Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: сакрамэнт пакаяння — «акіян» Божай міласэрнасці
Усяго патроху
07.05.2016 00:00

Сакрамэнт пакаяння – сапраўдная таямніца Божай любові і бясконцай Божай міласэрнасці. Сам Езус Хрыстус устанавіў яго ў радасны і пераможны дзень свайго ўваскрасення, таму сакрамэнт пакаяння з’яўляецца першым заўважным плёнам таямніцы Збаўлення.

Збаўленне чэрпае сваю моц і збірае плён з усяго жыцця Пана Езуса, асабліва з Крыжа: «Так палюбіў свет Бог, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

У гэтым святле сакрамэнт пакаяння з’яўляецца сустрэчаю з Айцом, які любіць і прабачае. Словы «Ойча, я зграшыў», вымаўленыя са шкадаваннем, даюць гарантыю, што мы нанова знойдзем сваё чалавечае аблічча ў абліччы Бога.

«Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне за знявагу, учыненую Богу, і адначасова яднаюцца з Касцёлам, якому праз грэх нанеслі рану і які прычыняецца да іх навяртання любоўю, прыкладам і малітваю» (LG, 11 - Канстытуцыя пра Касцёл II Ватыканскага Сабору).

Усе людзі, у тым ліку і хрысціяне, грашаць і маюць з-за гэтага пачуццё віны, бо нават пасля святога хросту чалавеку цяжка засцерагчыся ад маральнага зла: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1Ян 1, 8).

Грэх – гэта не толькі свядомае і добраахвотнае парушэнне Божай запаведзі альбо касцёльнага наказу; гэта не толькі канфлікт з сумленнем.

Грэх – гэта адыход ад Бога, парушэнне годных узаемаадносін паміж чалавекам і Богам, чалавекам і супольнасцю Касцёла. Гэта асабістая абраза бясконцай велічы Бога і Яго Айцоўскага Сэрца.

Як вярнуць страчаную сувязь з Богам і з Касцёлам? Вось жа, Езус Хрыстус - «ахвяра прабачэння за грахі нашыя» (пар. 1 Ян 2, 2). Ён прабачае нам правіны ва ўстаноўленым Ім самім сакрамэнце пакаяння. «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца», - сказаў Езус апосталам і іх наступнікам (пар. Ян 20, 22-23). 3 волі Хрыста словы адпушчэння  грахоў прамаўляе ў канфесіянале святар, менавіта там адбываецца сустрэча грэшнага чалавека з Хрыстом, які прабачае і які жыве ў Касцёле.  

Для адпушчэння грахоў і паяднання з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння патрэбна выканаць пяць умоваў (зрабіць рахунак сумлення, мець жаль за грахі, а таксама цвёрдае пастанаўленне выправіцца, павінна быць шчырая споведзь і выпраўленне крыўды Богу і бліжняму).

Аднак найважнейшымі і асноўнымі ўмовамі атрымання ласкі прабачэння і ачышчэння душы з’яўлюцца вера і любоў да Хрыста ў спалучэнні са шкадаваннем за грахі і пастанаўленнем навяртання да Бога.

Сакрамэнт споведзі святой –
Душы збалелай ачышчэнне…
Ты бачыш, Хрысце, неспакой,
Трывогу сэрца і сумлення...

К Табе прыходжу сёння я
Прызнацца ў сваіх правінах
І прад Табою кленчу я,
Прашу: «Ўратуй у ліхіх часінах!”

- О, Божа, літасцівы мой,
Цябе  так часта зневажаю.      
Я сёння клічу ўсёй душой
І за грахі перапрашаю!

Сакрамэнт споведзі святой –
Душы збалелай пакаянне.
- Прабач, о Езу, мілы мой,
І знішчы грэх праз паяднанне!



Аднойчы падчас духоўных разважанняў сястра Фаўстына пачула ў душы такія словы Езуса: «Дачка, калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй міласэрнасці, на тваю душу заўсёды сплываюць Мая кроў і вада, якія выплылі з Майго сэрца і ўзвышаюць тваю душу. Кожны раз, набліжаючыся да канфесіянала, з вялікім даверам цалкам пагружайся ў Маю міласэрнасць, каб Я мог выліць на тваю душу шчодрасць сваёй ласкі.

Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я сам чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў душы. Тут мізэрнасць душы сустракаецца з Богам міласэрнасці. Скажы душам, што з гэтай крыніцы міласэрнасці душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі іх давер будзе вялікі, Маёй шчодрасці не будзе межаў. Струмені Маёй ласкі заліваюць пакорныя душы. Ганарлівыя – заўсёды ў бядзе і ўбостве, бо Мая ласка адварочваецца ад іх да пакорных душаў» (Дз. 1602).

Святая сястра Фаўстына ў сваім Дзённіку «Божая міласэрнасць у маёй душы» звяртае ўвагу на якасці, якія павінна мець душа, каб дасягнуць пэўных плёнаў ад сакрамэнту пакаяння. Душа, якая прагне настойліва імкнуцца да святасці і атрымліваць карысць ад споведзі, павінна вызначацца поўнай шчырасцю і адкрытасцю, пакораю і паслухмянасцю.

Сястра Фаўстына тлумачыць гэта наступным чынам: «Першае: поўная шчырасць і адкрытасць. Самы святы і самы мудры спаведнік не можа насільна ўліць у душу тое, што хоча, калі душа не будзе шчырая і адкрытая. Няшчырая, замкнутая душа падвяргае сябе вялікай небяспецы ў духоўным жыцці, і сам Пан Езус не адкрываецца такой душы ў найвышэйшым сэнсе, бо ведае, што яна не здабыла б карысці з тых асаблівых ласкаў.

Другое: пакора. Душа не карыстаецца належным чынам сакрамэнтам споведзі, калі яна не пакорная. Пыха ўтрымлівае душу ў цемры. Яна не ведае і зусім не хоча пранікаць у глыбіню сваёй мізэрнасці, яна маскіруецца і пазбягае ўсяго, што магло б яе вылечыць.

Трэцяе: паслухмянасць. Непаслухмяная душа не атрымае ніякай дапамогі, нават калі б яе спавядаў непасрэдна сам Пан Езус. Самы дасведчаны спаведнік нічым не дапаможа такой душы. Непаслухмяная душа падвяргае сябе вялікім няшчасцям, яна нічога не дасягне ва ўдасканальванні і не дасць рады ў духоўным жыцці. Бог вельмі шчодра абсыпае душу ласкамі, але душу паслухмяную» (Дз. 113).



«Са святой споведзі мы павінны атрымліваць дзве карысці:

1. На споведзь мы прыходзім па аздараўленне;
2. Па выхаванне – нашай душы патрэбна пастаяннае выхаванне, як малому дзіцяці.

Са свайго ўласнага досведу святая сястра Фаўстына зразумела, «што, разлічваючы на ўласныя сілы, душа далёка не зойдзе, шмат намучыцца, нічога для хвалы Божай не зробіць, будзе пастаянна блукаць, бо наш розум цёмны і не ўмее разабрацца ва ўласных справах».

Пра сваё ўласнае духоўнае сакрамэнтальнае жыццё яна разважае так: «Я буду звяртаць асаблівую ўвагу на дзве рэчы: першае – для споведзі я буду выбіраць тое, што мяне больш за ўсё прыніжае, нават калі гэта будзе дробязь, але дорага мне будзе каштаваць, і таму я буду пра гэта казаць; другое – я буду практыкавацца ў пакаянні не толькі ў часе споведзі, але пры кожным рахунку сумлення я буду абуджаць у сабе дасканалы жаль, і асабліва, калі лягу адпачываць» (Дз. 377).



«Пры кожнай споведзі згадаць муку Пана Езуса і гэтым абуджаць скруху сэрца. Наколькі гэта магчыма праз ласку Божую – заўсёды практыкавацца ў дасканалым жалі. Для гэтае скрухі я прысвячу больш часу. Перш чым я набліжуся да спавядніцы, я спачатку ўвайду ў адкрытае і найміласэрнейшае Сэрца Збаўцы. Адышоўшы ад спавядніцы, я абуджу ў сваёй душы вялікую ўдзячнасць да Святой Тройцы за гэты цудоўны і неспасцігальны цуд міласэрнасці, які здзяйсняецца ў душы; і чым больш мізэрная мая душа, тым мацней я адчуваю, як мора Божай міласэрнасці паглынае мяне і дае мне вялікую моц і сілу» (Дз. 225).

