Чалавеку патрэбны чалавек! |
Усяго патроху |
21.01.2016 00:00 |
Яшчэ нядаўна ўсё было добра і перспектыўна, а цяпер ён стаіць з пустымі рукамі, здзіўлены і спалоханы. Не засталося нічога, навокал цемра, ён адзін і ўжо нічога не можа зрабіць, няма ні жадання, ні сілы. І ў гэты момант яму вельмі моцна патрэбна дапамога, каб знайшоўся хоць хтосьці, хто яго заўважыць і заахвоціць зрабіць крок, хоць адзін, хоць маленечкі, не важна, у якім напрамку, бо не гэта цяпер галоўнае: важна зрабіць першы крок, каб узняцца, каб абудзіць надзею, каб пераадолець страх і адчай. Гэта калі чалавеку дрэнна і цяжка; а ці патрэбна яму іншая асоба, калі яму добра? Калі дасягнуў поспеху, атрымалася здзейсніць нейкую справу, пераадолець нешта, перамагчы? Ці тады таксама яму патрэбны хтосьці, каб з ім гэтым падзяліцца, каб перадаць зарад сваёй радасці яшчэ і іншаму? Калі не, то які тады ў гэтых перамогах і дасягненнях сэнс? Навошта намаганні, пераадольванні і ахвяры? Ці не жывем мы ў вялікай ступені дзеля іншых, прысвячаючы ім час, клопат, працу? |