Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свецкая гуманнасць ці хрысціянская міласэрнасць?
Усяго патроху
11.04.2016 00:00

З Евангелля паводле Лукі (6, 27-36):

«Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж. Але вы любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. БУДЗЬЦЕ МІЛАСЭРНЫМІ, ЯК І АЙЦЕЦ ВАШ МІЛАСЭРНЫ».

Кожны год Святы Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на якісьці аспект з усяго багацця таго, што Бог даў нам як дар. Трэба, каб гэтыя шматлікія Божыя дары ўсцяж нанова ў нас ажыўляліся і рабілі нас па-сапраўднаму шчаслівымі. Быў Год веры, потым Год кансэкраванага (прысвечанага Богу) жыцця, а цяпер вось асаблівы Юбілейны Год – Год Міласэрнасці. Гэта час, калі Бог прагне аднавіць у нас тое, што калісьці ўпісаў у нашыя душы, ствараючы нас на свой вобраз і падабенства.

Рэстаўруючы старую карціну або абраз, рэстаўратар старанна, крок за крокам адкрывае іх з-пад слаёў пылу і сажы. Каб тое, што бляклае і невыразнае, зноў паказалася ва ўсёй прыгажосці.

Паколькі Бог – да якога і мы, людзі, падобныя – міласэрны, мы таксама маем у сабе гэтую Ягоную рысу міласэрнасці. Толькі гэта, на жаль, бывае ў нас схавана пад досыць тоўстым пластам эгаізму, спажывецтва, меркантыльнасці і іншай штодзённай мітусні. Менавіта таму патрэбны нам такія пераасэнсаванні таго, што ў нас каштоўна і прыгожа. Ведаем, што Хрыстус запрашае нас нанова стаць «міласэрнымі, як Айцец». Не як-небудзь добрымі ці гуманнымі, а менавіта міласэрнымі, як Айцец наш нябесны. У свеце існуе шмат розных мадэляў язычніцкай або нават свецкай гуманнасці. Хрыстус, аднак, запрашае сваіх вучняў і братоў быць кімсьці большым, чым проста добрымі людзьмі. Зараз прыгледзімся крыху больш уважліва, чым жа адрозніваюцца розныя праявы чалавечай дабрыні і ў чым заключаецца выключная моц міласэрнасці, «як Айцец», гэта значыць тыпова хрысціянскай міласэрнасці.


Натуральныя спосабы перажывання і праяўлення гуманнасці

Найбольш першасная праява гуманнасці – гэта звычайная чалавечая дабрыня, або жаданне несці дапамогу тым, хто апынуўся ў той ці іншай патрэбе. Маем на ўвазе, канешне, не толькі матэрыяльныя патрэбы чалавека, але і іншыя – патрэба ўнутранага супакою, павагі з боку іншых, патрэба справядлівасці. Проста матэрыяльныя патрэбы пераважна найбольш відавочныя, таму менавіта яны ў першую чаргу выклікаюць натуральнае жаданне дапамагчы патрабуючаму. Аднак жаданне дапамагчы можа мець зусім неадназначныя ўнутраныя матывы. Часта яны бываюць далёка не такія бескарыслівыя, як хацелася б верыць.

a) Для сучаснага чалавека, асабліва еўрапейца, досыць характэрна імкненне да натуральнай справядлівасці, імкненне да пэўнага парадку і ладу ў месцах яго жыццядзейнасці. Складана яму прымірыцца з тым, што ў свеце існуе несправядлівасць, беднасць ці якоесьці бязладдзе, якія зведаў хтосьці іншы, бо з гэтым няўтульна. Калі казаць з доляй іроніі – гэта псуе пейзаж. Тады чалавек гэты прадпрымае нейкія дзеянні, дапамагае, спачувае, тлумачыць; адным словам, намагаецца ўстанавіць парадак і справядлівасць. Але часта парадак гэты матывуецца любоўю зусім не да іншага чалавека, а хутчэй да сябе самога. Гэтая дабрачыннасць бывае пазначана большым або меншым эгаізмам, хоць учынкі самі па сабе добрыя. Гэта адбываецца як на побытавым узроўні, так і на сацыяльным.

