Святая сястра Фаўстына сэрцам, душою і розумам любіць Бога, яна нібыта
патанае ў Яго бязмежнай любові і міласэрнасці, асабліва калі праслаўляе
Бога ў Тройцы Святой Адзінага. На старонках яе духоўнага Дзённіка «Божая
міласэрнасць у маёй душы» можна знайсці шмат малітоўных заклікаў на
ўшанаванне і праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы.
«Будзь пахвалёная, о Найсвяцейшая Тройца, цяпер і ва ўсе часы. Будзь пахвалёная ва ўсіх справах і творах сваіх. Няхай будзе пахвалёная і праслаўлёная веліч Міласэрнасці Тваёй, о Божа» (Дз. 5).
«О Святая Тройца, будзь благаслаўлёная – Непадзельная, Адзіны Божа, - за гэты вялікі дар і тэстамэнт міласэрнасці. Езу мой, каб загладзіць перад Табою віну блюзнерцаў, я буду маўчаць, калі мяне будуць несправядліва папракаць, каб такім чынам хоць часткова Табе аддзячыць. У сваёй душы я нястомна спяваю Табе гімн, і ніхто пра гэта не здагадаецца і гэтага не зразумее. Спеў маёй душы вядомы толькі Табе, о Створца мой і Пане» (Дз. 81).
«Божа, у Тройцы Святой Адзіны, прагну Цябе так любіць, як яшчэ ні адна чалавечая душа Цябе не любіла, і хоць я надзіва мізэрная і маленькая, аднак якар свайго даверу я так глыбока запусціла ў бездань Тваёй міласэрнасці – Божа і Створца мой. Нягледзячы на сваю вялікую мізэрнасць, я нічога не баюся, але спадзяюся вечна спяваць песню хвалы. Няхай ніводная душа не сумняваецца – хоць бы і самая мізэрная, пакуль жыве, - кожная можа стаць вялікаю святою, бо вялікая моц Божай ласкі. Ад нас патрабуецца толькі не супраціўляцца Божаму дзеянню» (Дз. 283).
«О Найчысцейшая Любоў, ва ўсёй паўнаце валадар у маім сэрцы і дапамажы мне выканаць як найвярней Тваю святую волю» (Дз. 328).
«Найсвяцейшая Тройца, я давяраю Тваёй бясконцай міласэрнасці. Бог – мой Айцец, а значыць я, Яго дзіця, маю поўнае права на Яго Боскае Сэрца, і чым большая цемра, тым больш поўным павінен быць наш давер» (Дз. 357).
«О вечная і неспасцігальная Любоў, я прашу Цябе аб адной ласцы: асвяці мой розум святлом звысоку, дай мне зразумець і ацаніць усё адпаведна яго вартасці. Найбольшая радасць для маёй душы – спазнаваць праўду» (Дз. 410).
«О, якое вялікае хараство Тваё, Езу, Абраннік мой, жывы Квет жыватворны, у якім крыецца жыватворная раса для сасмяглай душы. У Табе патанула мая душа. Ты адзін – аб’ект маіх памкненняў і жаданняў, як мага цясней паяднай мяне з Сабою і з Айцом, і Духам Святым, я ў Табе хачу жыць і памерці» (Дз. 501).
«О мой Езу, я прагну цярпець і палаць агнём любові ва ўсіх падзеях жыцця. Я цалкам – Твая, о Езу, я хачу прапасці ў Табе, хачу згубіцца ў Тваім Боскім харастве. О Пане, Ты пераследуеш мяне сваёю любоўю, як прамень сонца, пранікаеш у мяне і пераўтвараеш цемру маёй душы ў сваю ясноту. Я добра адчуваю, што жыву ў Табе, як адна малая іскрынка, паглынутая неспасцігальным жарам, якім палаеш Ты, о неспасцігальная Тройца. Няма большай радасці, чым любоў Бога. Ужо тут, на зямлі, мы можам зведваць нябеснае шчасце праз цесную лучнасць з Богам – дзіўнае і часта неспасцігальнае для нас. Гэту самую ласку можна мець праз простую вернасць душы» (Дз. 507).
