Каталіцкі Касцёл і СМІ. Дарагое яечка да Вялікадня |
Усяго патроху |
23.01.2016 12:31 |
Прысутнасць Касцёла ў беларускіх СМІ — хрысціянскае сведчанне ці клаўнада? Цэнзура — гэта залішні інфармацыйны фільтр або важны інструмент для абароны непадрыхтаванай аўдыторыі? Ці адпавядае падыход да СМІ ў Касцёле ў Беларусі мадэлі сацыяльнай камунікацыі згодна з вучэннем Касцёла і Папы? Гэтыя і іншыя пытанні закранае кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня.
Паўналецце або сталасць? Адносіны Каталіцкага Касцёла і СМІ ў Беларусі развіваюцца больш за 20 гадоў: яны пачалі складвацца ў пачатку 90-х гг. — пасля распаду Савецкага Саюза, падзення атэістычнага рэжыму і адраджэння Касцёла, які як «новы стары» сацыяльны інстытут павінен быў вучыцца кантактаваць са СМІ і асвойваць медыйную прастору. У адрозненне ад постсавецкіх краін, у Еўропе да гэтага часу (90-я гг.) адносіны Каталіцкага Касцёла са СМІ ў цэлым сфармаваліся. Інфармацыйная стратэгія была выпрацавана пасля Другога Ватыканскага Сабору. Абвешчанае абнаўленне («Aggiornamento») закранула ў першую чаргу сферу камунікацыі. Гэтая цалкам новая мадэль знайшла адбітак у дэкрэце «Inter mirifica», пастырскай інструкцыі «Communio et progressio» (1971 г.), а затым у інструкцыі «Aetatis novae» (1992 г.). У 1989 годзе ў Ватыкане была створана Папская рада па сацыяльнай камунікацыі. Касцёл зрабіў значны крок насустрач СМІ, прыняўшы рэвалюцыю ў камунікацыі і яе тэхнічную навінку — інтэрнэт. Разам з тым ён не перастаў звяртаць увагу паствы і грамадства на негатыўны ўплыў СМІ і заклікаць да крытычнага і разумнага іх успрыняцця. У дасаборны перыяд сацыяльная камунікацыя Каталіцкага Касцёла была заснавана галоўным чынам на вертыкальнай сістэме камунікацый: выкарыстанні аўтарытэту Папы і жорсткім адсячэнні ўсяго, што не адпавядала вучэнню і афіцыйнай пазіцыі Касцёла. Пасля Другога Ватыканскага Сабору дыялог Касцёла і СМІ стаў аксіёмай, імператывам, неабходным знакам часу, які, на жаль, да гэтай пары не прачытаны ва Усходняй Еўропе, бо па ўсіх прыкметах камунікатыўная стратэгія Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасці заснавана на дасаборнай мадэлі, таму што дэманструе наступныя характарыстыкі: аднабаковая камунікацыя, якая будуецца зверху ўніз па іерархіі, дзе суб’ект (які прамаўляе, г.зн. Каталіцкі Касцёл) — актыўны, а аб’ект (атрымальнік, г.зн. СМІ і іх аўдыторыя) — пасіўны. Відавочна, што і праз два дзесяцігоддзі гэтыя адносіны не пераадолелі пачатковага стану.