«О, як мала ў мяне словаў, каб выказаць тое, што я перажываю. Я адчуваю сябе кропляю расы, паглынутаю глыбінёю бяздоннага акіяну міласэрнасці Бога» (Дз. 654), – кажа пра сябе сястра Фаўстына.

Таксама яна прыходзіць да высновы і робіць акцэнт на тым, што «душа, якая шчыра жадае ўдасканальвацца, павінна дакладна прытрымлівацца парадаў, якія дае духоўны кіраўнік. Колькі залежнасці – столькі й святасці» (Дз. 377). Яшчэ, каб споведзь прынесла для душы пэўныя плёны і каб святар дакладна зразумеў патрэбы і прагненні душы, «патрэбна шмат маліцца за кожнага спаведніка аб святле Духа Святога…» (Дз. 647).



Праз кожнага святара ў сакрамэнце пакаяння прамаўляе сам Езус Хрыстус, які ніколі не асуджае грэшніка, таму ў канфесіянале адбываецца суд Божай міласэрнасці. Менавіта пра гэта казаў Езус святой сястры Фаўстыне, калі заахвочваў яе гаварыць душам пра цуды міласэрнасці Божай. «Пішы, гавары душам пра Маю міласэрнасць.

Скажы душам, дзе яны павінны шукаць суцяшэння, – у судзе міласэрнасці; там – найвялікшыя цуды, якія пастаянна паўтараюцца. Каб заслужыць гэты цуд , не трэба здзяйсняць ні далёкай пілігрымкі, ні якіхсьці знешніх абрадаў – дастаткова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй  паўнаце.

Нават калі душа, як труп, загнівае і ў людскім разуменні ўваскрашэнне ўжо немагчымае, і ўсё ўжо страчана – для Бога гэта не так; цуд Божай міласэрнасці ўваскрашае такую душу ва ўсёй паўнаце. Бедныя тыя, хто не карыстаецца гэтым цудам Божай міласэрнасці; дарэмна будзеце клікаць – будзе ўжо запозна» (Дз. 1448).
 
Святы Павел піша карынцянам пра паслугу паяднання, якую Езус удзяліў апосталам (пар. 2 Кар 5, 18), а святы Якуб заахвочвае да вызнавання грахоў у супольнасці Касцёла (пар. Як 5, 16). Аб практыцы вызнавання грахоў даведваемся таксама з паслання святога Яна: «Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці» (1 Ян 1, 9).  

На жаль, вельмі часта ў нашым штодзённым жыцці здараецца так, што многія людзі адкладваюць на доўгі час сакрамэнт пакаяння і паяднання з Богам. Некаторыя – з прычыны таго, што раней выхоўваліся ў атэістычныя часы, калі ўвогуле было нават забаронена гаварыць пра Бога, а не тое, што практыкаваць святыя сакрамэнты.

Апошнім часам шмат людзей не прыступае да споведзі таму, што жывуць не ў сакрамэнтальным сужэнскім саюзе – не маюць сакрамэнту шлюбу, што перашкаджае ім наблізіцца да крыніцы Божай міласэрнасці і атрымаць прабачэнне грахоў. Прычым гэта не толькі моладзь, але і людзі больш сталага ўзросту, якія ўжо доўгі час жывуць без шлюбу – трываюць у граху перад Богам. Таму нават калі б яны і прыступілі да споведзі, святар не змог бы ім адпусціць грахі, паколькі ў такой сітуацыі чалавек не мае пастановы, цвёрдага намеру выправіцца. Такім чынам, чалавек сам пазбаўляе сябе магчымасці паяднання з Богам праз праўдзівае навяртанне.

А вельмі часта яшчэ ў чалавека бывае фальшывы сорам і страх перад споведдзю. Першая думка, якая прыходзіць: што ж пра мяне падумае святар, калі шчыра вызнаю ў канфесіянале ўсе свае грахі? Але такі страх і сорам трэба старацца адразу адкідаць, таму што паходзяць яны не ад Бога.

Святая сястра Фаўстына і сама неаднаразова дасведчыла падобны стан душы, калі змагалася са спакусамі злога, таму сам Езус даваў ёй такія наказы: «Дачка Мая, як ты рыхтуешся ў Маёй прысутнасці, так ты і спавядаешся перада Мною; святаром Я толькі засланяюся. Ніколі не разважай, што гэта за святар, якім Я засланіўся, і так адкрывайся на споведзі, як перада Мною, і Я напоўню тваю душу сваім святлом» (Дз. 1725). «… не адкладвай сакрамэнту споведзі, бо гэта Мне не падабаецца. Менш звяртай увагі на нараканні атачэння» (Дз. 1464).