Няхай будзе Бог праслаўлены
«О Святая Тройца, у якой заключана ўнутранае жыццё Бога – Айца, Сына і Духа Святога, – спрадвечная радасць, неспасцігальная глыбіня любові, якая сплывае на ўсе стварэнні і ашчасліўлівае іх, пашана і хвала Твайму імені, на векі вечныя. Амэн.
Калі я спазнаю Тваю веліч і Тваю прыгажосць, о мой Божа, то невыказна радуюся, што Пан, якому я служу, такі вялікі; з любоўю і радасцю я выконваю Яго святую волю, і чым лепш Яго спазнаю, тым больш горача прагну Яго любіць. Мяне спальвае жаданне ўсё больш Яго любіць» (Дз. 525).
«О Святая Тройца, адвечны Божа, мой дух патанае ў Тваёй прыгажосці; вякі – нішто перад Табою, Ты заўсёды Той самы. О, якая вялікая Твая веліч. Езу, у чым прычына таго, што Ты хаваеш сваю веліч, што Ты пакінуў трон неба і прабываеш з намі? Пан адказаў мне: Дачка Мая, любоў Мяне прывяла і любоў Мяне затрымлівае. Дачка Мая, калі б ты ведала, якую вялікую заслугу і ўзнагароду мае адзін акт чыстай любові да Мяне, ты памерла б ад радасці. Я кажу гэта дзеля таго, каб ты пастаянна ядналася са Мною праз любоў, бо гэта – мэта жыцця тваёй душы; гэты акт заснаваны на акце волі. Ведай, што чыстая душа пакорная. Калі ты прыніжаешся і знясільваеш сябе перад Маёю веліччу, тады Я пераследую цябе сваімі ласкамі, выкарыстоўваю ўсемагутнасць, каб цябе ўзвысіць» (Дз. 576).
«О Святая Тройца, спрадвечны Божа, я прагну блішчэць у кароне Тваёй міласэрнасці, як маленькі камень, чыя прыгажосць залежыць ад Твайго промня святла і неспасцігальнай міласэрнасці. Усё, што прыгожае ў маёй душы, – гэта Тваё, о Божа, сама па сабе я заўсёды – мізэрнасць» (Дз. 617).
«О Святая Тройца, спрадвечны Божа, пашана і хвала Табе; няхай міласэрнасць, якая струменіць з Цябе, заслоніць нас ад Твайго справядлівага гневу. Няхай узносіцца пашана Тваёй неспасцігальнай міласэрнасці; О Божа, на ўсіх Тваіх справах ёсць знак Тваёй бяздоннай міласэрнасці» (Дз. 1007).
«Спрадвечная Любоў, Глыбіня міласэрнасці, о Траістая Святасць і адна Боскасць, у якой для ўсіх ёсць улонне любові, як добры Айцец, Ты не пагарджаеш нікім. О Божая Любоў, жывая Крыніца, праліся на нас, на Твае нягодныя стварэнні; няхай нашая мізэрнасць не стрымлівае патокаў Тваёй любові, бо для Тваёй міласэрнасці няма межаў» (Дз. 1307).
Сапраўды, Божая любоў і міласэрнасць Ягоная – бязмежныя. Бог у Тройцы Святой Адзіны – сама любоў, якая дакранаецца сэрца праз гэтыя малітвы, і таму ў душы нараджаюцца такія вершаваныя радкі:
Найвялікшы скарб – любоў, праслаўленне Святой Тройцы!
Сэрцам слаўлю і душой моц і веліч Бога-Творцы,
Бога-Сына – Збаўцу свету – й Духа ў святле жыцця,
Які шчыра суцяшае мяне – Божае дзіця!
Сэрца, поўнае любові, праслаўлення гімн спявае,
Толькі Табе, Божа, веру! Езу, Табе давяраю!
Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова
|