Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова моладзі: «Езус Эўхарыстычны ў маім жыцці»
Усяго патроху
26.05.2016 01:20

25 мая, другі дзень Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне, на схіле, а пасля ўрачыстай Імшы ў парафіі Найсвяцейшага Акупіцеля (у Дзевятоўцы), якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, і пасля малітвы праслаўлення моладзь выходзіць на вуліцу. На прыступках велічнай, але сучаснай святыні, якую хочацца назваць не касцёлам, а, каб было больш ёміста і трапна — цэлым «духоўным комплексам», размаўляю з моладдзю. Размаўляю пра Эўхарыстыю...

Чаму ж Ты схаваўся ў хлеб?

Іна, якая жыве ў Гродне больш за год і працуе з дзецьмі педагогам дадатковай адукацыі, кажа: «Эўхарыстыя — гэта Езус, Той, Хто мяне ратуе.

Аднойчы я спытала ў Бога: “Чаму Ты схаваўся ў хлеб? Няўжо Ты не мог прыдумаць які-небудзь іншы спосаб? Прынамсі, больш эстэтычны?” І Бог адкрыў мне такі вобраз: як у тканіну пранікае віно ці вада, так Ён хоча жыць у нас. Прабываць не толькі часова, але заўсёды хоча прабываць ува мне, у целе, у маёй крыві. Ён настолькі хоча быць ува мне, што дазволіў сябе спажываць. І гэта за Ім першае слова.

І я вельмі адчуваю розніцу ад таго, якой я заходжу ў касцёл і якой я з яго выходжу. Гэта зусім іншае. Праз Эўхарыстыю Бог узвышае мяне, адраджае ўва мне думкі, і я пачынаю менш прыгадваць пра сумневы і страхі, а думаць больш пра любоў і дабро, якое б магла ўчыніць.

Эўхарыстыя — гэта тое, што мяне змяняе».

Эўхарыстыя — самы просты спосаб, каб стаць блізка да Бога

Дзіяна, якая працуе год дзіцячым стаматолагам, дзеліцца ўспамінам пра першую сустрэчу з Езусам у Эўхарыстыі: «Сваю Першую Камунію я прыняла дастаткова позна — калі была ў восьмым класе. Гэта ў большасці з’яўлялася ініцыятывай брата, словы якога, што мяне прысаромелі, я ніколі не забудуся: "Сястра, а што ты будзеш рабіць, калі замуж будзеш выходзіць, таксама стыдоба такая будзеш?"

Тады я ўпершыню сур’ёзна задумалася над тым, што я ўжо такая вялікая, а да споведзі не хадзіла і не прымала Камуніі.

Нарэшце, я прыняла. А ўжо потым мяне Хрыстус вёў праз розныя сітуацыі, дзе я адыходзіла і зноў вярталася.

І таму для мяне Эўхарыстыя — гэта самы просты спосаб, каб наблізіцца да Бога. Прасцей для мяне ўжо нічога не існуе.

Мы можам штодня маліцца, але каб спаўна адчуць Бога, трэба Яго прыняць».

Найбольшае, што можа чалавек атрымаць у жыцці

«Эўхарыстыя мне вельмі дапамагае пазнаваць Бога. Праз Эўхарыстыю я атрымліваю больш сіл, каб жыць у штодзённасці. У сучасным свеце ўвесь час губляеш тую сілу адчуваць Бога, але калі ты знаходзішся на Імшы, то атрымліваеш тое, што дапамагае дажыць да наступнай Імшы. І такім чынам падчас кожнай Імшы кожны атрымлівае Ласку, якая з’яўляецца найбольшым, што чалавек можа атрымаць у сваім жыцці.

Мая ж Першая Камунія была 23 мая 2009 года. Я памятаю, што быў сонечны дзень, а якраз праз год – 22 мая — памятаю, як была Першая Камунія ў дзяцей на год меншых за нас, а мы былі міністрантамі і прыгадвалі сваю.

На гэтай Імшы быў біскуп, які сказаў: “Нават гэтыя маленькія міністранты памятаюць, што ў іх год таму была Камунія. І на іх трэба раўняцца”. Гэтыя словы мне запомніліся на ўсё жыццё», — падзяліўся Павел Тодрык, якому 16 гадоў і які вучыцца ў 10 класе, а ў будучыні марыць стаць інжынерам-будаўніком.

«Я таксама памятаю свой першы дзень Камуніі, — распавёў наступны хлопец, які ішоў па лесвіцы святыні, — Гэта было 27 мая тры гады таму».

«Я магу сказаць, што Езус вельмі важны для мяне, і прымаць Яго штодня для мяне таксама вельмі важна. Цяжка пражыць дзень без Бога».

— Ты штодня ходзіш на святую Імшу? — пытаюся я ў гэтага хлопца, якога завуць Валерый Красілевіч, якому трынаццаць гадоў і ён вучыцца ў 7 класе.
— Так, амаль.
— Напэўна, ты міністрант? — стараюся здагадацца.
— Так, — адказвае хлопец.
— Ты, магчыма, марыш стаць святаром? — так і карціць спытаць.
— Так, кожнаму б, думаю, хацелася стаць святаром, але гэта яшчэ толькі потым можа адбыцца.

Пабачым, праз колькі гадоў і дзякуючы каму павялічыцца войска працаўнікоў жніва, якія працягнуць важную справу Таямніцы эўхарыстычнага хлеба. Таго Хлеба, які перамяняе жыццё тых, хто шукае Праўды і трымаецца Любові...

Размаўляла Аксана Ючкавіч
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.