Пасада адказнага за сувязі са СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і афіцыйны сайт Каталіцкага Касцёла catholic.by — два інструменты, пры дапамозе якіх і адбываецца ўзаемадзеянне Каталіцкага Касцёла з беларускімі СМІ. У большасці выпадкаў менавіта прадстаўнікі Касцёла першымі выходзяць з ініцыятывай асвяціць падзею касцёльнага жыцця. Выпадкі, калі свецкія журналісты праяўляюць цікавасць самі, можна падзяліць на дзве групы. Па-першае, гэта час галоўных касцёльных святаў (да іх можна аднесці каля 90% зваротаў) — пераважна гэта артыкулы-рэпартажы ў дні святкавання Божага Нараджэння і Вялікадня. На жаль, такім чынам у Беларусі ствараецца і доўгія гады падтрымліваецца «абрадна-фальклорны імідж» Касцёла, а значыць скажоны вобраз хрысціян як грамадства «дзіўных» людзей, у якіх ёсць свае ўрачыстасці, але якія жывуць сваім — асобным ад грамадства — жыццём. Па-другое, прадстаўнікоў каталіцкага духавенства «модна» запрашаць для абмеркавання грамадска значных пытанняў на ток-шоў, на круглыя сталы прэс-цэнтраў, дыскусіі ў электронных медыя. Гэта, напрыклад, праблема абортаў і папраўкі ў закон «Аб ахове здароўя», хоць абмеркаваннем гэта можна назваць умоўна. Так, Касцёл атрымлівае магчымасць агучыць сваю пазіцыю, але СМІ прадстаўляюць яе не як нормы, духоўны закон, меркаванне веруючых — а значыць часткі грамадзян Беларусі, — але нярэдка ўсяго толькі як альтэрнатыўны погляд традыцыйнага рэлігійнага інстытута. На жаль, часам хрысціянскае сведчанне ператвараецца ў клаўнаду або прысутнасць дзеля разнастайнасці. Аўдыторыя не практыкуючая ў веры ў гэтым выпадку ўспрымае інфармацыю як тэорыю, магчыма, і правільную, але ніяк не прыдатную для рэалій сучаснасці. Католікі ж займаюць пазіцыю пакоры, а не актыўнасці хрысціяніна. Католікі дзейнічаюць рэактыўна, працуючы постфактум у межах складзенага парадку дня, у той час як павінны дзейнічаць праактыўна, удзельнічаць у фарміраванні парадку дня, прадстаўляць у публічнай сферы і актыўна абараняць сваю пазіцыю па сацыяльна значных праблемах: аборты, смяротнае пакаранне, сям’я, шлюб, эўтаназія і іншае. Аднак да гэтага часу евангелізацыя, катэхізацыя, інфармацыйны абмен унутры і па-за Касцёлам, абмеркаванне сацыяльных праблем з хрысціянскага пункту гледжання ў СМІ праходзяць маналагічна, у той час як гэта ўсё — прынцыпова дыялагічныя працэсы. У ідэале ж Каталіцкі Касцёл і СМІ павінны імкнуцца да стварэння ў аўдыторыі актыўнага суб’екта, які думае, разважае, які можа і хоча ўдзельнічаць у камунікацыі, які з разуменнем і спачуваннем ставіцца да праблемаў Касцёла, мае права іх ведаць і абмяркоўваць, каб садзейнічаць іх вырашэнню дзеля дабра грамадства. Гэта магчыма толькі ў двухбаковай камунікацыі, не толькі вертыкальнай, але і гарызантальнай. Пакуль жа гэта можна назіраць толькі ў так званым хрысціянскім журналісцкім «гета» — у асяроддзі свецкіх журналістаў, якія працуюць у каталіцкіх СМІ або пішуць на рэлігійную тэматыку.
Што датычыць матэрыялаў з негатыўным адценнем, то, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе адбылася ракіроўка ва ўзаемаадносінах, калі Каталіцкі Касцёл усё часцей вымушаны абараняцца ад нападак СМІ, якіх цікавіць усё, што звязана са скандаламі, у Беларусі крытычныя матэрыялы сустракаюцца рэдка. Гэта таксама звязана з адносінамі са СМІ, таму што большая частка інфармацыйнай прасторы належыць дзяржаўным медыя — тэлебачанню, друку. Цікава, што непасрэднай забароны на крытыку Касцёла няма, але, нібыта, у такім тоне пісаць не прынята. Ёсць афіцыйная пазіцыя пра свабоду рэлігіі, міжканфесійны мір, дыялог Касцёла і дзяржавы, якой проста ўсе негалосна прытрымліваюцца. Разам з тым так званыя «апазіцыйныя» СМІ нярэдка закранаюць унутрыкасцёльныя праблемы. Напрыклад, з году ў год яны мусіруюць тэму святароў-замежнікаў і прадоўжання або непрадоўжання ім візаў; у 2013–2014 гг. — выпадак з арыштам святара Уладзіслава Лазара. Гэтыя тэмы і каментары прадстаўнікоў епіскапату да іх хоць і выклікаюць рэзананс, але выкарыстоўваюцца хутчэй як лішняя нагода для крытыкі ўладаў. Такім чынам, маніпуляцыя Каталіцкім Касцёлам у сваіх інтарэсах з абодвух бакоў — агульнавядомы факт.