Аднойчы да святара прыйшоў вельмі заможны чалавек, пра якога было вядома, што гэта бандыт, прадстаўнік мафійных структур. Паміж імі адбыўся такі дыялог:

– Ойча, а вось калі я ахвярую на Касцёл 100 000 долараў, Бог прабачыць мне грахі?
– Не ведаю, але варта паспрабаваць.

Напрыклад, муж з жонкай абое вяртаюцца пад вечар з працы. Абое стомленыя, а ў ракавіне на кухні горка нямытага посуду. Звычайна мые жонка, але сёння посуд проста ляжыць. І тады муж, з нотай прэтэнзіі, кажа: «Не магу ўжо глядзець на гэты бардак», – і бярэцца за мыццё. Гэта, безумоўна, добрая справа, але наўрад ці з любові да жонкі – хутчэй дзеля ўласнага камфорту. Бо не можа змірыцца з такім станам рэчаў, яму асабіста некамфортна, што ў доме непарадак. Такая «дабрыня» не з’яўляецца дарам любові, а наадварот, напоўнена асуджэннем і самаўзвышэннем.

Штосьці падобнае можа адбывацца і ў шырэйшай, грамадскай сферы. Назіраем сёння, як многія краіны Еўрасаюза змагаюцца з праблемай хвалі мігрантаў з земляў, дзе ідуць войны. Ствараюцца розныя ўрадавыя і грамадскія праграмы, фонды дапамогі, прадпрымаюцца шматлікія валанцёрскія ініцыятывы. Навошта? Далёка не заўсёды дзеля таго, каб аказаць міласэрнасць абяздоленым. Проста трэба зрабіць парадак з гэтымі натоўпамі на вуліцах, недзе іх рассяліць, чымсьці накарміць, каб захаваць уласны парадак і камфорт. Учынкі самі па сабе, канешне, добрыя і гуманныя, адначасова ў глыбіні ўсё ж часам эгаістычныя.

b) Кампраміс з сумленнем. Гэта пэўны самападман, які стварае ў чалавеку ілюзію, што нейкія добрыя па сваёй прыродзе ўчынкі апраўдваюць іншыя ўчынкі, больш або менш дрэнныя. Асабліва небеспечна гэта тады, калі чалавек, зрабіўшы нешта добрае, мяркуе, што можа далей апраўдана чыніць беззаконне ў іншым месцы. Жахлівы парадокс такой ілюзіі бачны на прыкладзе многіх камуністаў і нацыстаў, калі днём забівалі пару дзясяткаў ці соцен нявінных людзей, а вечарам ішлі дадому, былі там прыкладнымі мужамі і бацькамі, будучы глыбока перакананымі, што яны сумленныя людзі. Гэта найбольш драматычныя прыклады, аднак вырасталі яны з дробных кампрамісаў з сумленнем у штодзённасці.

Хтосьці кажа: «Праўда, што не даплачваю сваім супрацоўнікам, але ж і на Касцёл даю немалую ахвяру, таму я ў парадку». Аднак калі такая дабрачыннасць не ідзе ў пары з глыбокім навяртаннем, становіцца не больш, чым хабарам свайму сумленню, каб яно прыкрыла вочы на беззаконні ў іншых сферах жыцця. Такія добрыя ўчынкі нараджаюцца з патрэбы заспакаення пачуцця віны, якое сігналізуе чалавеку пра нейкае ўчыненае ім або запланаванае зло. У такіх выпадках чалавек, каб неяк падкупіць уласнае сумленне, імітуе міласэрнасць.

