Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостал-вікінг прынёс хрысціянства ў Беларусь у 986 годзе, піша гісторык
Усяго патроху
21.04.2016 09:30

Першая беларуская дзяржава — Полацкае княства — стала хрысціянскай раней за сваіх паўднёвых і ўсходніх суседзяў дзякуючы працы місіянера Торвальда Вандроўніка, піша беларускі гісторык, спецыяліст па беларуска-скандынаўскіх сувязях Андрэй Катлярчук.

Яшчэ ў 1992 годзе мінскі гісторык Сяргей Тарасаў заўважыў супярэчнасць паміж афіцыйнай канцэпцыяй хросту Беларусі з Кіева каля 988 года і фактамі моцных сувязяў тагачаснага Полацка і Турава са Скандынавіяй.

Наш герой — вікінг Торвальд, сын Кодрана, па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodransson) — нарадзіўся каля 950 года на поўначы Ісландыі побач з затокай Скага (Skagafjоrd) у найбольш вулканічнай зоне краіны. Ягоны жыццяпіс «Апавяданне пра Торвальда Вандроўніка» захаваўся ў тэкстах трох ісландскіх сагаў: «Сага пра Улава Трыгвасона», «Флатэйр кніга» і «Сага пра Хрост». Інфармацыю пра Торвальда змяшчаюць таксама розныя еўрапейскія кронікі, што дае ўсе падставы лічыць яго рэальнай гістарычнай асобай.

У маладосці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна па мянушцы «Вілабароды». Заўважым, што кароль Даніі (960-1014) і Англіі (1013-1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях усходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешкі I.


Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірландыю і Уэльс. Ужо падчас паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда — усю сваю здабычу ён мяняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дадому. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна.

Вікінгі — скандынаўскія мараходы, ваяры і вандроўнікі Ранняга Сярэднявечча. Князі і дружыны вікінгаў, іх этнапалітычны сплаў са славяна-балцкім насельніцтвам сталі неад'емнай часткай беларускай гісторыі, грунтам беларускай дзяржаўнай традыцыі і нацыянальнай культуры.

У Ірландыі Торвальд упершыню сутыкнуўся з верай Хрыстовай. Багацце і глыбіня новага вучэння так уразілі вікінга, што ён перастаў ваяваць і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад біскупа Фрэдрыка.

Разам з біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся ў Ісландыю, «каб прывесці сваіх братоў у святло праўдзівай веры». Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, «бо біскуп Фрэдрык не ведаў мовы краіны». Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысціянства прынялі родзічы і суседзі Торвальда. Упершыню тут паўстала святыня.


Але язычнікі пачалі супраціў, дайшло да збройных сутычак, і прапаведнікі мусілі пакінуць Ісландыю. Менавіта тады Торвальд даў абяцанне: «ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесці да святла веры Хрыстовай хаця б адзін народ». Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы.

У 985 годзе праз Ерузалем Торвальд прыехаў у Царград (Канстанцінопаль). Тут вядомы вікінг, да таго ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імператарам Васілём II па мянушцы «Забойца балгараў» і Патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імператар выдае грамату, згодна з якой Торвальд прызначаўся «паўнамоцным прадстаўніком Візантыі да рускіх князёў у краінах Усходняй Балтыкі».

Слова «Русь», як лічаць сучасныя гісторыі, паходзіць ад старажытнаісландскага «Róþsmenn» ці «Róþskarlar», што азначае грабцы, мараходы, а таксама ад слова «руотсі/роотсі» ў фінаў і эстонцаў, якое азначала на іх мовах Швэцыю. Такім чынам «рускія князі» таго часу — гэта проста князі скандынаўскага паходжання.

Полацкім князем быў тады Рогвалад (Ragnvald) — скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў «изь заморья имаше власть свою в Полотьске». Каля Стакгольма (Солентуна) захаваўся рунічны камень, пабудаваны ў памяць маці-хрысціянкі «каралём Рангвальдам», магчыма, з Полацка.

У сагах Полацк вядомы як Палтеськ’я/Palteskia. Пад гэтаю назваю горад узгадваецца ў шэрагу скандынаўскіх твораў. Найбольш стары спіс — «Нарыс зямлі І” (апошняя чвэрць XII ст.). Полацк прысутнічае таксама ў сазе «Дзеі данаў» Саксона Граматыка, каралеўскай сазе «Пра дзеі Эймундза», «Сазе пра хрост», «Сазе пра Одда Стралу» іншых.

Пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча Полацкага княства ў скандынаўскай мінуўшчыне сведчаць шматлікія рунічныя надпісы, якія былі выяўлены ў Беларусі, паведамленні саг. Гэтак «Ананімная сага» (канец XII ст.) пералічвае рэкі Усходняй Еўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасці рэчак тры – беларускія. Гэта Дзвіна (Duna), Днепр (Nepr) і невялікая Друя (Drofn). Дзвіна ўзгадваецца ў надпісах рунічных камянёў. Напрыклад: «Сумір загінуў на Усходзе ля вусця ракі Дзвіна».

Першыя касцёлы вікінгаў былі драўлянымі і неслі выразныя рысы скандынаўскіх традыцый. Такімі (на фота старажытны драўляны касцёл у Нарвегіі) маглі быць і першыя касцёлы на беларускіх землях

У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацк разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх вікінгаў, якія хутка зліваліся з мясцовым насельніцтвам, дапамагаў місіянерам з перакладам казанняў. Місія была настолькі паспяховай, што Торвальд вырашыў не рухацца далей і застацца ў Полацку, кажуць сагі.

Тут быў пабудаваны храм і кляштар св. Яна «недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн».

У Полацку адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысціянінам Улафам Трыгвасанам (969-1000). Гэты скандынаў са шляхетнага нарвежскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Улафа была дачка польскага караля Баляслава Храбрага. Пасля сустрэчы ў Полацку Улаф адправіўся на бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысціў нарвежцаў, і быў прызнаны першым святым ў Нарвегіі. Нацыянальны рух нарвежцаў у ХІХ ст. пачаўся са святкаванняў Дня святога Улафа.

Торвальд застаўся намеснікам створанага ім кляштара св. Яна і памёр у Полацку каля 1000 году.

Магчыма, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму горада войскамі наўгародскага, а потым кіеўскага князя Уладзіміра – ворага полацкай дзяржавы. Свой паход на Полацк Уладзімір рыхтаваў у Швецыі, дзе тры гады на грошы купцоў Ноўгарада збіраў вікінгаў, каб знішчыць ненавісны горад на Дзвіне – гандлёвы канкурэнт Ноўгарада і Пскова. Як вядома, па загадзе Уладзіміра абаронцы горада былі жорстка забіты. Замак быў зруйнаваны і паўстаў на новым месцы. Уладзімір на вачах Рогвалада згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя і ўсіх ягоных сыноў.

Там, хутчэй за ўсё, знаходзіўся і наш Торвальд, былы дасведчаны ваяр, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзяцей князя ад насілля.

Праз 50 гадоў, каля 1050 года, Полацк наведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сведчанні Бранда, тагачасныя палачане лічылі Торвальда «сваім вялікім святым».

Карціна «Рагнеда і Ізяслаў» беларускага мастака Віктара Маркаўца нясе і хрысціянскую, і вікінгаўскую сімволіку

Полацкая дынастыя хутка адрадзілася дзякуючы сыну Рагнеды Ізяславу, адваявала незалежнасць і надалей мела шчыльныя сувязі са Скандынавіяй. Напрыклад, кароль Даніі Вальдэмар I Вялікi ажаніўся з дачкою князя полацкага і мінскага Валадара Глебавіча Соф’яй Менскай (1141-1198).

Такім чынам, хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся, магчыма, у 986 годзе, а не ў 988. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі звесткі пра гэта, на жаль, не захаваўся. Падкрэслім, што апісаныя полацкія падзеі адбываліся ў час касцёльнай еднасці, да падзелу на праваслаўных і католікаў у 1054 годзе. Такім чынам, ад самых пачаткаў хрысціянская культура Беларусі была адкрытая для хрысціян абодвух абрадаў.

Сёння імя нашага першага прапаведніка невядомае грамадству. Але час «збору камянёў» прыйшоў. Калісьці ў Беларусі ў гонар нашага першага хрысціцеля можа паўстаць святыня і будзе створаны абраз св. Торвальда — сімвал духоўнай еднасці беларусаў.

Паводле артыкула А. Катлярчука «Торвальд Вандроўнік: сенсацыйныя звесткі пра хрышчэнне Полацка» (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.