«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: праз Найсвяцейшую Панну Марыю — найбольш дасканалы шлях да міласэрнага Збаўцы |
Усяго патроху |
13.05.2016 00:00 |
«Менавіта праз Найсвяцейшую Дзеву Езус Хрыстус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен у ім валадарыць» (СН, 1), — акцэнтуе ўвагу святы Людовік Марыя дэ Манфор на старонках «Трактата аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы». Кожны хрысціянін, які звяртаецца да Бога словамі «Ойча наш», добра ведае, што мы — дзеці Бога, але не ўсе ведаюць пра мацярынства Марыі. Бог, думаюць яны, адначасова Айцец і Маці. Гэта праўда, кажа святы Павел, бо Ён — пачатак кожнага айцоўства і кожнага мацярынства (пар. Эф 3, 15). Але наша духоўнае жыццё з’яўляецца вобразам нашага чалавечага жыцця. І «як у натуральным і цялесным парадку дзіця мае айца і маці, так і ў парадку звышнатуральным ёсць айцец, якім з’яўляецца Бог, і маці — Марыя … а той, хто не мае Марыі за Маці, не мае таксама Бога за Айца», — адзначае святы Людовік дэ Манфор. Калі б у нашым звышнатуральным жыцці мы мелі толькі Айца, а маці не мелі, мы б прыйшлі да таго дзіўнага парадоксу, што наша духоўнае жыццё не было б досыць чалавечым!
Поўны дар, які мы складаем Марыі з саміх сябе праз наша прысвячэнне, мае сэнс: дазволіць Ёй зрабіць нас на падабенства Сына Божага.
«Марыя, Беззаганная Дзева, вазьмі мяне пад сваю асаблівую апеку і ахоўвай чысціню маёй душы, сэрца і цела. Ты — узор і зорка майго жыцця» (Дз. 874). На другі дзень я захварэла і шмат цярпела, як мне й казала Маці Божая, але мая душа падрыхтаваная да цярпенняў. Цярпенне – мой пастаянны спадарожнік жыцця» (Дз. 316).
Сястра Фаўстына сэрцам звяртаецца да Божай Маці, просячы навучыць яе сапраўднай любові: Божая Маці — зорка міласэрнасці Божай і скарбніца чыстай любові. Яна — чыстае стварэнне, якое можа нам даць Бога. Марыя ўжо з’яўляецца шляхам чалавечасці праз сваё благаслаўлёнае мацярынства, якое дазваляе Духу Святому «сысці на Яе». «Вы знойдзеце толькі Бога, без стварэнняў, у гэтым цудоўным стварэнні», — кажа нам святы Людовік дэ Манфор.
Святая сястра Фаўстына падкрэслівае: «Я не шукаю шчасця па-за душою, у якой прабывае Бог. Я радуюся ва ўласнай душы. Тут я пастаянна з Ім прабываю, тут мая найбольш цесная сувязь з Ім, тут я з Ім знаходжуся ў бяспецы, сюды не пранікае людскі позірк. Найсвяцейшая Панна заахвочвае мяне да такіх зносінаў з Богам» (Дз. 454).
«Найбольш дасканалы шлях», кажа нам айцец дэ Манфор, «таму што найбольш пакорны шлях — не ісці да Бога самім, не ўзяўшы пасрэдніка» (пар. СН, 83). Безумоўна, Езус — наш адзіны Пасрэднік на шляху да Айца. Святы Павел добра нам пра гэта кажа (пар. 1Цім 2, 5), і Езус сам гэта пацвярджае: «Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6). Калі Марыя прызначана для таго, каб дазволіць нам наблізіцца да свайго Сына, то гэта таму, што Яна сама пакорная («Узглянуў Ён на пакору сваёй слугі », Лк 1, 48); гэта таму, што Яна Яго Маці: «Менавіта праз Яе Езус Хрыстус прыйшоў, менавіта праз Яе мы павінны ісці да Яго» (СН, 85). Нарэшце, Панна Марыя — Беззаганная. Мы добра ведаем, што праз грэх мы, слабыя людзі, губляем асвячальную Божую ласку — нашую сувязь з міласэрным Богам. Марыя ж была захавана ад першароднага граху.
Іншым разам, на свята Звеставання, 25 сакавіка, падчас разважання сястра Фаўстына ўбачыла Божую Маці, якая сказала ёй: «О, як жа мілая Богу душа, што верна ідзе за павевам Яго ласкі. Я дала свету Збаўцу, а ты павінна гаварыць свету пра Яго вялікую міласэрнасць і падрыхтаваць свет да паўторнага прыйсця Таго, хто прыйдзе не як міласэрны Збаўца, а як справядлівы Суддзя. О, той дзень страшны. Устаноўлены дзень правасуддзя, дзень гневу Божага, дрыжаць перад ім анёлы. Гавары душам пра гэту вялікую міласэрнасць, пакуль час літасці; калі ты маўчыш цяпер, ты будзеш адказваць у той страшны дзень за вялікую колькасць душаў. Нічога не бойся, будзь верная да канца, Я спачуваю табе» (Дз. 635). «Дачка Мая, імкніся да ціхасці і пакоры, каб Езус, які пастаянна жыве ў тваім сэрцы, мог адпачнуць. Ушаноўвай Яго ў сваім сэрцы, не выходзь з унутранай засяроджанасці. Дачка Мая, я ўпрашу для цябе ласку такога ўнутранага жыцця, каб ты, не пакідаючы ўнутранай засяроджанасці, знешне выконвала ўсе свае абавязкі яшчэ больш старанна. Пастаянна прабывай з Ім у сваім сэрцы, Ён будзе тваёю сілаю; са стварэннямі кантактуй настолькі, наколькі гатага патрабуе неабходнасць і вымагаюць твае абавязкі. Ты — жытло, прыемнае Богу жывому, у якім Ён пастаянна з любоўю і задавальненнем прабывае, а жывая Божая прысутнасць, якую ты так выразна і жыва адчуваеш, умацуе цябе, дачка Мая, у тым, што Я табе сказала. (…) Ён сам табе дасць зразумець, якім чынам ты будзеш з Ім кантактаваць і яднацца» (Дз. 785).
Заўсёды імкнуцца да раўнавагі, як бы бурна ні складваліся абставіны. Не даваць сабе парушаць спакою і ўнутранай цішы. Нішто не можа параўнацца са спакоем душы. Калі б мяне ў чым-небудзь несправядліва папракалі, не апраўдвацца (…) Мая справа — усё прымаць з унутраным настроем пакоры» (Дз. 792).
Трэба нагадаць сабе, што адзіная прычына аддаць сябе Марыі — гэта тое, што Яна яднае нас са Сваім Сынам. Найсвяцейшая Панна Марыя нас вучыць сапраўднай любові да Бога і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх, адкрывае нам шлях да святасці праз цярплівасць, пакору, праўду, вернасць і прыняцце Божай волі. Сэрца гэтай добрай Маці ёсць сама любоў і міласэрнасць. А паколькі Яе адзіным жаданнем з’яўляецца наша шчасце, то дастаткова звярнуцца да Яе — і мы будзем выслуханы. «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае!»
Выкарыстаныя крыніцы: |