Пасля грахоў можна і трэба чыніць пакаянне, часамі нават з дапамогай міласціны ці іншых добрых учынкаў. Аднак яны павінны быць упісаны ў кантэкст шляху навяртання, гэта значыць прыняцця такога рашэння, што пакідаеш старыя беззаконні, хочучы прынамсі часткова іх направіць. Поўнае апраўданне з грахоў дае толькі Бог, бо толькі Ён у Хрысце поўнасцю заплаціў за ўсе нашы беззаконні. Дрэнна, калі чалавек добрымі ўчынкамі хоча «збалансаваць» зло, ад якога не збіраецца адыходзіць.  

c) Падсвядомы страх, што сам можаш апынуцца калісьці ў падобным становішчы, у патрэбе. Паводле ўяўленняў некаторых плыняў індуізму, якія памылкова думаюць, што існуе рэінкарнацыя (перасяленне душ), дабро ці зло абавязкова табе вернецца, у гэтым жыцці або наступным. Таму, каб «паправіць сабе кáрму», заслужыць лепшага ўцелаўлення ў будучыні, трэба чыніць дабро. На першы погляд, ідэя гэтая ідэнтычная з т. зв. залатым правілам з Евангелля – «як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце» (Лк 6, 32).

Do, ut des (лац.) – Даю, каб [ты] даў.
Ідэя ж кáрмы скіроўвае чалавека на сябе, падсычае эгацэнтрызм. Канчатковым адрасатам такіх добрых учынкаў усё роўна становіцца сам дабрачынца. Дзеля свайго дабра дапамагаю іншаму, каб потым мне гэтае дабро вярнулася. Аднак паміж законам кáрмы і евангельскай мудрасцю існуе істотная розніца, і заключаецца яна ў матывацыі – дзеля сябе ці дзеля іншай асобы чынім дабро.

У шостым раздзеле Евангелля паводле Лукі, а таксама ў сёмым раздзеле паводле Мацвея Езус дае гэтую формулу як адказ на пытанне – як нам, вучням Хрыста, зразумець патрэбу бліжняга і аказаць тую міласэрнасць, якая яму па-сапраўднаму патрэбна. Або інакш – якім чынам можам праявіць міласэрнасць да бліжняга? І тут адказ Хрыста гучыць – зрабі яму менавіта тое, што сам хацеў бы спазнаць ад іншых, будучы ў падобным становішчы. Іншымі словамі, залатое правіла вучыць эмпатыі, яно дае чалавеку святло пазнання, як увайсці ў становішча іншага, каб потым у першую чаргу яму, а не толькі сабе, эфектыўна дапамагчы.

d) Іншыя прыклады эгаістычнай матывацыі нясення дапамогі бліжняму ўскосна адлюстраваны ў евангельскіх прыпавесцях пра надакучлівага чалавека, які прыйшоў ноччу да свайго сябра па хлеб, а таксама пра надакучлівую ўдаву і несправядлівага суддзю. І хоць галоўным пасылам гэтых прыпавесцяў з’яўляецца настойлівасць у малітве, аднак бачым таксама, што ўскосна гуманныя ўчынкі герояў гэтых апавяданняў далёкія ад высакароднай міласэрнасці. Яны хоць і чыняць дабро, аднак любоў яны маюць перш да сябе.

Расказваючы гэтыя прыпавесці, Хрыстус паказвае гэты кантраст паміж Божай Міласэрнасцю, поўнай спагадлівасці, любові да іншай асобы і натуральнай чалавечай дабрынёй, вымушанай нязноснымі акалічнасцямі. Зноў жа, такая мадэль міласэрнасці ў канчатковым выніку была справакавана любоўю не да чалавека, а да сябе самога і свайго спакою. Хрыстус заклікае нас да якасна іншай міласэрнасці, нашмат вышэйшай.


Міласэрнасць у імя Хрыста

Евангеліст Лука, пераказваючы Нагорнае казанне Хрыста, кажа пра любоў нават да ворагаў. У гэтым кантэксце гаворыцца пра дабрачыннасць менавіта тыпова хрысціянскую, якая пераадольвае нават натуральныя абмежаванні людской справядлівасці. «Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж» (Лк 6, 33-34.)

