Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Памяці Ніла Гілевіча
Усяго патроху
30.03.2016 09:14

29 сакавіка на 85-м годзе жыцця адышоў у вечнасць народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч. Адзін з волатаў беларускай літуратуры. Апошнія гады ён цяжка хварэў, адмаўляючыся ад большасці інтэрв’ю...

Апошнія дзесяцігодзі паэт выдаваў шмат вершаў з ліку духоўнай літаратуры. Адна з такіх кніг, «Пацеркі Божай Маці», пабачыла свет ў 2012 годзе ў выдавецтве «Pro Christo». У ёй народны паэт у чарговы раз звяртаўcя да суайчыннікаў з заклікам жыць паводле Божых запаведзяў — берагчы сваю зямлю, мову і душу.



2012 год. Па тэлефоне голас Ніла Сымонавіча вельмі хваравіты, аднак паэт трымаецца годна. Ужо чатыры гады ён не дае інтэрв’ю. Выключэнняў не робіць прынцыпова. Журналісты ў сваю чаргу ўсё адно тэлефануюць — а раптам пагодзіцца?

Сярод кніг, выдадзеных паэтам за апошнія гады, цяжка выбраць штосьці больш або менш любімае. Усе яны натхняюць на ўнутраны дыялог з самім сабой. Вельмі часта, прачытаўшы тую ці іншую думку ў Гілевіча, здзіўляешся, наколькі блізка адгукаецца ў тваёй душы выказанае паэтам — у думках, пачуццях, перажываннях.

«Пацеркі Божай Маці» — як півоня: кожны наступны верш не падобны да папярэдняга. Сапраўды, як пацеркі, яны сабраны ў адну нізку — думак пра жыццё.

«А вы чыталі маіх «Родных дзяцей»? — цікавіцца ў мяне Ніл Сымонавіч. — Вельмі раю перачытаць раман яшчэ раз. У сталым узросце ён лепш успрымаецца. Там цікавыя сюжэтна-псіхалагічныя хады. «Родныя дзеці» — галоўная мая кніга ў паэзіі. Калі зачэпіцца вока — за вокам зачэпіцца і душа. Перачытайце, не пашкадуеце. Там напісана пра рэчы, якімі я жыў тады…»

***
Калі б не мая настаўніца літаратуры, магчыма, у мяне і не было б у хатняй бібліятэцы кнігі з аўтографам Гілевіча. Памятаю, як Вольга Львоўна спецыяльна пазычыла грошай, каб я змог набыць у кнігарні Гілевічаву кнігу.

Гэта быў 2004 год, калі Ніл Гілевіч выступаў перад студэнтамі гродзенскага філфака. Разам з ім на сустрэчы прысутнічалі паэтэса Данута Бічэль, а таксама яго былыя студэнты — Крыстына Лялько і Юрка Голуб. Вестка пра прыезд у Гродна Гілевіча разнеслася дастаткова хутка, таму на саму сустрэчу, акрамя студэнтаў-філолагаў, «прасачыліся» і школьнікі, у ліку якіх быў і я.

У кнігарні тады я набыў том сатыры і гумару. Найперш таму, што змешчаны там «Сказ пра Дзімку-ласунца і пра бабулю Домну» дапамог мне калісьці на конкурсе чытальнікаў атрымаць прыз глядацкіх сімпатый.

Сустрэча Ніла Гілевіча са студэнтамі праходзіла вельмі актыўна — з мноствам пытанняў, якія збіраліся з усёй залы і ў выглядзе маленькіх цыдулак перадаваліся паэту на стол. Пыталіся рознае: пра творы, пра мову, пра незвычайнае імя…


А пасля была даўжэзная чарга з ліку ахвотных атрымаць аўтограф.

Астатнія літаратары на чале з Юркам Голубам ужо чакалі паэта, каб завесці яго перакусіць — не жарт: сустрэча ж працягвалася каля трох гадзін.

Я ўвесь гэты час сядзеў у зале, назіраў за паэтам і чакаў, пакуль ён вызваліцца. Спадзяваўся на асобнае інтэрв’ю. Калі апошні чытач падпісаў у Ніла Сымонавіча яго кнігу, той з палёгкай уздыхнуў, але ненадоўга — на гарызонце з нататнікам у руках намаляваўся я.