Яшчэ адной з’явай, пра якую варта сказаць у гэтым кантэксце, з’яўляецца цэнзура. Што ж такое цэнзура? Залішні інфармацыйны «фільтр», які перашкаджае аб’ектыўнаму паказу рэальнасці, або важны інструмент для абароны непадрыхтаванай аўдыторыі ад той інфармацыі, якая можа нанесці шкоду душам? Колькі б ні казалі пра свабоду слова ў той ці іншай дзяржаве, у тым ці іншым выданні (касцёльным або свецкім), нават пры адсутнасці «малоху цэнзуры», аказваецца, што ёсць нюансы, негалосныя нормы і маральныя меркаванні, якія не даюць паўнавартасна выказацца. І зусім не абавязкова, каб усе гэтыя перашкоды на шляху ў журналіста былі недзе афіцыйна прапісаны і замацаваны подпісам. Часта яны — у падсвядомасці. Самацэнзура ў свецкіх медыя звязана з касцёльна-дзяржаўнымі адносінамі, у якіх дзяржава ў якасці «старэйшага брата» паблажліва дазваляе з сабою «сябраваць» і «супрацоўнічаць». Ствараючы пазітыўны вобраз краіны, выгадна прытрымлівацца станоўчага вобразу Касцёла. У журналісцкай сферы ў сувязі з гэтым скандалы і негатыў у Касцёле шукаць не прынята. Зноў жа, хоць і не існуе такіх выразных правіл і афіцыйных установак, але ўсе прытрымліваюцца «генеральнай лініі». Як правіла, функцыі кантролю і выпраўлення «памылак» выконвае галоўны рэдактар і вышэйшае кіраўніцтва, гэта значыць заснавальнік. У касцёльных СМІ справы складваюцца па такой жа схеме. Некаторыя нават сцвярджаюць, што паміж касцёльнай і дзяржаўнай цэнзурай можна ставіць знак роўнасці. Заснавальнікамі СМІ Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з’яўляюцца дыяцэзіі або, радзей, парафіі. Адпаведна, функцыі кантролю выконвае галоўны рэдактар (дырэктар) газеты, выдавецтва, сайта; над ім — пробашч парафіі, біскуп, а вышэй — кіруючы іерарх. У ідэале біскупы, давяраючы прафесіяналізму медыйных экспертаў, павінны толькі зацвярджаць распрацаваныя імі стратэгічныя рашэнні, але ў рэальнасці гэтага не адбываецца. Па-першае, з-за нейкага недаверу, які існуе паміж кіруючым духавенствам і каталіцкімі медыя-спецыялістамі. Па-другое, з-за ўласнага бачання іерархамі працы і задач таго ці іншага СМІ, а значыць, і кіраўніцтва ў тым ці іншым кірунку. У той жа час духоўная цэнзура ў каталіцкіх СМІ павінна больш быць падобнай да духоўнага апякунства, дзе галоўнае — клопат пра карысць для душаў у тэкстах, якія публікуюцца журналістамі, але ніяк не кантроль па дробязях, у прыватнасці, умяшальніцтва ў прафесійныя аспекты дзейнасці журналістаў. Усе пытанні можна вырашаць у канструктыўным ключы шляхам абмеркавання і прыняцця агульнага рашэння. Давер і дыялог — вось два важныя інструменты ў зносінах духоўных уладаў з каталіцкімі журналістамі. Кожная забарона на публікацыю або абмеркаванне тэмы павінна быць аргументавана з імкненнем зразумець аргументы іншага боку. Ідэальная мадэль узаемадзеяння рэдакцыйнага калектыву прафесіяналаў (журналістаў) і касцёльнага кансультанта (цэнзара) мае на ўвазе, з аднаго боку, творчую свабоду пошуку інфармацыі, вёрсткі, дызайну і мантажу і, з другога боку, выключную ўладу, права «вета» цэнзара ў выпадках, калі ён лічыць, што прапанаваны для публікацыі матэрыял не карысны для душы і нават можа нанесці шкоду аўдыторыі. Спрэчныя сітуацыі, якія непазбежна ўзнікаюць у любых рэдакцыйных калектывах, лепш за ўсё вырашаць шляхам дыялогу або ў больш шырокім коле мудрых людзей — як духоўных асобаў, так і журналістаў. На жаль, вопыт апошніх 20 гадоў паказвае, што права «вета» выкарыстоўваецца без аргументацыі і абмеркавання, да таго ж у разрад «некарысных для душы» якраз трапляюць найбольш вострыя праблемы, якія патрабуюць абмеркавання дзеля дабра Касцёла. Яны, па волі касцёльных уладаў, замоўчваюцца ў каталіцкіх СМІ і ў той жа час выліваюцца ў скандальнай форме ў свецкіх медыя. На гэта даводзіцца рэагаваць — ужо ў форме апраўдання, хоць можна было б прадухіліць такія публікацыі дыскусіяй у каталіцкіх СМІ дзеля агульнага дабра. Няспынная апека, умяшальніцтва духоўных асобаў у выключна прафесійныя журналісцкія пытанні, так званая «гіперцэнзура» — усё гэта падаўляе творчую ініцыятыву і актыўнасць, у рэшце рэшт, нараджае ў супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ самацэнзуру. Боязь вымовы з боку біскупа, а магчыма, і пакарання з боку галоўнага рэдактара, выпрацоўвае ў каталіцкіх журналістаў устойлівае пачуццё абыякавасці да вострых і праблемных тэм, да якасці напісання матэрыяла, яго «крэатыўнасці», якая, аказваецца, нікому не патрэбна і пазней трактуецца як вольнасць і няведанне тэмы. Самацэнзура супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ чыніць значна больш беднай змястоўную палітру, канструктыўнасць і эфектыўнасць нашых медыя, публікацыі якіх становяцца аднастайнымі, неглыбокімі і нецікавымі аўдыторыі.