У арыгінальным, грэчаскім тэксце «падзяка» выражана словам «χáρις - харіс», якое можна перакласці таксама як «дар або ласка, якая робіць здольным да чагосьці».

Апісаныя на пачатку мадэлі дабрачыннасці толькі ўмоўна можна назваць міласэрнасцю. Яны хоць і не пазбаўлены аб’ектыўнага дабра, аднак гэта яшчэ не хрысціянства. Для таго, каб чыніць такія дабрадзействы сабе самому, адкупляючыся ад іншага чалавека ці ад уласнага сумлення, няма неабходнасці быць хрысціянінам, г. зн. быць узброеным звышнатуральнай моцай Духа Святога. Бо і атэісты, і язычнікі да такой натуральнай дабрыні здольныя.

Далей прыгледзімся, нарэшце, да такой мадэлі міласэрнасці, якая магчыма толькі дзякуючы моцы Духа Святога («χáρις») і асабістым, вельмі блізкім адносінам з Хрыстом. Таму гэты вобраз міласэрнасці, пра які зараз пагаворым, з’яўляецца тыпова хрысціянскім, з Хрыста чэрпае і матывацыю, і сілу для здзяйснення.

Міласэрнасць па-хрысціянску – гэта такое выходжанне насустрач чалавеку з яго патрэбамі (не толькі матэрыяльнымі), да якога вучань Хрыста пабуджаецца перакананнем, што ў гэты момант дапамагае па сутнасці не столькі сабе, ці нават не столькі гэтаму чалавеку, а ў першую чаргу самому Хрысту. Ласка Божая такім чынам адкрывае вочы хрысціяніна на тое, што ў пакутуючым браце і нават у ворагу бачым самога Хрыста.

Паводле апавяданняў сучаснікаў, бл. Тэрэза Калькуцкая папрасіла над месцам, дзе ляжалі хворыя ў яе шпіталі, змясціць надпіс «Body of Christ» – «Цела Хрыста».
Езус шмат разоў узгадвае пра сваю прысутнасць у людзях неабароненых, абяздоленых, хворых, бедных – адным словам, меншых сярод іншых. «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). «І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй» (Мц 10, 42). Такі спосаб чынення міласэрнасці – дзеля Хрыста, які ёсць у іх – не абмяжоўваецца толькі часовым, зямным вымярэннем, у адрозненне ад натуральнай дабрыні, якая прыносіць толькі часовую «ўзнагароду»; такую атрымліваюць і язычнікі. Калі дапамагаем Хрысту, які ёсць у «гэтых братах Маіх меншых», то ўзнагароды сваёй не страцім, нават перайшоўшы праз смерць.

Гэта міласэрнасць, якая выводзіць чалавека з няволі эгаізму, праз іншага чалавека да Хрыста. Калі дапамагаем іншаму чалавеку, то менавіта таму, што хочам ўзлюбіць самога Хрыста. Убогіх, меншых Бог пасылае, каб былі свайго роду пасрэднікамі і знакамі прысутнасці Хрыста, які прымае нашу любоў.

«Любоў Хрыста ахапіла [пабуджае] нас» (пар. 2Кар 5, 14).
Хочучы сёння быць блізка з Хрыстом і выражаць Яму сваю любоў, можам рабіць гэта, сустракаючыся з Ім ва ўбогіх. Яны дадзены нам самім Богам, як асаблівае месца сустрэчы з Ім. У Бэтаніі, перад сваім адыходам, на папрок Юды Іскарыёта: «Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?», Хрыстус адказвае: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце» (Ян 12, 5. 7).