А яшчэ ў нашай штодзённасці сустракаюцца людзі, якія разважаюць так: «Навошта мне святар – пасрэднік перад Богам, калі і так “Бог – у мяне ў душы”, і гэтага мне дастаткова. Ён сам ведае ўсе мае грахі, таму магу спавядацца менавіта перад Богам, без пасрэднікаў». Так галоўным чынам кажуць тыя, хто выхоўваўся ў атэістычныя часы, людзі старэйшага пакалення, якія ніколі раней у сваім жыцці не спазналі цуду Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння. Ім здаецца, што жылі яны і цяпер жывуць згодна з уласным сумленнем, кіруюцца нормамі маралі. Але гэта самападман. На самай справе, яны не могуць цалкам даверыцца усемагутнаму Богу, які дзейнічае ў сакрамэнце пакаяння менавіта праз святара.

А таксама часта могуць быць моцныя спакусы злога, каб не дазволіць чалавеку паяднацца з Богам, атрымаўшы ласку прабачэння. І так чалавек у жыцці нібыта шукае Бога, але спакусы яму перашкаджаюць зрабіць наперад крок да Бога: адкрыць сваю мізэрнасць і ўсемагутнасць Бога, для якога няма нічога не магчымага; Бога, які заўсёды чакае чалавека, каб прабачыць кожны грэх і наталіць душу сапраўдным супакоем.

Святая сястра Фаўстына ў сваім Дзённіку апісвае момант, калі яна спазнала рэальны дотык моцнай спакусы. «Калі Пан даў мне зразумець, як Яму прыемныя чыстыя сэрцы, то мне дзякуючы гэтаму адкрылася больш глыбокае разуменне маёй мізэрнасці; а калі я пачала рыхтавацца да святой споведзі, на мяне абрынуліся моцныя спакусы, скіраваныя супраць спаведнікаў. Я не бачыла сатаны, але адчувала яго, ягоную страшную злосць. “Так, гэта звычайны чалавек”. “Але ж незвычайны, бо мае Божую моц”. “Так, пакаяцца ў грахах няцяжка, а вось адкрыць глыбінныя тайнікі сэрца, трымаць справаздачу з дзеяння Божай ласкі, сказаць пра кожнае Божае патрабаванне, пра ўсё, што дзеецца паміж мною і Богам, сказаць чалавеку – гэта вышэй за мае сілы”.

Я адчувала, што змагаюся з магутнаю сілаю, і ўсклікнула: “О, Хрыстэ, Ты і святар – гэта адно; я іду на споведзь, як да Цябе, а не да чалавека”. Прыступіўшы да споведзі, я спачатку адкрыла свае цяжкасці. Святар сказаў, што лепш я і не магла зрабіць, чым найперш выявіць гэтыя цяжкія спакусы. Аднак пасля споведзі яны ўсе кудысьці зніклі, мая душа цешыцца спакоем» (Дз. 1715).

Калі ўзнікаюць усялякія спакусы перад споведдзю, напрыклад, нейкія сумнівы, фальшывы сорам і страх, то лепш за ўсё адразу напачатку вызнаць гэта ў сакрамэнце пакаяння, тады душа напоўніцца сапраўдным Божым супакоем.

«Супакой Мой даю вам», – кажа Езус, які заўсёды верны сваім абяцанням. І гэты супакой кожны можа атрымаць, калі цалкам даверыцца Божай міласэрнасці.

Таму так важна кожнаму хрысціяніну ўсвядоміць, што да споведзі патрэбна прыступаць не толькі «прынамсі раз у год у час велікодны» згодна з касцёльным наказам, успрымаючы сакрамэнт пакаяння толькі як абавязак, а неабходна душою і сэрцам адчуваць прагненне да паўсядзённага жыцця ў асвячальнай Божай ласцы, якую чалавек можа згубіць праз грэх, але вярнуць праз шчырае пакаянне ў сакрамэнце пакаяння – у «бязмежным акіяне» Божай міласэрнасці.   

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.