Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці можа католік наведваць «Фестываль фарбаў Холі»?
Усяго патроху
13.06.2016 08:41

Так званыя «color-фэсты», або «Фестывалі фарбаў Холі», апошнім часам сталі даволі папулярнымі ў Беларусі. Як правіла, падчас іх праводзяцца выступленні розных музычных гуртоў, конкурсы, а моладзь і дарослыя абсыпаюцца спецыяльнымі фарбамі розных колераў. Здаецца, што гэта чарговы бяскрыўдны спосаб правесці вольны час. Але не ўсё так проста.

Раней да падобных фестываляў я ставілася нейтральна. Ну і што, абсыпаюцца людзі фарбамі, слухаюць музыку — словам, проста адпачываюць вось такім чынам.

Але маё стаўленне хутка змянілася. Пасля таго, як я даведалася, што фестываль мае індуісцкае паходжанне.

«Холі», або фестываль фарбаў, — гэта штогадовы індуісцкі фестываль вясны...

Гісторыя фестывалю

Ёсць некалькі версій узнікнення гэтага свята. Яны звязаны з рознымі абласцямі Індыі. Адной з самых вядомых версій з’яўляецца індуісцкі міф аб тым, як Шыва спаліў сваім поглядам Каму. А ў паўночнай частцы Індыі ўзнікненне гэтага свята звязваюць з легендамі аб Крышне і яго гульнях з гопі.

Паводле самай распаўсюджанай версіі, свята звязана з індуісцкім міфам аб праціўніцы Вішну — дэманіцы Халіцы. Менавіта ў гонар Халікі названа свята «холі».

Свята ўстаноўлена ў гонар спальвання жыўцом Халікі — дэманіцы з індуісцкага язычніцкага пантэона. Абсыпанне сябе фарбамі падчас свята сімвалізуе абсыпанне сябе попелам ад вогнішча гэтай дэманіцы.

У індуісцкай традыцыі фестываль праходзіць у пачатку вясны і працягваецца два-тры дні. У першы дзень фестывалю вечарам распальваецца вогнішча, на якім спальваецца пудзіла або ўпрыгожанае дрэва, якое сімвалізуе спальванне Холікі. У гэты вечар праводзіцца таксама прагон жывёлы праз агонь і хаджэнне па раскаленым вуголлі.

У другі і трэці дзень свята арганізоўваецца шэсце, падчас якога ўдзельнікі абсыпаюць адзін аднаго каляровым парашком, паліваюць падфарбаванай вадой і брудам. Абраднасць свята ўтрымлівае архаістычныя элементы.

Вопыт суседзяў

Летам мінулага года місіянерскі аддзел Чалябінскай Мітраполіі Рускай Праваслаўнай Царквы змясціў на сваім сайце зварот, у якім была звернута ўвага на духоўную небяспеку «Фестывалю фарбаў Холі».

«Фестываль праводзіцца па ініцыятыве і пры ўдзеле “Міжнароднага грамадства свядомасці Крышны”, якое аўтарытэтныя спецыялісты лічаць адным з самых небяспечных таталітарна-дэструктыўных культаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі Расіі», — гаворыцца ў заяве.

Напрыклад, у 2005 годзе ў Маскве свята фарбаў Холі праводзілі індуісты і крышнаіты. У 2014 годзе ў Сургуце фестываль быў напрамую арганізаваны крышнаітамі, якія раздавалі ідалаахвярныя пірожныя і прасілі спяваць «Хары Крышна!». Тое ж адбывалася ў Таганрогу і Новакузнецку.

У Беларусі

У Беларусі фестываль фарбаў Холі пачалі праводзіць у мінулым годзе. Ён ужо праводзіўся некалькі разоў у Мінску, Гродне, Лідзе, Брэсце і некаторых іншых гарадах.

Зусім хутка ў Мінску будзе праводзіцца такі фэст. Хто яго арганізуе? Аказалася, што індывідуальны прадпрымальнік, які «прывёз гэты фэст з Расіі». Ва ўсялякім разе, так гэта афішыруецца. Падчас тэлефоннай размовы ён запэўніваў мяне, што ніякім чынам не звязаны з крышнаітамі, а фестываль выключна «міжнародны музычны».

Але, як правіла, арганізатары фестывалю прыхоўваюць яго духоўны падтэкст або да канца не разумеюць...

На дадзены момант мінскі коларфэст стаў ужо называцца Colormadness. Арганізатары прапаноўваюць ужо не проста абсыпацца фарбамі холі, а аблівацца вадкімі фарбамі пад электронную музыку. Вядома, што сярод выканаўцаў будуць гурты ў стылі тэхна. Мы ўжо змяшчалі сведчанне Леха Докавіча з Польшчы, у якім ён распавядае пра небяспеку такой музыкі.

Ці можна наведваць такі фэст?

Як кажуць арганізатары, «фестываль фарбаў Холі» мае выключна забаўляльны характар. Але ці так гэта насамрэч і ці можа хрысціянін удзельнічаць у такіх фестывалях?

«Мы ведаем першую запаведзь: не будзеш мець ніякіх багоў апроч Мяне. У гэтым свяце мы пакланяемся іншаму Богу. Гэта не з’яўляецца забавай. Не трэба забаўляцца нейкімі чужымі традыцыямі, таму што раней ці пазней гэта прывядзе да духоўнага зняволення», — заўважае кс. Ян Кучынскі.

Выява Холікі - індуісцкай дэманіцы, у гонар якой устаноўлена свята фарбаў Холі

«Я думаю, што ўсё так зроблена, каб зацягнуць чалавека ў секту. Усё, звязанае з Усходам, з усходнімі павевамі, з’яўляецца небяспечным», — падкрэслівае кс. Аляксандр Фаміных, святар, які праводзіць малітвы вызвалення ад уплыву зла.

Канешне, Бог кожнаму з нас даў свабоду выбару. Таму кожны мае права вырашаць: ісці або не ісці на такі фестываль. Але варта задаць сабе пытанні:

  • Навошта мне, як хрысціяніну, абсыпацца каляровымі фарбамі і тым самым несвядома ўсхваляць дэманічныя сілы, рызыкуючы стаць зняволеным злом?
  • Навошта мне, як хрысціяніну, падвяргаць сябе духоўнай небяспецы, слухаючы музыку тэхна?
  • І ўвогуле, калі я выбіраю Хрыста як свайго Збаўцу, навошта мне «гуляцца» з іншымі багамі?

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.