Марыя ў той канкрэтны момант самому Хрысту непасрэдна выражала сваю любоў і міласэрнасць. Аднак Хрыстус прадугледзіў такія моманты ў жыцці вучняў, што не заўсёды будуць адчуваць Яго блізкую прысутнасць, але затое «ўбогіх заўсёды маеце пры сабе». Маўляў, прыйдзе такі час, калі будзеце чакаць Майго другога прыйсця, і тады будзеце дзеля Мяне і ў Маё імя намашчаць «Маіх убогіх братоў» каштоўнымі алеямі.

Адзін амерыканскі журналіст прыглядаўся, як Маці Тэрэза Калькуцкая ачышчае і апрацоўвае гніючыя раны нейкага бедняка. Журналіст сказаў, што не зрабіў бы гэтага нават за мільён долараў. А Маці Тэрэза адказала, што за мільён долараў і яна не зрабіла б, а дзеля Хрыста – так.

У такой міласэрнасці ёсць моц, якой няма ў натуральным, толькі людскім гуманізме, абмежаваным рамкамі справядлівасці. Часта мы маем дачыненне з чалавекам, які, напрыклад, усё жыццё тэрарызаваў сваю сям’ю, піў і грашыў, а зараз ляжыць паралізаваны і стаў меншы за ўсіх. Па справядлівасці, ён не заслужыў таго, каб цяпер даглядаць яго і клапаціцца аб ім. У сваякоў такога чалавека не будзе ні ахвоты, ні нават маральных сіл, каб яго даглядаць і карміць.

Можа, яшчэ з-за таго, што стогне, дык пакормяць, або дзеля таго, каб ім не смярдзеў, памыюць. Але любіць яго? За што? Такая дабрачыннасць па-ранейшаму будзе перапоўнена крыўдай, злосцю і па-ранейшаму застаецца неяк вымушанай апекай. Але калі ў нас ёсць такое перакананне, што ў гэтым найменшым, нягледзячы на яго былыя грахі, ёсць Хрыстус, гэта надае зусім іншы кірунак нашаму стаўленню і да Бога, і да чалавека. Гэта дазваляе вызваліцца нават ад справядлівасці, каб быць «міласэрнымі, як Айцец, які ласкавы да няўдзячных і злых» (пар. Лк 6, 35-36). Гэта такая ласка ад Бога, якая чыніць здольнымі рабіць дабро, не асуджаючы, нават тады, калі яно «нерэнтабельна», нават для ворагаў.

Аднак такая свабодная ад эгаізму міласэрнасць, як бачым, магчыма толькі пры ўмове, што Хрыстус для нас – Нехта абсалютна блізкі, што Ён каштоўнейшы за нашы інтарэсы. Такую, менавіта хрысціянскую, міласэрнасць здольны даваць іншым толькі той, хто сам найперш спазнаў на сабе Божую Міласэрнасць. Гэта Бог ад пачатку, даючы нам на нашай дарозе мноства малых і вялікіх міласэрнасцяў, быццам выхоўвае нас да таго, каб далей перадавалі тое, што самі атрымалі.

Калі ведаем, што не заслужылі Божай любові, а Бог нас тым не менш сапраўды любіць і адорвае, калі ведаем, што мы сапраўдныя грэшнікі, а Ён прабачае і плаціць за нас сваім жыццём, – толькі тады магчыма быць кімсьці большым, чым проста прыстойным чалавекам: быць міласэрным, як Айцец.

Бог, Айцец Езуса Хрыста і наш Айцец, бачыць у нас сваіх дзяцей, вобраз і падабенства Свайго Адзінароднага, таму на нас Яго ўпадабанне (пар. Лк 3, 22). Між іншым, таму Ён мае да нас столькі міласэрнасці. Калі пачынаем на іншага, гэтага «малога» чалавека, глядзець з перспектывы Айца, тады змяняецца і наша матывацыя міласэрнасці. Натуральная дабрыня становіцца міласэрнасцю, як у Айца, які любіць справядлівых і несправядлівых.


