Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: малітва праслаўлення і падзякі — дыялог любові
Усяго патроху
24.06.2016 00:00

Калі я апошні раз дзякаваў Богу? Калі праслаўляў Яго? Гэтыя пытанні павінен задаць сабе сёння кожны, а асабліва веруючы практыкуючы хрысціянін.

Вядома, што, калі стаць у праўдзе перад уласным сумленнем, то адказы ў кожнага будуць розныя. Хтосьці заўсёды пачынае новы дзень з падзякі Добраму і Міласэрнаму Богу за ўсе атрыманыя ад Яго дары і ласкі, а таксама дзякуе за тое, чаго не мае, бо ведае дакладна, што ўсім кіруе Бог у сваім цудоўным Провідзе. Але, на жаль, ёсць людзі, якія проста забываюцца дзякаваць Богу. Жывуць так, як быццам Бога няма. Напэўна, яны ўспрымаюць усё тое добрае, што ёсць навакол іх, усё, што з імі адбываецца, усе свае дасягненні толькі як нейкую рэальнасць, якую ствараюць самі, альбо як выпадак – «сцячэнне абставін». Такія людзі, мабыць, думаюць, што яны самі кіруюць светам і ўсё могуць учыніць без дапамогі Бога Усемагутнага. Той, хто так разважае, дакладна памыляецца, таму што сам Хрыстус кажа: «…без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5).

Тыя ж, хто свядома прымае ўдзел у святой Імшы, прычым не толькі ў нядзелю і святочныя дні, але і сярод звычайнай штодзённасці, добра разумеюць, што Эўхарыстыя — гэта падзяка Усемагутнаму Богу, які свайго Сына Адзінароднага аддаў, каб свет быў збаўлены праз Яго. Эўхарыстыя — гэта ахвяра любові, якая штодня здзяйсняецца на алтарах усяго свету. Целебрацыя святой Імшы — гэта найвышэйшая форма падзякі і праслаўлення Бога за Яго найвялікшыя Дары — святое Цела і найдаражэйшую Кроў Хрыста-Збаўцы.

Святая Імша — гэта сапраўды вялікая ахвяра, якая ратуе гэты грэшны свет, дае слабаму грэшніку надзею на збаўленне. Таму варта дзякаваць Богу Усемагутнаму не толькі словамі, але і душою і сэрцам, калі прымаем святыя Дары ў сакрамэнце Эўхарыстыі.

Сястра Фаўстына Кавальская заўсёды старалася яднацца з Богам у святой Эўхарыстыі, прычым яднацца не толькі на ўзроўні розуму, але і да глыбіні душы і сэрца. У сваім духоўным Дзённіку яна цудоўна апісвае момант паяднання з Хрыстом у Найсвяцейшым Хлебе (гл. Дз. 1393):

«Езу, асалода душы маёй, анёльскі Хлебе,
Уся істота мая ў Табе патанае,
І жыву я Тваім Боскім жыццём, як выбраныя ў небе,
А сутнасць гэтага жыцця нават смерць не спыняе.

Езу, Ты — Эўхарыстыя, несмяротны Божа,
Ты пастаянна ў сэрцы маім прабываеш,
Калі Ты ўва мне, то сама смерць мне зашкодзіць не можа, —
Так мне кажа любоў, што ў канцы жыцця я Цябе ўбачу.
Напоўненая Тваім Боскім жыццём,
Гляджу я спакойна ў нябёсы, для мяне адкрытыя,
А смерць, прысаромленая, пойдзе ні з чым,
Бо Тваё Боскае жыццё ёсць у маёй душы.

І хоць па волі Тваёй святой, о Пане,
Смерць павінна крануць маё цела,
Я прагну: няхай развязка хутчэй настане,
Бо праз яе я ўвайду ў вечнае жыццё.

Езу, Эўхарыстыя, жыццё душы маёй,
Ты ўзвысіў мяне да сфераў спрадвечных,
Праз муку і кананне ў страшнай пакуце».


Святая Фаўстына сэрцам праслаўляе Бога, не наракае на цяжкія пакуты, якія яе напаткалі. Бо ведае, што любоў павінна раздзяляць не толькі радасць, але і несці крыж выпрабаванняў, якія сустракае. «Сутнасць любові — ахвяра і цярпенне. Праўда ходзіць у цярновым вянку…» (Дз. 1103).

Тым больш, што Езус Хрыстус выразна кажа: «Хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мной, не можа быць Маім вучнем» (пар. Лк 14, 27).

Галоўнае — у сэрцы мець любоў! І ў радасныя хвіліны, і ў хвіліны смутку толькі любоў надае сэнс усяму, што існуе, існавала і будзе існаваць, бо найвялікшая запаведзь, на якой усё грунтуецца, — гэта любоў да Бога і бліжняга.

