Абагаўленне вогненнай малпы |
Усяго патроху |
04.02.2016 00:00 |
На працоўным месцы начальнікаў часам можна ўбачыць фігурку савы, якая
сімвалізуе мудрасць і разважлівасць. Статуэткі буслоў з немаўлятамі
нярэдка красуюцца ў спальных пакоях цяжарных жанчын або тых, хто моцна
хоча мець дзяцей. Ды што тут далёка хадзіць, з пачаткам новага года ў
дамах многіх з нас пасялілася вогненная малпа. Давайце ж разбярэмся,
якую пагрозу для хрысціяніна нясуць фігуркі жывёл. Па-першае, трэба разумець, які сэнс укладаецца ва ўвасабленне жывёл у скульптурах. Калі гэта натуральная выява стварэння (іншым словам, фігура не адрозніваецца ад таго, як жывёла выглядае ў жыцці) і вы набылі яе як прадмет мастацтва, нічога дрэннага ў гэтым няма. Але калі творцы ўпрыгожваюць катоў ці сланоў кветкамі, каштоўнымі камянямі, сімвалічнымі знакамі (вянком, мячом, манетамі і інш.), то ў стварэнні фігуры можа быць задзейнічаны культ жывёлы. Купляючы такія статуэткі, вы несвядома далучаецеся да шанавання бажка.
Па-другое, важна тое, як вы самі адносіцеся да фігуркі. Калі свядома набываеце статуэтку малпы на 2016 год (згодна з усходнім календаром), то тым самым вызнаеце веру ў заступнікаў людзей на зямлі — жывёл. І нават калі аўтар не ўкладаў у сваю працу рэлігійнага сэнсу, фігурка напаўняецца ім дзякуючы вашым думкам. У той жа час, ад адказнасці не вызваляе абыякавасць, скажам, да скульптуры цмока з каронай. Грэх супраць першай запаведзі — «Не май іншых багоў апроч Мяне» — спаўна не ўсведамляецца, але ўсё роўна «залічваецца», бо абражае Бога. Горш, калі вы робіце такія падарункі сваім добрым знаёмым і родным. Напэўна ж, укладваеце ў іх сэнс. І жаба, якая сядзіць на манетах, або бурштынавая чарапаха не толькі не прынясуць грошай і даўгалецця людзям, якім вы іх падарылі, але і сыграюць з імі не адзін злы жарт. Некаторыя даюць фігуркам жывёл імёны, размаўляюць з нежывымі прадметамі. Гэта таксама праявы абагаўлення. Атрымліваецца, што з інтэр’ерных упрыгожванняў статуэткі часта могуць ператварацца ў фетышы — матэрыяльныя прадметы, якім прыпісваюцца звышнатуральныя ўласцівасці. Таму будзьце вельмі асцярожнымі, яшчэ раз перагледзьце свае паліцы. Магчыма, там знаходзяцца рэчы, якія супярэчаць вашаму хрысціянскаму светапогляду. Задумайцеся, якім сэнсам напоўнены вашы сувеніры, з якой мэтай вы змяшчаеце на самым бачным месцы фігурку той жа вогненнай малпы. Безумоўна, мы не можам у кожнай цаццы бачыць пагрозу і небяспеку: гэта няправільная крайнасць. Але сёння існуе мноства рознага тыпу прадметаў, у тым ліку і фігурак жывёл, якія мы прывозім з далёкіх краін як сувеніры, не паглыбляючыся ні ў іх сімволіку, ні ў рэлігійны характар (часта антыхрысціянскі).
Часам мы нават не падазраём, што на іх маглі быць накладзены якіясьці закляцці. Не зважаючы на ўсё гэта, мы змяшчаем такія рэчы ў сваіх дамах, часта патлумачыўшы словамі: я ў гэта не веру. І гэта чарговая крайнасць, вельмі небяспечная. У многіх выпадках для таго, каб гэта «дзейнічала», вера не патрэбна. Напрыклад, прынясіце дадому скрынку з кавалачкам урану, пастаўце на палічку ў серванце і не верце ў тое, што ён выпраменьвае радыяцыю... Вынікам будзе хвароба і смерць. Падобнае «выпраменьванне» можа адбывацца і ў духоўнай сферы, а вынікі заўсёды будуць негатыўныя. Перш за ўсё, яны знішчаюць стан шчасця чалавека ці супольнасці. Як казаў а. Руфус Перэйра, які быў, на маю думку, самым вялікім экспертам адносна пагроз для хрысціян, праўда знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Не трэба баяцца ўсяго, але неабходна быць вельмі асцярожным. Ангеліна Пакачайла Газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця» 2 (437), 2016 |