3. «Палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (пар. Ян 13, 1)


За кожную з вышэйапісаных мадэляў дабрачыннасці, за натуральную людскую дабрыню ці, тым больш, за міласэрнасць у імя Хрыста, чалавек плаціць пэўную цану.  Гэта можа быць час, ахвяраваны іншаму, можа высілак цела ці інтэлекту, а могуць і матэрыяльныя сродкі. Эгаістычная дабрыня каштуе танней, міласэрнасць дзеля Хрыста – даражэй. У кожным з гэтых выпадкаў мы не аддаем яшчэ ўсё, што маем, а проста дзелімся чымсьці каштоўным для нас.

«І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20).
Існуе яшчэ адна ступень міласэрнасці, да якой Бог кліча некаторых сваіх абраннікаў. Гэта запрашэнне пайсці ў такую міласэрнасць, у якую ўвайшоў сам Хрыстус. Гэта міласэрная любоў, якая ўжо гатова аддаць усё, уключна з уласным жыццём.

Чалавек на працягу жыцця развіваецца або дэградуе ў сваёй дабрыні. Ад натуральнай дабрыні можна шляхам навяртання і ўзрастання ў святасці дарасці перш да міласэрнасці ў імя Хрыста, а часам нават і да мучаніцкай смерці дзеля Хрыста. Прычым гэтага Хрыста мучанік часцей распазнае зноў жа ў тых «меншых», за якіх аддае жыццё.


Сярод шматлікіх гісторый мучаніцтва хрысціян вельмі яскравым і паказальным з’яўляецца прыклад св. Максімільяна Марыі Кольбэ. Гэта францішканін і святар, які ў нацысцкім канцлагеры дабравольна прыняў смерць за іншага вязня. Рашэнне гэтае ён прыняў за лічаныя хвіліны, падчас пастраення вязняў на пераклічку. Аднак характар і здольнасць выступіць з шэрагу выпрацоўваліся задоўга да прыбыцця ў лагер.

Маленькаму рашучаму кроку папярэднічаў доўгі шлях, праз мноства іншых выпрабаванняў, калі Максімільян глядзеў на чалавека, а бачыў Сына Божага. У рашучы момант ён таксама глядзеў на вязня, а бачыў Хрыста. Такім чынам і Айцец з міласэрнасцю глядзіць на тых, за каго аддае сябе самога.

Падобныя гісторыі могуць абуджаць трывогу, маўляў – а як жа я паступлю, калі давядзецца рабіць такі цяжкі выбар? Аднак вопыт абсалютнай большасці мучанікаў паказвае, што да мужнасці стаць мучанікам Бог узбройвае асаблівай ласкай (дарам) задоўга да выпрабавання. Калі ж Бог запрашае любіць бліжняга дарэшты, аддаючы ўсё, то перад гэтым Ён шчодра напаўняе, каб было з чаго раздаваць.
    
Не кожнага хрысціяніна Бог запрашае ажно да такой міласэрнасці, каб літаральна аддаваць «жыццё за сяброў сваіх» (Ян 15, 13), але кожнага запрашае пераадолець звычайную чалавечую дабрыню і быць міласэрным дзеля Хрыста ў братах меншых. Любой цаной шукаючы толькі ўласнага шчасця, мы размінаемся з ім, а шукаючы Хрыстовай любові, парадаксальна знаходзім і сваё шчасце.

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap


Выкарыстаныя матэрыялы:

  1. Новы Запавет. Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
  2. Bp Zbigniew Kiernikowski: Miłosierdzie Boże objawione w maluczkich. W: Rozprawy i Studia Biblijne. W mocy słowa i sakramentu. Red. ks. prof. W. Chrostowski. «Vocatio» Warszawa 2011.
  3. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/T/TS/swieci/sw_wojciech_2010_teresa_00.html (02.04.2016)
  4. О. Романо Гуардини: Господь. «Жизнь с Богом» Брюссель 1995.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.