць пра святога Губерта ў гаміліях.

5. У сённяшні час, калі мы назіраем крызіс еўрапейскай тоеснасці, звязаны з «новым перасяленнем народаў», святы Губерт можа стаць прыкладам вернасці Еўропы, часткай якой заўсёды быў Гродна, сваёй хрысціянскай традыцыі.

А. Андрэй Крот

harodnia.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.