Сястра Фаўстына — шчаслівая, бо ў яе сэрцы схаваны найкаштоўнейшы скарб: яе сэрца перапоўнена любоўю да Бога. «О Езу мой, Ты ведаеш, Ты адзін добра ведаеш, што маё сэрца не знае іншай любові, апроч любові да Цябе. Уся мая дзявочая любоў навекі патанула ў Табе, о Езу. Я добра адчуваю, як Твая Боская кроў цячэ ў маім сэрцы; няма ніякага сумнення, што разам з Тваёю найсвяцейшаю крывёю ў маё сэрца ўвайшла Твая найчысцейшая любоў. Я адчуваю, што Ты жывеш ува мне з Айцом і Духам Святым, а дакладней, я адчуваю, што я жыву ў Табе, о Божа неспасцігальны. Я адчуваю, што раствараюся ў Табе, як адна кропля ў акіяне. Адчуваю, што Ты — каля мяне і ўнутры мяне, адчуваю, што Ты — ва ўсім, што мяне акружае, ва ўсім, што мяне спасцігае. О мой Божа, я спазнала Цябе ўнутры свайго сэрца і палюбіла Цябе больш за ўсё, што толькі існуе на зямлі ці ў небе. Нашы сэрцы разумеюць адно аднаго, а ніхто з людзей гэтага не спасцігне» (Дз. 478).

І цудоўныя словы малітвы-падзякі ўзносяцца да Бога з глыбіні сэрца святой Фаўстыны:

«Дзякуй Табе, Божа, за ўсе Твае ласкі,
Якімі нястомна мяне абсыпаеш,
Якія мне свецяць, як сонца ў бляску,
Праз іх Ты мне шлях пазначаеш.
Дзякуй Табе, Божа, што мяне Ты стварыў,
Што паклікаў мяне да жыцця з нябыту,
І свой Боскі знак на ім учыніў,
І што робіш Ты гэта толькі з любові.

Дзякуй Табе, Божа, за хрост святы,
Які паяднаў мяне з Божай сям’ёю.
Гэта велічны дар Тваёй ласкі,
Які нашыя душы перамяняе.

Дзякуй Табе, Пане, за споведзь святую,
За гэты струмень нязводны
Тваёй міласэрнасці невычэрпна-вялікай,
За крыніцу ласкаў неспасцігальную,
У якой адбельваюцца душы, грахом заплямленыя.

Дзякуй Табе, Езу, за Камунію святую,
У якой Ты даеш нам сябе самога.
Я адчуваю, як Тваё Сэрца ў маіх грудзях б’ецца,
Як жыццё Божае Ты сам ува мне развіваеш.

Дзякуй Табе, Духу Святы, за канфірмацыі сакрамэнт,
Які мяне ў Твае рыцары пасвячае,
Дае сілу душы ў кожны момант
І ад усяго злога засцерагае.

Дзякуй Табе, Божа, за паклікання ласку
Для служэння выключна Табе.
Для душы маёй — гэта гонар вялікі,
Што даў Ты магчымасць любіць толькі Цябе.

Дзякуй Табе, Пане, за вечныя абяцанні,
За гэтую сувязь чыстай любові,
За тое, што злучыў сваё чыстае Сэрца з маім,
За Тваё жаданне паяднаць нашыя сэрцы повяззю беззаганнай.

Дзякуй Табе, Пане, за намашчэння сакрамэнт,
Які будзе ўмацоўваць мяне ў апошняй хвіліне
Для змагання і дапаможа ў збаўленні,
І дасць сілы душы для радасці вечнай.

Дзякуй Табе, Божа, за ўсе натхненні,
Якімі Твая дабрыня мяне абсыпае,
За гэтыя ўнутраныя душы азарэнні,
Якіх выказаць нельга, толькі сэрца іх адчувае.

Дзякуй Табе, Тройца Святая, за гэтую безліч ласкаў,
Якімі Ты ўсё жыццё нястомна мяне абсыпаеш.
Мая ўдзячнасць памножыцца, калі святло вечнае завітае,
Калі я ўпершыню запяю на хвалу Тваю, Пане» (Дз. 1286).

Бог не стамляецца адорваць нас сваімі шчодрымі дарамі і ласкамі, але ці заўважае звычайны чалавек прысутнасць Божую ў сваім штодзённым жыцці — вось якое паўстае пытанне.

А калі вернікі прыходзяць у касцёл і просяць цэлебраваць святую Імшу ў нейкай пэўнай інтэнцыі, то вядома, што найчасцей гэта розныя просьбы, скіраваныя да Пана Бога: альбо аб здароўі для сябе і сваіх родных, альбо для душаў, церпячых у чысцы, аб вечным супакоі. Але ж наколькі часта прыходзім мы ў святыню, каб прыняць святую Камунію ў інтэнцыі падзякі за атрыманыя ласкі, за ўсё тое дабро, якое Бог здзяйсняе ў нашым штодзённым жыцці?

Шчаслівы, благаслаўлёны той, хто на Бога ўскладае надзею сваю, слухае слова Божае, прымае сэрцам і выконвае яго і не закрывае сэрца сваё на падзяку і праслаўленне. Чым больш чалавек дзякуе і праслаўляе Бога за любоў і міласэрнасць Ягоную, тым больш атрымлівае са скарбніцы Божай любові — з Найсвяцейшага Сэрца Езуса — з крыніцы збаўлення.

Пры разважанні над гэтымі праўдамі хрысціянскага жыцця ў душы нараджаецца верш-малітва праслаўлення і падзякі:

Усемагутны Хрысце, Валадар спакою!
Міласэрны Хрысце, Валадар любові!
Ты — мой Збаўца, Хрысце, Валадар адзіны!
Праслаўляю сэрцам Твае святыя чыны.
Сёння праслаўляю я Імя Святое,
Дзякую Табе я за жывое Слова,
За дары бязмежныя — дары Святога Духа,
Дзякую за тое, што вучыш мяне слухаць —
Слухаць Божы голас, прымаць яго сэрцам…
Я ўдзячна, Хрысце, за Тваю міласэрнасць!!!

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.