Ніл Сымонавіч згадзіўся на гутарку «для школьнай газеты». Добра памятаю характар нашай размовы і цярпенне, з якім стомлены паэт адказваў на ўсе мае пытанні. Гэта было адно з маіх першых інтэрв’ю, за якое вельмі сорамна сёння. Найбольш запомнілася яго фраза — адказ на пытанне пра любімага пісьменніка. Гілевіч адказаў проста і мудра: «Мой любімы пісьменнік? Назавеш аднаго-двух — пакрыўдзіш дзесяць-дваццаць...»

Гілевіч і адказы

Тое «школьнае» інтэрв’ю ў выніку так нідзе і не выйшла. Шкада, што часу не вярнуць! Я і пытаўся б крыху пра іншае, ды і вёў бы сябе больш сціпла — не змушаў бы народнага паэта адказваць на пытанні пасля трохгадзіннай сустрэчы з чытачамі.

Пра што пытаўся б у Гілевіча, калі была б яшчэ адна магчымасць? Тэмаў шмат — але пытанні былі б хутчэй удакладняючымі: на большасць з іх ён ужо адказаў у сваіх кнігах. Адна з найцікавейшых яго кніг апошніх гадоў — успаміны пра жонку Ніну Іванаўну «Добры Анёл беларускасці».

«Калі б не яна, — пісаў паэт, — я не зрабіў бы і паловы таго, што зрабіў — і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай дзейнасці».

«Беларусь, беларуская мова, сям’я... Тры святыні, якім Ніна Іванаўна пакланялася, пра якія нязводна думала, якія самаахвярна да канца абараняла. Зрэшты Беларусь і беларуская мова было для яе адно і тое ж, паасобку адно і другое для яе не існавала. Яна не проста разумела, а ўсёй істотай сваёй, іначай сказаць, кожнай кропелькай крыві адчувала, што родная мова і ёсць Беларусь...»

Размова з паэтам

Гродзенскага «журналіста-школьніка» Ніл Гілевіч, як аказалася, запомніў. Прыгадаўшы, як я «мучыў пытаннямі стомленага паэта», разам пасмяяліся.

А пасля высветлілася, што мае родныя мясціны — Мядзельшчыну — Ніл Сымонавіч таксама добра ведае:

— Як мой сын быў яшчэ зусім малы, мы здымалі ў Купе катушок, — прызнаецца паэт. — Наша хата была побач з хатамі Танка і Куляшова — на самым беражку. Ведаю і Нарачанскі край, і ў Свір таксама ездзіў.

Паэт узгадаў сваіх сяброў-пісьменнікаў і наша гутарка завязалася пра Янку Брыля, з якім мне пашчасціла аднойчы гутарыць па тэлефоне. Тады я збіраўся яшчэ даслаць Івану Антонавічу яго кнігу з просьбай пакінуць аўтограф, але не паспеў...

Яшчэ адну сваю кнігу Ніл Гілевіч абяцаўся абавязкова падпісаць. Паціснуць руку Гілевічу было для мяне, школьніка, вялікім гонарам. Але тады я яшчэ не ведаў, што гэтую руку ў 1950-я, як выдатнаму студэнту, яму паціснуў сам Якуб Колас!..

Ніл Сымонавіч гаворыць — і толькі паспявай запісваць. Амаль як за маёй бабуляй, з якой паэт нарадзіўся ў адзін год. Кожная думка — нібы асобная пацерка ў вяночку мудрасці.

Ёсць меркаванне, што натхненне для творчасці нам даецца звыш, як і слова. Нібыта боскае благаслаўленне. Кожны верш у Гілевічавых «Пацерках Божай Маці» — як таямніца Ружанца, запавет кожнаму беларусу любіць радзіму, берагчы мову і шанаваць родных. Тое, чым сам жыў паэт, і тое, што пакінуў у спадчыну кожнаму з нас.

Вечны супакой дай яму, Пане...

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.