Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Калі вера «дастае», або чаму мы губляем хрысціянскую простасць
Усяго патроху
07.04.2016 00:00

Засядзеўшыся на адным месцы, пачынаеш пакрывацца імхом і паддавацца спакусам. Якім? Ну, напрыклад, раз-другі (а можна і пастаянна) «перамыць косткі святару» або паплесці інтрыжкі, каб Светка (або Дзіна ці Рэгіна) сышла з супольнасці. Тады можна будзе заняць яе месца.

«Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы», — да гэтага заклікаў сваіх апосталаў Езус. Прастата — якасць, якой вельмі часта не хапае і нам сёння.

У тлумачальным слоўніку значэнне слова «прастата» падаецца як адсутнасць складанасці, вычварнасці, натуральнасць.

«Усё геніяльнае — проста», — калісьці перафразаваў выказванне Леанарда да Вінчы Ёзаф Гебельс. Не будзем зараз звяртаць увагу на постаць Гебельса, але звернем увагу на «прастату» ў яго выказванні.

У празмерным імкненні да матэрыяльных дабротаў і лепшага месца пад сонцам мы прывыкаем усё ўскладняць і, на дзіва, якраз губляем гэтую складанасць.

«Што за лухта?» — падумаеце вы. Але, калі задумацца, якраз прастата надае нам арыгінальнасці, своеасаблівасці і нашай «складанасці».

Думаю, што вы знойдзеце прыклады простых людзей, з якімі сустракаліся ў жыцці і побач з якімі маглі быць сабой. Але зараз мы паглядзім на самы яскравы прыклад простасці — на Езуса.

Ён не шукаў славы ў людзей, але прымаў яе ад Бога (Ян 5, 44). Езус сведчыў пра Айца і адначасова заставаўся сабой. Ён не думаў, што пра Яго скажуць фарысеі або кніжнікі, і еў з мытнікамі і грэшнікамі, быў простым у сваёй мудрасці. Аднак не будзем чарговы раз «разбірацца» з ізраільскімі фарысеямі: з імі і так усё зразумела. Вернемся ў сучаснасць.

Бывае, сядзіш «у лаўцы» ў касцёле, «перабіраеш» чарговы Ружанец і думаеш пра тое, што трэба набыць праязны, новыя боты, сустрэцца з сябрамі, а потым «прачынаешся» і ўсведамляеш, што паціху губляеш сваю хрысціянскую прастату.

І, як звычайна ў такія моманты, адчуваецца «агульная млявасць і абыякавасць да жыцця». Сотні Ружанцаў ужо адгаварыў, новыя літаніі знайшоў і перачытаў разоў 20, Пампейская навэнна яшчэ «ў працэсе», але ўжо «во дзе сядзіць». Усё стандартна і пакрысе становіцца нецікавым. І тут, каб не сумаваць, трэба знайсці яшчэ пару-тройку лішніх малітваў, каб яшчэ больш адчуць сваю важнасць, ну або ўскладніць жыццё.

Я не кажу зараз, што маліцца не трэба. Малітва дапамагае нам на духоўнай дарозе ў барацьбе за сябе. Я маю на ўвазе, што не варта рабіць з малітвы ідала.

Або яшчэ сітуацыя. У касцёльную супольнасць ходзіш ужо даўно. Часцей за ўсё гэта адны і тыя ж людзі, адны і тыя ж рэплікі, малітвы, «стандартны» падыход лідара супольнасці. Святар са сваёй мараллю ўжо «прыеўся». Хутчэй бы ў суседнюю парафію перавялі, або наадварот — «такі мілаха, што адпускаць не будзем, а калі перавядуць — паедзем за ім на край свету».

Засядзеўшыся на адным месцы, пачынаеш пакрывацца імхом і паддавацца спакусам. Якім? Ну, напрыклад, раз-другі (а можна і пастаянна) «перамыць косткі святару» або паплесці інтрыжкі, каб Светка (або Дзіна ці Рэгіна) сышла з супольнасці. Тады можна будзе заняць яе месца. Але ўсё гэта — не забываючы «адтарабаніць» чарговы Ружанец. Ну трэба ж імкнуцца да святасці. Але да святасці, якую сам сабе прыдумаў.


Выдуманая святасць хутка надакучвае, бо не вытрымлівае цэлага стосу пастаноў і малітоўных практык. Надакучвае таксама з-за таго, што не мае пад сабой правільнай асновы.

І тут можа ўзнікнуць пытанне: а што ж такое святасць? Думаеце, мы адышлі ад тэмы? Пачакайце, да яе яшчэ вернемся.

Чытаем адно з вызначэнняў: «Святасць — ідэальная духоўная і маральна бязгрэшная чысціня, дасканаласць чысціні. Мець святасць — значыць захоўваць ідэальную чысціню, бязгрэшнасць у паводзінах, думках і пачуццях».

Мовазнаўцы, даследчыкі Бібліі і юдэйскія багасловы тэрмін «святасць» вызначаюць як «аддаленасць ад граху і адасобленасць, прысвячэнне сябе Богу».

Такім чынам, з гэтага вынікае, што, каб дасягнуць святасці, патрэбна старацца пазбягаць усялякага граху і быць добрым з усімі?

Тут зноў варта паглядзець на Езуса, які дакладна кажа аб тым, што самым важным у жыцці верніка з’яўляецца любоў. Банальна, скажаце вы, але «ўсё геніяльнае — банальна». Менавіта на любові да Бога і бліжняга Збаўца заклікае будаваць сваё духоўнае жыццё.

Калісьці адзін святар у гаміліі сказаў: «Будзьце спачатку людзьмі, а ўжо потым будуйце сваю святасць, бо што толку ад вашай “духоўнасці”, калі ў жыцці ў вас кавалка хлеба не дапросішся». Ён распавёў, па сутнасці, пра адзін з выпадкаў, калі хрысціяне губляюць сваю прастату і становяцца сучаснымі фарысеямі.

Бо што такое прастата? Гэта якраз святасць, заснаваная на любові да Бога і бліжняга, любові, якая не стварае сабе ідалаў і не ўзводзіць на п’едэстал касцёльныя супольнасці, моладзевыя рухі, святароў або нават Эўхарыстыю.

Гэтая святасць адзіную крыніцу натхнення знаходзіць у Езусе. Яна глядзіць на Езуса і захапляецца Ім, і нават калі «пойдзе далінаю смяротнага ценю, не будзе баяцца зла», бо з ёй будзе Той, хто ёсць Любоў.

А калі ты любіш, то табе, прабачце, «начхаць», хто што кажа ў супольнасці пра святара, іншых людзей або пра цябе самога. Таму што ты шукаеш тут Езуса. Калі ты любіш, то насуперак усім перашкодам стараешся прыйсці на святую Імшу, таму што ў першую чаргу ідзеш да Езуса, а не да святара, убачыць знаёмых ці па іншых прычынах.

Езус — вось хто павінен быць сапраўдным прыкладам прастаты для цябе, «ідалам», не, хутчэй — ІДЭАЛАМ твайго жыцця.

І менавіта тады, калі ты шукаеш Яго, калі глядзіш на Яго, — тады разам з Ім здабываеш прастату, напоўненую мудрасцю, любоўю і міласэрнасцю, і ніякая «агульная млявасць і абыякавасць да духоўнага жыцця» цябе не адолее.  

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.