«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Найсвяцейшае Сэрца Езуса — крыніца любові і палымнеючае вогнішча міласці |
Усяго патроху |
10.06.2016 00:46 |
Любоў, толькі любоў, любоў, якая не мінае, а трывае праз вякі, — толькі такая любоў здольная змяняць свет. Любоў, якою палымнее Божае Сэрца, чыніць цуды ў душах людзей. Любоў знішчае страх, неспакой і нават роспач. Любоў і міласэрнасць – адзінае цэлае, таму што немагчыма рабіць учынкі міласэрнасці, не маючы ў сэрцы любові да Бога і бліжняга. Калі чалавек робіць нейкую добрую справу толькі з прымусу, а любові ў сабе не мае, то гэта будзе толькі выкананнем чарговага абавязку, а не ўчынкам міласэрнасці. Сам Езус Хрыстус павінен быць для кожнага з нас прыкладам сапраўднай любові і міласэрнасці, таму што Бог ёсць любоў. А любоў не можа гневацца, не можа ненавідзець, не можа абгаворваць бліжніх, яна не можа жадаць ім зла альбо чыніць супраць бліжняга грэх.
Чалавек па-сапраўднаму шчаслівы толькі тады, калі цалкам давярае Богу і ў сваім жыцці кіруецца Божым загадам любові.
Езус называе сястру Фаўстыну дачкою і звяртаецца да яе, кажучы: «Дачка Мая, Я прагну, каб тваё сэрца было сфармавана на ўзор Майго міласэрнага сэрца. Ты ўся павінна быць прасякнута Маёю міласэрнасцю» (Дз. 167). У дзень аднаўлення манаскіх абяцанняў сястра Фаўстына яшчэ з самай раніцы адчувала, што яе «дух цалкам патануў у Богу, у гэтым акіяне любові». Яна вельмі яскрава распавядае пра з’яднанне з Езусам, Сэрца якога – палымнеючае вогнішча міласці. «Пасля аднаўлення манаскіх абяцанняў і святой Камуніі я раптам убачыла Пана Езуса, які сказаў мне ласкава: Дачка Мая, глядзі на Маё міласэрнае сэрца. Калі я ўгледзелася ў гэта Найсвяцейшае Сэрца, выйшлі тыя самыя прамяні, якія ёсць на гэтым абразе, — як кроў і вада, і я зразумела, якая вялікая міласэрнасць Пана. І зноў Езус ласкава прамовіў: Дачка Мая, гавары святарам пра гэтую Маю неспасцігальную міласэрнасць. Мяне спальвае полымя міласэрнасці, Я хачу выліваць яе на душы, [але] душы не хочуць верыць у Маю дабрыню» (Дз. 177). На жаль, і да сённяшняга дня шмат людзей не хочуць верыць у дабрыню і міласэрнасць Божую, у тое, што Бог не стамляецца прабачаць, калі чалавек Яго аб гэтым шчыра просіць і вызнае грахі ў сакрамэнце пакаяння.
Некаторым людзям здаецца, што за ўсё сваё жыццё яны столькі грахоў учынілі, што Бог ім ніколі ўжо не прабачыць, таму жывуць, не маючы надзеі на прабачэнне і прымірэнне, не вераць у тое, што міласэрнасць Божая нашмат большая, чым уся тая бездань грахоў, у якой прабывае душа. «У цяжкія хвіліны я буду ўглядацца ў распятае і ціхае Сэрца Езуса на крыжы, а ў палыхаючым полымі з Яго міласэрнага Сэрца сыйдзе да мяне моц і сіла для змагання» (Дз. 906), — заўважае сястра Фаўстына.
У сваім духоўным Дзённіку «Божая міласэрнасць у маёй душы» яна аднойчы нават запісала размову – дыялог міласэрнага Бога з душою ў роспачы (Дз. 1486). Гэтыя словы Езуса, скіраваныя да святой Фаўстыны, Бог сёння кажа і кожнаму з нас. Сэрца Езуса, ціхае і пакорнае, чакае кожнага, а асабліва тых, каму найбольш патрэбная Божая міласэрнасць: грэшнікаў, якія яшчэ не сустрэлі Бога і не спазналі Ягонай любові, а таксама людзей хворых, самотных, старых, слабых, пакінутых…
Езус Хрыстус казаў сястры Фаўстыне: «З усіх Маіх ранаў, як са струменяў, сплывае міласэрнасць для душаў, але рана Майго сэрца з’яўляецца крыніцаю неспасцігальнай міласэрнасці; з гэтай крыніцы струменяць усялякія ласкі для душаў. Мяне спальвае агонь літасці, Я прагну праліць яго на людскія душы. Кажы ўсяму свету пра Маю міласэрнасць» (Дз. 1190). Наказ Езуса – распавядаць пра міласэрнасць Ягоную – актуальны на сённяшні дзень, гэтае заданне Ён дае кожнаму з нас, асабліва цяпер, калі ў сучасным свеце няма супакою ў сэрцах людзей і ў адносінах паміж людзьмі, калі перажываем крызіс веры і не маем надзеі, калі паўсюдна бачны недахоп любові, сапраўднай любові, якой вучыць нас Езус Хрыстус – любові, якая аддае сябе, якая ахвяруецца сабою дзеля дабра бліжніх.
З Божаю дапамогаю праз сакрамэнт пакаяння трэба ачысціць сэрца і душу ад усялякіх неўпарадкаваных схільнасцяў, грахоў, занядбанняў і чыстым сэрцам прыняць Божую любоў у сакрамэнце святой Эўхарыстыі, каб трываць у гэтай любові і шчодра дзяліцца ёю з бліжнімі. Таму трэба менавіта сёння адкрыць сэрца на Божую любоў, як гэта некалі зрабіла святая сястра Фаўстына, з глыбокім даверам звяртаючыся да Езуса словамі такой цудоўнай малітвы: «Езу мой, прасякні ўсю мяне, каб я магла адлюстраваць Цябе ўсім сваім жыццём. Абагаві мяне, каб мае ўчынкі мелі звышнатуральную каштоўнасць. Учыні так, каб да кожнай душы, без выключэння, ува мне была любоў, літасць і міласэрнасць. О мой Езу, кожны з Тваіх святых адлюстроўвае ў сабе адну з Тваіх цнотаў. Я прагну адлюстраваць Тваё літасцівае і поўнае міласэрнасці Сэрца, я хачу яго праславіць. О Езу, няхай Твая міласэрнасць будзе адціснута, як пячатка, на маім сэрцы і на маёй душы – гэта будзе маёю адзнакаю ў гэтым і будучым жыцці. Праслаўленне Тваёй міласэрнасці – выключнае заданне майго жыцця» (Дз. 1242).
Святая сястра Фаўстына ўсёю сваёю істотаю – сэрцам, розумам, душою – нібыта спявае гімн праслаўлення і хвалы Божаму Сэрцу (Дз. 1321): Будзь прывітана, найміласэрнае Сэрца Езуса,
Таму і нам, слабым грэшным людзям, так патрэбна сёння ў глыбокай пакоры наблізіцца да Крыжа, перапрашаючы Бога за ўсе ўчыненыя знявагі, і ўзірацца ў чыстае Сэрца Збаўцы, з глыбіні якога выплылі Кроў і Вада, як крыніца міласэрнасці да нас і да ўсяго свету. |