Калі ўнутранай цэнзуры ў каталіцкіх СМІ больш чым дастаткова, то пра касцёльную цэнзуру ў адносінах са свецкімі СМІ ў Беларусі нават не задумваюцца. Касцёльная цэнзура можа разглядацца ў двух варыянтах: 1) як маніторынг усёй інфармацыйнай прасторы і адсячэнне матэрыялаў, якія прапагандуюць стыль жыцця, несумяшчальны з веравучэннем Каталіцкага Касцёла; 2) пошук публікацый пра Каталіцкі Касцёл і ўвогуле пра рэлігійнае жыццё з мэтай зрабіць іх як мага больш якаснымі, бо задача Каталіцкага Касцёла — не толькі акрэсліць сваю прысутнасць у грамадстве праз СМІ, але і здзяйсняць сваю місію з дапамогай СМІ. Калі першы варыянт многім можа падацца ўтопіяй, то другі — цалкам рэальны. Для гэтага неабходна больш руплівая праца над матэрыялам да яго публікацыі або выхаду ў эфір. Кожны (адказны за сувязі са СМІ, спікер ток-шоў, героі артыкула — ці то духавенства або асоба, якая нейкім чынам прадстаўляе інтарэсы, пазіцыю або дзейнасць Касцёла) можа ўнесці сваю лепту, каб матэрыял быў якасным: папрасіць пытанні для інтэрв’ю загадзя, адрэдагаваць іх і падрыхтаваць адказы, азнаёміцца з тэмай праграмы, абмеркаваць танальнасць і накіраванасць матэрыяла, нарэшце, азнаёміцца з тэкстам да яго публікацыі. Тут «цэнзар» можа выступіць у якасці карэктара або нават інструктара: можна выправіць відавочныя журналісцкія «ляпы», спецыфічную тэрміналогію, указаць на недахопы і недакладнасці, няправільнае тлумачэнне. Такім чынам, не толькі якасць матэрыяла будзе лепшай, але і журналіст пашырыць свае веды ў рэлігійнай тэме. Тады місія і катэхізацыя — гэтыя дзве асноўныя задачы Касцёла — будуць выкананы хаця б у адным, асобна ўзятым выпадку. Ніводны грамадскі інстытут не мае такой яскравай гатоўнасці да зносін, як Касцёл. Трэба прызнаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі за гады адраджэння сфарміраваў свой станоўчы вобраз (гэта датычыць і адносінаў са СМІ) як больш адкрыты на зносіны, мабільны і моладзевы, у адрозненне, напрыклад, ад Праваслаўнай Царквы. Аднак у збудаванні выразнай і правільнай камунікацыйнай стратэгіі нас яшчэ чакае доўгі шлях.
Галоўная праблема падыходу да СМІ ў Касцёле ў Беларусі — неадпаведнасць мадэлі сацыяльнай камунікацыі вучэнню Касцёла і Папы. Па-першае, мы не да канца ўяўляем мэтавую аўдыторыю таго ці іншага СМІ, а значыць тых, для каго і з якой мэтай мы прамаўляем. Атрымліваецца, што часам размаўляем самі з сабою. Па-другое, трэба прызнаць некампетэнтнасць біскупаў і святароў у галіне мас-медыя: калі інтэрв’ю, то ў большасці выпадкаў — казанне і маралізатарства. Сярод святароў мала спікераў, здольных весці дыялог, адказваць на выпады, казаць на зразумелай мове не толькі для католікаў, але і для ўсіх. Па-трэцяе, будаванне ўзаемаадносін са СМІ — гэта часта не праца, а заданне, навязанае настаяцелямі. Значыць, адсутнічае асабістая, прафесійная, нават матэрыяльная матывацыя. Чацвёртае — неканкурэнтаздольнасць і непапулярнасць каталіцкіх СМІ, якія маглі б ствараць хрысціянскую глебу для абмеркавання праблемаў у калякасцёльнай сферы або стаць пляцоўкай для дыялогу паміж духавенствам і журналістамі, надаючы ўвагу і катэхізацыі апошніх. Нягледзячы на адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і павелічэнне колькасці вернікаў, у грамадстве ўсё яшчэ адсутнічаюць выразныя хрысціянскія арыенціры і каталіцкі дыскурс — меркаванні і пазіцыя веруючых і духавенства, якія маюць агульны пасыл і стратэгічную камунікатыўную ўстаноўку. Будаваць новыя падыходы адносінаў са СМІ трэба зверху ўніз — ад «кіраўнікоў» да «радавых». Неабходна стварыць умовы для таго, каб усе католікі, пачынаючы ад біскупа, адкрылі для сябе велізарнае багацце магчымасцяў камунікацыі для прапаведавання хрысціянства праз СМІ. Трэба разумець, што павярхоўных ведаў журналісцкай тэрміналогіі і ўмення трымаць сябе перад камерай мала. Кожны крок павінен быць абдуманы, а слова — узважана, каб не пакінуць шанцаў на вырыванне з кантэксту, парафраз і двухсэнсоўнасць. Стратэгічныя рашэнні павінны распрацоўваць эксперты, а біскупы, давяраючы прафесіяналізму, зацвярджаць іх (дарэчы, ва ўмовах Беларусі можна казаць пра недавер, які існуе на лініі духавенства — каталіцкія медыя-спецыялісты). Больш за тое, неабходная духоўная цэнзура ў касцёльных СМІ павінна мець свае межы, клапаціцца пра карыснасць тэкстаў для душы, без умяшальніцтва пры гэтым у прафесійныя аспекты дзейнасці журналістаў і кантролю па дробязях. Давер і дыялог — вось два важныя інструменты ў зносінах духоўных уладаў з каталіцкімі журналістамі. Кожная забарона на публікацыю ці абмеркаванне тэмы павінна быць аргументавана з імкненнем зразумець аргументы іншага боку. У сферы ўзаемадзеяння са свецкімі СМІ, як і ў каталіцкіх СМІ, павінны працаваць прафесіяналы — і свецкія, і святары. На дадзеным этапе гэта ўтопія. Таму, на маю думку, адным з эфектыўных спосабаў можа стаць заклік да таленавітых журналістаў-католікаў ісці працаваць у свецкія СМІ і пашыраць там прастору прапаведавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і абмеркавання вострых праблемаў з хрысціянскага пункту гледжання. Такое прафесійнае «місіянерства» сярод свецкіх журналістаў было б вельмі карысным для стварэння пазітыўнага вобразу Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У любым выпадку, абодвум бакам трэба зразумець, што журналістыка можа быць служэннем: місіянерскім, хрысціянскім, канфесійным. І для таго, каб яна такою стала, патрэбны намаганні і Касцёла, і СМІ. У нас шмат біскупаў, святароў і свецкіх, якім ёсць што сказаць грамадству. Касцёлу трэба пераадолець «медыяфобію», боязь СМІ ў цэлым і журналістаў у прыватнасці, не разглядаць медыя як крыніцу зла і заўсёды памятаць пра іх дабраякасную прыроду. Духавенства павінна ўспрымаць зносіны з журналістамі не як даніну модзе, а як частку хрысціянскага служэння. І тады журналісты зразумеюць, што няправільна думаць пра Касцёл як апрыёры закрыты або як пра інстытут, які заўсёды нешта ўтойвае.
Многія са святароў лічаць, што нічога новага сказаць сучаснай аўдыторыі не могуць — пра ўсё напісана, цытатамі са Святога Пісання ўжо мала каго здзівіш, і лепш часам маўчаць, чым гаварыць з тымі, каго, на першы погляд, не пераканаеш. Многія журналісты ўпэўнены ў тым, што наперад ведаюць, што можа сказаць Касцёл. Але ж на самой справе яны нават не спыталі! Гэта дзве вялікія памылкі Касцёла і СМІ, якія робяць прорву паміж імі яшчэ большай. І каб яна не станавілася большай, трэба бачыць і чуць адно аднаго. Кс. Аляксандр Амяльчэня, |